Беларуская Служба

Больш за два гады ў розных краінах свету дзейнічаюць так званыя Народныя пасольствы Беларусі

27.12.2022 18:14
Гэта нефармальныя структуры, якія стараюцца вырашаць на месцы праблемы беларусаў, якім прыйшлося з’ехаць з радзімы.
Аўдыё
  • Праца народных пасольстваў
Białoruskie MSW uznało za symbolikę nazistowską hasło opozycji Żywie Biełaruś
Białoruskie MSW uznało za "symbolikę nazistowską" hasło opozycji "Żywie Biełaruś!"Svet foto / Shutterstock.com

У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды двух гадоў працы народных прадстаўніцтваў беларусаў за межамі Беларусі. Народныя пасольствы былі створаныя 10 снежня 2020 года ў якасці адказу на некампетэнтнасць, а нават амаль што сыход у падполле афіцыйных дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржавы. Беларусы замежжа ўбачылі, што іх інтарэсы за мяжой радзімы ніхто не прадстаўляе, ім няма куды звярнуцца, калі ўзнікаюць нейкія праблемы.

Адным з актыўных удзельнікаў структуры стаў прафесійны дыпламат, шматгадовы пасол Беларусі за мяжой, між іншым у Польшчы, стваральнік Беларускага антыкрызіснага ўпраўлення, а цяпер прадстаўнік Пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай Павел Латушка. На ягоную думку, Народныя пасольствы вядуць сістэмную працу, а злачынную сістэму, якую стварылі ўлады Беларусі, можа перамагчы толькі іншая, дэмакратычная сістэма.

- Калі б сёння была пастаўлена такая задача, мы ў стане забяспечыць функцыянаванне пасольстваў Беларусі за мяжой тымі кадрамі, якія назапашаныя за два гады. Гэта Народныя пасольствы, гэта выпускнікі курсаў, адкрытых па нашай просьбе ў Варшаўскім універсітэце, гэта некалькі сотняў беларускіх дыпламатаў, якія звольніліся самі і якіх звольніў рэжым. У нас ёсць установы, якія практычна сталі ўжо прафесійнымі дыпламатычнымі структурамі. Мы таксама камунікуем з дыпламатамі, якія не звольніліся, але могуць увайсці ў нашы структуры. Высілкамі дэмакратычных сілаў наш голас больш чутны і прымальны за мяжой, чым голас Лукашэнкі. Гэта заслуга, між іншым, Народных пасольстваў, якія камунікуюць з афіцыйнымі ўладамі іншых краін.

Народныя прадстаўніцтвы працуюць на ўзроўні дзяржаўнай камунікацыі з палітыкамі розных краін. Часта прадстаўнікі народных пасольстваў суправаджаюць дэлегацыю Святланы Ціханоўскай падчас яе візітаў і сустрэчаў з высокапастаўленымі палітыкамі, аб чым распавяла актывістка народнага консульства ў Шатландыі Ірына Маклейн. Яна адзначыла, што дзверы ў свет вялікай палітыкі ім адчыніла жаданне падтрымаць аднаго з беларускіх палітзняволеных.

- Мы з’яўляемся звяном паміж камандай НАУ, офісам Святланы Ціханоўскай і палітыкамі розных краін. Наша консульства пачалося з наіўнай ідэі падтрымаць палітзняволенага Аляксандра Івуліна футбольным матчам. Гуляла каманда мастакоў Шатландыі з камандай беларускай дыяспары. Другі матч быў з парламентарыямі шатландскага парламенту. Пасля гэтага была створаная група сяброў Беларусі ў парламенце Шатландыі. І цяпер многія ў Шатландыі падтрымліваюць палітзняволеных, а нам гэта адчыніла дзверы ў свет вялікай палітыкі.

Прадстаўніца народнай амбасады ў Славеніі Аляксандра Мамаева распавяла пра выпадак дапамогі беларусу, які быў аб’яўлены ў крымінальны вышук і адзначыла, што адна з галоўных задачаў народных пасольстваў – абараняць інтарэсы грамадзян Беларусі.

- Гэта тое, чаго беларускія пасольствы зараз не робяць, паколькі яны абараняюць інтарэсы толькі аднаго грамадзяніна Беларусі. Калі нешта здараецца за межамі – арышт, страта пашпарту – беларусы павінны мець магчымасць звярнуцца па дапамогу. У нас была такая сітуацыя, калі па запыту Інтэрполу затрымалі беларуса, яго сям'я звярнулася ў Народную амбасаду ў Славеніі. Я, будучы прадстаўніцай амбасады, атрымала афіцыйны дазвол наведваць яго ў турме. Такое права атрымліваюць толькі акрэдытаваныя дыпламаты краіны. Я прысутнічала на судзе, рыхтавала дакументы, мы арганізавалі прэс-канферэнцыю ў дзень суда. Мы даказалі, што гэта быў палітычны пераслед, беларуса вызвалілі.

Прадстаўнікі Народных пасольстваў звярнуліся таксама да беларусаў з заклікам, каб яны клапаціліся пра сваю бяспеку. Асабліва гэта датычыць людзей, якія ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, а цяпер знаходзяцца за мяжой – яны павінны адмовіцца ад падарожжа ў Беларусь.

нг