У Польшчы няма ўсеагульнай службы ў арміі, яна была адмененая на пачатку 21-ага стагоддзя. З 2009 года ў дзяржаве ёсць толькі прафесійнае войска, маладых людзей ужо не бяруць пасля школы на ваенную падрыхтоўку. Яшчэ нядаўна, калі ўлады краіны адмаўляліся ад усеагульнай службы, здавалася, што вялікая вайна ў Еўропе – гэта ўжо мінулае, новую вайну немагчыма было ўявіць. Аднак, як паказала практыка апошняга года, вайна магчымая, і нават яна ідзе за ўсходняй мяжой Польшчы. Адпаведна, у польскім грамадстве вяртаецца папулярнасць ідэі ваеннай падрыхтоўкі.
Няма гаворкі пра вяртанне да службы ў войску ўсіх маладых мужчын, пакуль што няма такой неабходнасці, але ёсць усё больш іншых формаў кантакту жыхароў з арміяй. Напрыклад, пашыраецца папулярнасць праекту «Трэніруйся з арміяй падчас зімовых канікул», які адбываецца ўжо другі раз. Мэта мерапрыемства – паказаць усім жадаючым, як выглядае служба жаўнераў і набыць базавыя навыкі абароны і вайсковай справы, а таксама папулярызаваць Войска Польскае і вайсковую службу.
Напрыклад, адна з адзінак Войска Польскага – 19-ая Люблінская механізаваная брыгада на працягу аднаго дня рыхтуе падрыхтоўку для 150 удзельнікаў праграмы рознага ўзросту і полу. Гэта не толькі мужчыны, але таксама і жанчыны. У праграме падрыхтоўкі некалькі пунктаў, між іншым зборка і разборка зброі, падрыхтоўка хованкі, кіданне гранаты, аказанне першай дапамогі і рукапашны бой. Таксама 150 чалавек удзельнічала ў аднадзённай падрыхтоўцы ў 18-ым Беластоцкім палку разведкі. Там можна было пазнаёміцца з правіламі арыентацыі ў прасторы, абслугоўваннем зброі або самаабароны. У курсах маглі ўдзельнічаць усе жадаючыя ва ўзросце ад 15 да 65 гадоў. Падрыхтоўку вялі вопытныя інструктары – прафесійныя салдаты. Кажуць удзельнікі курсаў.
- Цяпер перазараджаем зброю – бярэм тут за рукаятку і паўзунок і перазараджаем.
- Здань вайны стала цяпер сапраўды рэальнай. Я баюся, што, калі пачнецца вайна, я не буду ведаць, што рабіць. З іншага боку, я не хачу быць чалавекам, які ўцякае, які хаваецца. Я хацела б нейкім чынам быць патрэбнай маёй дзяржаве.
- Мяне прывяла сюды цікаўнасць – я хацеў убачыць, як працуе войска, а таксама крыху падвучыцца – страляць, абыходзіцца са зброяй, атрымаць нейкі вопыт.
- А я хацеў убачыць, у чым заключаецца праца ў войску, навучыцца страляць, правільна трымаць зброю, а таксама навучыцца прынцыпам самаабароны і аказваць першую дапамогу.
З якімі аспектамі дзейнасці войска могуць пазнаёміцца ўдзельнікі падрыхтоўкі? Гаворыць капітан Павел Ляскоўскі з 18–га разведпалка ў Беластоку.
- Мы падрыхтавалі некалькі элементаў – гэта базіс таго, чым займаюцца салдаты і што яны павінны ведаць і ўмець: першая медычная дапамога, прынцыпы арыентацыі ў прасторы, распальванне вогнішча. Гэтыя курсы зладжаныя між іншым дзеля таго, каб як мага больш людзей захацела звязаць сваю працу з арміяй.
Сёлета акцыя «Трэніруйся з войска падчас зімовых канікулаў» адбываецца ўжо другі раз. Год таму яна была настолькі папулярнай, што арганізатары вырашылі не толькі яе паўтарыць, але і пашырыць кола ўдзельнікаў. У гэтым годзе ў курсах могуць прыняць удзел не толькі дарослыя, але таксама непаўналетнія асобы – з 15 году жыцця. Дарэчы, менавіта ў школьнікаў цяпер больш часу, і многія з іх ахвотна знаёмяцца з прынцыпамі дзейнасці войска. Хто ведае, магчыма, ёсць такія ўдзельнікі, якія пасля гэтай кароткай падрыхтоўкі вырашаць звязаць свой лёс і прафесійную дзейнасць з арміяй. Жаўнеры імкнуцца не толькі навучыць удзельнікаў прынцыпам ваеннага майстэрства, але таксама паказаць, як армія выглядае знутры, – адзначае паручнік Пшэмыслаў Даманоўскі з Цэнтру ваеннага набору ў горадзе Ольштын.
- Гэта вельмі добрая нагода, каб убачыць уласнымі вачыма, як выглядае армія – хаця б яе самыя элементарныя рэчы – як апранаць ваенную форму, як апрануць супрацьгазавую маску, як насіць каску, як узброіць гранату, як кідаць такой гранатай.
Базавая ваенная падрыхтоўка ў рамках акцыі «Трэніруйся з войскам падчас зімовых канікулаў» працягваецца толькі адзін дзень. Гэта, канешне, мала, каб атрымаць трывалыя навыкі ды ўменні, але дастаткова, каб зразумець, ці камусьці падабаецца салдацкае рамяство, ці не. У курсах могуць удзельнічаць толькі асобы з польскім грамадзянствам.
iar/нг