17 студзеня ў Польшчы пачаўся конкурс пад назваю «Польскае сэрца разбіта. Катынь 1940». Гэтае мерапрыемства адбываецца ўжо ў чацвёрты раз, яно нарадзілася некалькі гадоў таму дзеля таго, каб вучні сярэдніх школаў і студэнтаў маглі лепш разабрацца ў сумных старонках гісторыі Польшчы. Нягледзячы на тое, што гэты перыяд жыцця дзяржавы быў вельмі трагічным, неабходна, каб новыя пакаленні пра яго ведалі. Кажуць, што гісторыя паўтараецца, калі мы пра яе забываем. Гэтая гісторыя ніколі не павінна паўтарыцца.
Ініцыятарам конкурсу стала маршалак Сейму (ніжэйшая палата парламенту) Эльжбета Вітэк. У рамках гэтай падзеі яе ўдзельнікі могуць паглыбіць свае веды аб Катынскім расстрэле, а таксама ўшанаваць памяць забітых. Гэта ўшанаванне памяці ахвяраў генацыду, учыненага супрацоўнікамі НКВД у адносінах польскіх ваеннапалонных, якія належалі да інтэлектуальнай эліты нацыі. Нельга забываць, што на працягу многіх дзясяткаў гадоў немагчыма было нават казаць праўду пра гэтае жудаснае злачынства – хто забіў тысячы польскіх афіцэраў у катынскіх лясах. Расіяне прызналіся ў забойстве польскіх афіцэраў толькі праз 50 гадоў – 13 красавіка 1990 году.
У конкурсе «Польскае сэрца разбіта. Катынь 1940» могуць удзельнічаць вучні сярэдніх школ у трох намінацыях: мастацкія творы, літаратурныя творы і тэксты песень, а студэнты – удзельнікі конкурсу павінны падрыхтаваць канспект урока пра Катынь.
Ініцыятарка конкурсу, спікер Сейму Эльжбета Вітэк казала пра яго значэнне асабліва цяпер, калі ідзе вайна Расіі супраць Украіны. Гаворка ідзе пра мінулагодняе выданне мерапрыемства.
- Гэтае выданне конкурсу было выключным. На маю думку, менавіта так яго ўспрымалі ўдзельнікі. Справа ў тым, што за нашай усходняй мяжой, ва Украіне, ідзе страшная вайна. Расіяне напалі на ўкраінскі народ, акупант той жа, што і тады, калі былі ўзятыя ў палон і забітыя польскія афіцэры, прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі.
Старшыня польскага Сейму падкрэсліла, што цяпер мы амаль штодзённа бачым здымкі і чуем аповеды пра мірных жыхароў, якія былі катаваныя або забітыя расійскімі акупантамі ва Украіне. Часам на здымках мы бачым людзей са звязанымі рукамі, застрэленых выстралам у галаву. Менавіта так каты з савецкага НКВД забівалі польскіх вайскоўцаў, узятых у палон у 1939 годзе. Тады не было сацсетак, не было такіх сродкаў камунікацыі, як цяпер, таму свет пра гэтае злачынства доўга нічога не ведаў. Цяпер мы можам вельмі хутка даведацца, што адбываецца з людзьмі, захопленымі ў палон расійскімі салдатамі.
Суарганізатар і медыя-партнёр конкурсу – Польскае радыё. Кажучы пра мінулагодняе выданне падзеі, старшыня радыёстанцыі Агнешка Каміньска адзначыла, што публічнае радыё павінна захоўваць памяць пра нацыянальных герояў.
- Але таксама перадаваць гэтую памяць чарговым пакаленням. Здавалася б, што гэтае новае, маладое пакаленне палякаў ужо не павінна бачыць вайны, не павінна яе ведаць на ўласным досведзе, а толькі з падручнікаў гісторыі. Але, на жаль, тое, што адбываецца за нашай усходняй мяжой, паказвае, што гэта яшчэ не з’яўляецца мінулым. Гэта і гісторыя, і сённяшні дзень. І абавязак грамадскіх СМІ, абавязак Польскага радыё – паказваць падабенства паміж гісторыяй і сучаснасцю.
У мінулым годзе пераможцай конкурсу ў катэгорыі «тэкст песні» стала школьніца з горада Рыпін Пауліна Галэмбеўска (Paulina Gołębiewska).
- Я падумала, што гэта цікавая тэма. А пазней мая настаўніца па польскай мове і літаратуры пані Грабоўская падштурхнула мяне паўдзельнічаць у конкурсе. Важна, каб гэтыя людзі, якія загінулі, захаваліся ў нашай памяці. Мы павінны пра іх памятаць, а таксама нельга дазволіць пашырацца хлусні, што напаў хтосьці іншы, а не расіяне.
Конкурс праходзіць пад ганаровым патранатам прэзідэнта Анджэя Дуды. Вынікі спаборніцтва будуць падведзеныя не пазней за 15 красавіка.
Даведка: Катынь – лясны масіў непадалёк ад расійскага Смаленска. Менавіта там вясной 1940 году былі расстраляныя польскія грамадзяне, пераважна вайскоўцы, узятыя ў палон падчас нападзення Савецкага Саюза на Польшчу восенню 1939 году. Загад аб забойстве падпісаў Сталін. Усяго былі расстраляныя амаль 22 тыс. чалавек. Доўгія гады ні ў Савецкім Саюзе, ні ў ПНР нельга было казаць праўду пра Катынскае злачынства, паколькі афіцыйная версія савецкай гістарыяграфіі сцвярджала, што палонных расстрэльвалі нямецкія фашысты.
нг