Навукоўцы з Польшчы і Італіі распрацавалі камп'ютарную мадэль, якая тлумачыць магчымыя механізмы эпілептычнага прыпадку.
Вынікі даследаванняў групы польскіх і італьянскіх навукоўцаў, апублікаваныя ў прэстыжным часопісе eLife, могуць паспрыяць распрацоўцы новых метадаў лячэння эпілепсіі, паведамляюць прадстаўнікі факультэта фізікі Варшаўскага ўніверсітэта.
Эпілепсія – адно з самых распаўсюджаных неўралагічных захворванняў. Ад гэтай хваробы ў свеце пакутуюць амаль 60 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль паўмільёна палякаў. Хаця даступныя прэпараты дазваляюць кантраляваць прыпадкі, у некаторых пацыентаў яны не дзейнічаюць.
На працягу многіх гадоў навукоўцы спрабуюць зразумець механізмы гэтага захворвання, каб распрацаваць новыя, больш эфектыўныя метады яго лячэння. Крокам да распрацоўкі новых метадаў лячэння эпілепсіі могуць стаць вынікі даследаванняў навукоўцаў з факультэта фізікі Варшаўскага ўніверсітэта і неўралагічнага інстытута Карла Беста ў Мілане.
Каманда навукоўцаў паказала, што эпілептычныя прыпадкі могуць пачацца з актывацыі тармазных нейронаў у мозгу і змены канцэнтрацыі іонаў у асяроддзі вакол нейронаў. Гэты механізм, назіраны эксперыментальна на жывёльнай мадэлі мозгу марской свінкі, быў пацверджаны ў камп'ютарнай мадэлі нервовых клетак, створанай на факультэце фізікі Варшаўскага ўніверсітэта.
PAP/яс