Беларуская Служба

Некалькі крокаў, якія дапамогуць знізіць выдаткі на ацяпленне дома

06.01.2023 09:12
Праз вокны губляецца 30-40% цяпла.
Аўдыё
  • Некалькі крокаў, якія дапамогуць знізіць выдаткі на ацяпленне дома
.
.ri/pixabay,com

«Цёпла ўжо зараз!» – гэта дэвіз новай кампаніі Польскай смогавай трывогі. У ёй эксперты расказваюць, як знізіць выдаткі на ацяпленне дома і на ваду ў некалькіх простых кроках.

Значная частка польскіх дамоў ацяпляецца вугалем, які спальваецца ў катлах нізкага класу. На сённяшні дзень яны з'яўляюцца аднымі з самых дарагіх крыніц ацяплення. У апошняй зводцы, апублікаванай Галіновым пагадненнем па энергаэфектыўнасці (POBE), кошт ацяплення прыкладу 150-метровага дома вугалем вышэйшы, чым ацяпленне газам або цеплавой помпай, і складае каля 6700 злотых у год.

Знізіць рахункі за ацяпленне дапамогуць такія простыя дзеянні, як устаноўка тэрмастатаў на каларыферах, паніжэнне тэмпературы ў памяшканнях, устаноўка паралонавых экранаў за каларыферамі і нават умелае праветрыванне памяшканняў.

Першыя крокі, якія могуць паўплываць на рахункі, звязаныя з правільным карыстаннем вокнамі, кажа энергааўдытар Томаш Фішэр. Праз вокны губляецца 30-40% цяпла. Старыя вокны варта памяняць, а больш менш новыя – правільна адрэгуляваць, каб заашчадзіць прыкладна 5% энергіі.

-Кожнае акно новага тыпу мае спецыяльную прыладу, якая дае магчымасць зменшыць ці павялічыць прыцісканне акна да рамы. Зімою прыціскаем мацней, летам – менш. Наступны элемент – гэта шторы ці вонкавыя жалюзі. Правільнае карыстанне імі дазволіць нам заашчадзіць каля 1% энергіі. Ноччу, калі нашыя вокны заштораныя, траціцца менш цяпла. Днём мы ўпускаем сонечную энергію і гэтым самым карыстаемся дармовай сонечнай энергіяй.

Наступны пункт вельмі важны не толькі з пункту гледжання ашчаднасці энергіі, але і камфорту і здароўя жыхароў. Гаворка пра праветрыванне. Праветрываць неабходна хутка, адчыняючы вокны на скрозь, пры гэтым закручваючы рэгулятары на каларыферах.

Кожны, хто хоча ашчадна выкарыстоўваць энергію, павінен мець тэрмастаты на каларыферах – механічныя ці электронныя.

-Карысцю выкарыстання тэрмастатаў з’яўляецца тое, што мы не мусім памятаць пра змену параметраў. Чарговым элементам, які дазваляе больш эфектыўна выкарыстаць каларыфер, гэта цеплаадбівальны экран, які мантуецца за батарэяй. Дзякуючы яму цяпло ідзе не на сцяну, а ў памяшканне. Дапаможнымі з’яўляюцца падаконнікі ці паліцы над каларыферам. Дзякуючы ім цяпло з каларыфера скіраванае не ўверх, а ў памяшканне.

Томаш Фішэр кажа, што варта, асабліва ў выпадку старых каларыфераў, скарыстацца паслугай прафесіяналаў і прамываць абагравальную сістэму. У выніку яе праца будзе больш эфектыўнай.
Ужо невялікае зніжэнне тэмпературы ў памяшканні дае немалыя ашчаднасці. Аптымальная тэмпература ў жылых памяшканнях – 20 градусаў, у ваннай – 23-24 градусы.

-Кожнае зніжэнне тэмпературы на 1,2,3 градусы прывядзе да таго, што мы заашчадзім на рахунках за абаграванне. Калі мы спім – панізіць тэмпературу на 2-3 градусы, калі едзем у водпуск – на 4 градусы. Выкарыстаць менш энергіі дапамогуць дываны. Калі вы надалей сумняваецеся і не ведаеце, як яшчэ больш заашчадзіць, запрасіце энергааўдытара. Ён зробіць тэрмавізійны аналіз спецыяльнай камерай, якая пакажа, дзе ў вашым доме знаходзяцца слабыя пункту. У якіх месцах цяпло сыходзіць: няшчыльныя вокны, ацяпленне будынку, уцечка ў абагравальнай сістэме, якую не бачна голым вокам. Гэтыя элементы вельмі хутка знойдзе тэрмавізійны аналіз.

І нарэшце на ўзровень рахункаў за энергію дапаможа паўплываць колькасць выкарыстанай вады. Мыццё ў душы, а не ў ванне – гэта аднаразовая ашчаднасць 50 літраў вады і 30% энергіі на яе падагрэў. Калі нехта сам падагравае ваду, то карысным можа быць змяншэнне тэмпературы яе падагрэву. Ашчаднасць вады – гэта ашчаднасць энергіі і меншыя рахункі.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце