Беларуская Служба

У 2023 годзе ў Супрасьльскім манастыры адбудуцца тры важныя юбілеі

19.12.2022 17:12
Аб гэтым паведамляе Віталь Луба ў аглядзе тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
 51
Ніва №51http://niva.bialystok.pl/

Ёсць у Беластоку хаб «Новая зямля»! – піша Міра Лукша.

– Асноўнымі накірункамі дзейнасці хаба з'яўляюцца развіццё грамадска-палітычнай актыўнасці, адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы: каворкінг, творчыя і адукацыйныя праекты, даволі маштабныя імпрэзы, арганізацыя вольнага часу для дзяцей і дарослых і ўсё, што беларусы палічаць патрэбным на карысць сабе і Бацькаўшчыне. Памяшканне хаба знаходзіцца ў цэнтры горада, непадалёк ад аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў. Да нядаўна былі там крамы, більярдны клуб. Там дзве вялікія залы, адрамантаваныя, з клубнай мэбляй. Плошча хаба каля 120 м2. Яго стваральнікі – Зміцер Антончык і Надзея Салаўёва. «Новая зямля» зарэгістравана як недзяржаўная арганізацыя ў Польшчы 30 верасня гэтага года. Сваёй місіяй хаб бачыць захаванне самаідэнтычнасці беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь або часова пражываюць у Беластоку.

Гэта не першая тут прастора для беларусаў. Зміцер Атончык патлумачыў, што новаствораная пляцоўка дазволіць праводзіць мерапрыемствы з большай колькасцю людзей – канцэрты, майстар-класы, прэзентацыі, выставы, семінары, працу з дзецьмі. Асноўная мэта – гэта прадставіць пляцоўку для любых беларускіх ініцыятыў, якія захочуць развівацца. Былі размовы з Уладзімірам Арловым і магчыма будзе нядзельная гістарычная школка для дзяцей. У Беластоку жыве прыблізна 15 тысяч беларусаў, гэта другі пасля Варшавы горад, але ў Беластоку шчыльнасць беларусаў нават большая, чым у Варшаве. Таму стварэнне прасторы вольных беларусаў было неабходнае – лічаць заснавальнікі хаба «Новая зямля».


Дзень Герояў гэта дзень Слуцкага збройнага чыну ― узброенага паўстання 1920 года супраць бальшавікоў за Беларускую Народную Рэспубліку, – піша Уршуля Шубзда.

– Падзея стала ўшаноўвацца беларусамі ўжо пасля распаду Савецкага Саюза. Усё часцей гісторыкі звяртаюцца да падзей таго часу, раскрываецца праўда і значэнне змагання нашых продкаў за сваю незалежнасць. Яшчэ ў 2013 годзе Алесь Краўцэвіч, Анатоль Міхнавец і Алег Латышонак заклікалі «ўсіх, хто носіць імя беларуса, годна святкаваць гэты Дзень, успамінаць нашых Герояў і штогод ставіць у акне свечку. Няхай яе агеньчык сігналіць змагарам, што ў гэтай хаце помняць пра Чын». У Беластоку ў Гістарычным клубе ォBeer&Historyサ, які адкрылі беларускія эмігранты, праходзяць лекцыі па гісторыі з самымі лепшымі лектарамі. Іх арганізатар Алесь Кіркевіч лічыць, што Слуцкі збройны чын абсалютна недаацэнены ў гісторыі Беларусі, у беларускім патрыятычным календары. Тая дата актуальная, бо зараз шмат у чым паўтараюцца падзеі стагадовай даўніны – урад у выгнанні, войскі беларускія па-за межамі дзяржавы, свая краіна занятая чужымі людзьмі. Зараз добры час, каб заняцца гэтай тэмай глыбей.

Радныя Падляшскага самаўрадавага сейміка рашылі, што ў 2023 годзе будуць адзначацца тры важныя юбілеі, звязаныя з Супрасльскім рукапісам – адным са старэйшых помнікаў славянскага пісьменства: тысячагоддзе яго існавання, пяцьсотгоддзе прыходу ў Супрасльскі манастыр і двухсотгоддзе знаходжання кодэкса Міхалам Баброўскім у манастыры, – піша Радаслаў Маціевіч.

– Ініцыятыва зʼяўляецца адказам на просьбу архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Якуба. Ушанаванне гэтага каштоўнага помніка кірылічнага пісьменства і стараславянскай мовы стане добрай нагодай прадставіць яго гісторыю і змест шырокаму грамадству. У рамках урачыстасцей запланавана выданне перакладу «Супрасльскага рукапісу» на польскую мову і выданне брашуры для азнаямлення з помнікам самых маладых. Таксама ўзнікнуць тры каменныя скульптуры – пюпітры з раскрытай кнігай. Яны будуць знаходзіцца ў Супраслі, дзе захоўваўся рукапіс, у Вульцы-Выганоўскай, адкуль родам адкрывальнік і даследчык рукапісу праф. Міхал Баброўскі, і ў Беластоку – сталіцы ваяводства. Навуковая каштоўнасць Супрасльскага рукапісу заключаецца ў тым, што гэта самая ранняя і важнай крыніцай стараславянскай мовы.


Белавежскі асяродак культуры пад канец лістапада наладзіў адмысловую беларускую вечарыну, у якой прынялі ўдзел вучні і настаўнікі мясцовай школы і Гайнаўскага белліцэя, – піша Аляксей Мароз.

– У канцэртнай зале перад публікай выступіла малодшая група вакальнага калектыву «Сунічкі» з белавежскай школы, якой мастацкім кіраўніком зʼяўляецца настаўніца беларускай мовы Анджаліна Масальская. З жартоўнай пастаноўкай «Рэха рэформ» запрэзентаваліся гайнаўскія белліцэісты са школьнага тэатральнага калектыву «Драма». Больш за дваццаць гадоў працуе з ім настаўнік беларускай мовы Ян Карчэўскі, які зʼяўляецца таксама сцэнарыстам і рэжысёрам пастаноўкі. Дырэктар Белавежскага асяродка культуры Марк Зубрыцкі, які ладзіць беларускія мерапрыемствы здаўна, патлумачыў, што на вячорках у асяродку культуры распаўсюджваецца беларускае слова сярод жыхароў Белавежскай гміны. Наведвальнікаў заўсёды частуюць стравай мясцовай беларускай кухні. Сёлета частавалі бульбяной бабкай.

Віталь Луба

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы