Беларуская Служба

Каля 20% усіх украінскіх дзяцей знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі або вывезеныя ў Расію

09.02.2023 11:25
Такія дзеянні адпавядаюць усім прыкметам злачынства генацыду.
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/TORWAISTUDIO

Выданне Niezalezna.pl паведамляе, што ў дадзены момант каля 20% усіх украінскіх дзяцей знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі або іх вывезлі ў Расію. Дэпартацыяй непаўналетніх Масква мае намер фізічна знішчыць украінскую нацыю як этнас, дэнацыяналізаваць і русіфікаваць украінцаў.

Такія дзеянні адпавядаюць усім прыкметам злачынства генацыду, ацаніў былы дзіцячы амбудсмен Украіны Мікола Кулеба, які выступаў у якасці дакладчыка ў дыскусіі «Рабаванне будучыні: дэпартацыя, перасяленне і «перавыхаванне» украінскіх дзяцей у Расіі», арганізаванай у інтэрнэце.

Расія дэпартуе дзяцей і прамывае ім мазгі з 2014 года. Вяртанне гэтых людзей на радзіму ў наступныя гады можа быць вельмі складаным, бо расіяне даюць дэпартаваным украінскім дзецям грамадзянства сваёй краіны.

Ва ўкраінскіх уладаў няма магчымасці праверыць колькасць дзяцей, дэпартаваных у Расію. Звесткі, апублікаваныя ўкраінскім бокам на сайце childrenofwar.gov.ua («Дзеці вайны»), тычацца правераных і пацверджаных ім выпадкаў, але, як адзначаюць украінцы, яны не поўныя.

У цяперашні час урадавы сайт паведамляе пра 16 188 выпадкаў дэпартацыі. У выніку расійскай агрэсіі загінула не менш за 461 дзіця і 920 атрымалі раненні. 347 дзяцей украінская паліцыя прызнала зніклымі без вестак.

нг