Беларуская Служба

Вязні сустракаюцца са школьнікамі, каб перасцерагчы іх ад безадказнасці на дарозе

07.02.2023 08:00
Адукацыйная праграма называецца «Паважай правілы, беражы жыццё». 
Аўдыё
  • Адукацыйная праграма называецца «Паважай правілы, беражы жыццё»
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/13smok

Больш за шэсць тысяч чалавек з ліку асуджаных у Польшчы – гэта людзі, якія парушылі правілы дарожнага руху, што стала прычынай сур’ёзнай аварыі, у выніку якой пацярпелі людзі. Па ініцыятыве Галоўнай аўтаінспекцыі і турэмнай службы, вязні сустракаюцца са школьнікамі, каб перасцерагчы іх ад безадказных паводзінаў на дарозе.  

Як правіла навыкі, атрыманыя ў дзяцінстве і маладосці, захоўваюцца надоўга. Выхаваннем дзяцей займаюцца не толькі бацькі, гэта таксама задача школы і розных грамадскіх устаноў. Акрамя перадачы ведаў у рамках усеагульнай школьнай адукацыі, маладыя людзі павінны атрымаць урокі, якія пакажуць ім наглядныя наступствы канкрэтных паводзінаў. А найлепш, каб пра наступствы ім расказаў нехта, хто на ўласным прыкладзе можа паказаць, як адно неабдуманае рашэнне можа рэзка змяніць, а нават разбурыць жыццё.

Гэта датычыць і паводзінаў на дарогах. У Польшчы кожны год здараюцца тысячы дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх церпяць людзі – удзельнікі дарожнага руху – кіроўцы, пасажыры і пешаходы. Часцей за ўсё за ДТП, падчас якіх гінуць людзі, адказваюць кіроўцы. Таму адукацыйныя мерапрыемствы павінны датычыць перш за ўсё іх, хаця, канешне, усе людзі павінны захоўваць асцярожнасць на дарогах. І гэтаму ў Польшчы вучаць ужо з малога ўзросту, а маладым людзям нават прапануюць сустрэцца з асобамі, якія трапілі ў следчым ізалятар або былі асуджаныя за ДТП.

Адукацыйная праграма называецца «Паважай правілы, беражы жыццё». Гэта ініцыятыва Галоўнай інспекцыі аўтамабільнага транспарту і турэмнай службы, прызначаная для моладзі з апошніх класаў сярэдніх школ. Кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Магчыма, убачанае ў турме многіх школьнікаў здолее перасцерагчы ад наступстваў легкадумства, між іншым, кіравання аўтамабілем у нецвярозым стане.

Намеснік міністра юстыцыі Марцін Раманоўскі кажа, што ў рамках гэтай праграмы сваім досведам дзеляцца вязні, якія знаходзіцца ў следчых ізалятарах.

- Гэтыя людзі цяпер адбываюць пакаранне, і ў той жа час, магчыма, яны разумеюць, што яны змарнавалі сваё жыццё, прынеслі вялікае няшчасце ў жыццё іншых людзей. І цяпер яны могуць падзяліцца гэтым сваім дрэнным досведам з іншымі людзьмі, дзеля таго, каб іх папярэдзіць, каб ім паказаць, што такія паводзіны – бравада, бесклапотнасць – могуць прывесці да смерці чалавека.

Часцей ДТП выклікаюць мужчыны, хаця яны і хваляцца часта сваім добрым уменнем вадзіць машыну, прыроджаным талентам. Аднак сухая статыстыка паказвае, што віноўнікамі трагічных здарэнняў на дарозе пераважна становяцца менавіта маладыя мужчыны, ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў. Жанчыны як правіла водзяць асцярожней, хаця і яны, асабліва маладыя жанчыны, усё часцей паводзяць сябе на дарозе агрэсіўна.

Галоўны інспектар дарожнага транспарту Альвін Гаядхур падкрэслівае, што шмат аварый выклікаюць маладыя вадзіцелі, якім ад 18 да 24 гадоў. Перад імі цэлае жыццё, але здараецца, што частку гэтага жыцця ім прыходзіцца правесці ў турме, а пачуццё віны застаецца на ўсё жыццё.

- З-за аднаго свавольства яны могуць сапсаваць сабе жыццё. Гэтыя сустрэчы з вязнямі павінны паказаць маладым людзям наступствы бяздумнага свавольства, рашэння, прынятага пад уплывам імпульсу. У кожнага чалавека ёсць свае планы на жыццё, таксама ў маладых людзей, якія за некалькі секундаў могуць цалкам разбурыць гэтыя планы ў выніку парушэння правілаў дарожнага руху.

Генеральны дырэктар турэмнай службы генерал Яцэк Кітліньскі паведаміў, што для ўдзелу ў праграме неабходна скарыстацца вэб-сайтам турэмнай службы.

- Варта ўвайсці на наш сайт – старонку турэмнай службы, там ёсць адпаведная спасылка, па якой мы даведаемся, дзе адбываюцца сустрэчы, у якім горадзе нашай краіны. Ёсць сустрэчы, як сённяшняя, для дарослых маладых людзей, а другая прапанова – для падлеткаў з 7-ага і 8-ага класу. Школьнікі з гэтых класаў не прыходзяць у турму, паколькі турма пакідае свой след у псіхіцы. З вучнямі старэйшых класаў базавай школы мы сустракаемся ў школах.

Паводле слоў генерала, амаль 6,5 тыс. чалавек, якія знаходзяцца ў калоніі, – гэта людзі, якія здзейснілі злачынствы супраць бяспекі дарожнага руху. З іх амаль 5 тысяч селі за стырно ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Амаль тысяча – гэта асобы, якія ў выніку небяспечнага кіравання прывялі да смерці або незваротнага пашкоджання здароўя іншых людзей.

IAR/нг