У Варшаве адбылася канферэнцыя, арганізаваная ўрадам і Цэнтрам Усходняй Еўропы пры Варшаўскім універсітэце. Задача ўдзельнікаў – правесці цыклічны агляд дзейнасці па падтрымцы Украіны.
Амаль 900 тысяч украінцаў працаўладкаваліся ў Польшчы на спрошчаных умовах. Такія дадзеныя прывяла міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг (Marlena Maląg ). Яна падкрэсліла, што ўцекачы ад вайны ў Польшчы – гэта пераважна жанчыны з дзецьмі. А гэта азначае змену цяперашняй структуры занятасці выхадцаў з Украіны:
– Спрашчаем правілы, каб працадаўцы маглі наймаць на работу грамадзянак Украіны на спрошчаных умовах, на так званых паведамленнях. І, паводле статыстыкі, актуальнай статыстыкі, якую мы маем на сёння, каля 900 тысяч чалавек працаўладкавана сёння ў такой форме.
Украінскія ўцекачы будуць важнай часткай праграмы сацыяльнай інтэграцыі «Узаемная неабходнасць». Пра яе распавяла прадставіла міністр Агнешка Сцігай (Agnieszka Ścigaj). Гэта пілотная праграма. Яе важным пунктам зʼяўляецца жыллё, якое падтрымліваецца агенцтвамі сацыяльнай арэнды:
- У нас вялікі жылы фонд у Польшчы, асабліва ў меншых гарадах. Ёсць амаль два мільёны вакантных месцаў, два мільёны кватэр, якія рэальна можна адаптаваць і падрыхтаваць, каб мы маглі прапанаваць кватэру ў арэнду – невялікі, уласны куток для тых, людзей, якія захочуць пераехаць, у тым ліку, з вялікіх гарадоў. Іх інфраструктуру, у тым ліку адукацыйную, не магчыма так хутка разбудаваць. А ў меншых гарадах ёсць магчымасці для працы, догляду або адукацыі.
Праграма сацыяльнай інтэграцыі павінна ахопліваць не толькі бежанцаў, але і мігрантаў, рэпатрыянтаў і іншых людзей, якія жадаюць выехаць за межы вялікіх агламерацый. Ініцыятывай будуць карыстацца органы мясцовага самакіравання з насельніцтвам да 120 тысяч жыхароў.
Намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Павел Шафернакер паведаміў, што 1,5 мільёна бежанцаў з Украіны атрымалі ў Польшчы нумар PESEL, гэта значыць сталі на грамадзянскі ўлік, яны бачныя дзяржаўным службам.
На думку палітыкаў і экспертаў, пытанні жылля, сацыяльнай інтэграцыі і адукацыі зʼяўляюцца галоўнымі праблемамі, звязанымі са знаходжаннем украінскіх уцекачоў у Польшчы.
Ад пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны дапамогу ў месцах калектыўнага пражывання атрымалі паўмільёна чалавек, а 2 мільёны новапрыбылых атрымалі падтрымку ў польскіх семʼях.
Таксама, паводле афіцыйных звестак, з пачатку вайны каля 1,5 мільёна ўцекачоў з Украіны атрымалі статус часовай абароны ў Польшчы, што ў тым ліку дае доступ да рынку працы. Улічваючы вялікую колькасць дзяцей у гэтай групе (каля 500 000), эксперты робяць выснову, што амаль усе ўцекачы працаздольнага ўзросту знайшлі працу, якая ў большасці выпадкаў пакуль не адпавядае рэальнаму ўзроўню адукацыі грамадзян Украіны і іх раней набытай прафесійнай кваліфікацыі.
«Першы этап падтрымкі бежанцаў з Украіны ўжо пройдзены. Цяпер настаў час для далейшых выклікаў і дзеянняў у напрамку разумнай рэгуляцыі працоўнага заканадаўства і правілаў пражывання ў Польшчы з пункту гледжання доступу мігрантаў да грамадскіх выгод, дэцэнтралізацыі фінансавай дапамогі для субʼектаў, якія дапамагаюць бежанцам з Украіны, а таксама далейшай лічбавізацыі працэсаў легалізацыі для замежнікаў, якія падтрымліваюць польскую эканоміку і маюць рэальны ўплыў на рост польскага ВУП», – сказаў падчас канферэнцыі Рафал Мроз, аперацыйны дырэктар Платформы міграцыі EWL (Platformę Migracyjną EWL).
На наступным этапе падтрымкі ўцекачоў трэба забяспечыць ім магчымасць прафесійнага развіцця праз хуткае вывучэнне польскай мовы і навучанне.
«Гэта ў інтарэсах саміх грамадзян Украіны, польскай эканомікі, але таксама і ўкраінскай. Перад вайной грашовыя пераводы працоўных мігрантаў складалі ажно 8 працэнтаў ад агульнай сумы. ВУП Украіны», – заявіў падчас прэзентацыі справаздачы прэс-сакратар EWL Анатоль Зімнін.
Даследаванні паказваюць, што больш за 80% уцекачоў заяўляюць, што вернуцца ва Украіну ў доўгатэрміновай ці кароткатэрміновай перспектыве. Сярод тых, хто плануе застацца ў Польшчы даўжэй, найбольшую групу складаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты (22%), працаўнікі сферы абслугоўвання (16%), рабочыя і тэхнічныя спецыялісты (14%), настаўнікі і працаўнікі сферы адукацыі (12%) і гандлёвыя работнікі (10%).
Аўтары справаздачы таксама падкрэсліваюць, што амаль у шэсць разоў больш уцекачоў знайшлі працу ў Польшчы, чым у Нямеччыне.
«Расійская агрэсія абрынулася на нас раптоўна, ніхто да яе не быў гатовы. Аднак дзякуючы вялізнай салідарнасці палітычных сілаў, дзяржаўнай адміністрацыі, мясцовага самакіравання, няўрадавых арганізацый, бізнесу і сотняў тысяч прыватных асобаў нам удалося вельмі хутка арганізаваць неабходную дапамогу. Вельмі важнымі аказаліся таксама хутка ўнесеныя змены ў заканадаўства і палёгкі для бежанцаў. Дзякуючы гэтаму яны змаглі хутчэй працаўладкавацца ў Польшчы», – кажа Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту.
Пастаянная рабочая аглядная канферэнцыя па падтрымцы Украіны была арганізавана Канцылярыяй прэмʼер-міністра Польшчы ў супрацоўніцтве з Міністэрствам клімату і навакольнага асяроддзя, Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі і Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту.
IAR / вх