Аб’яднаны пераходны кабінет не задаволены палітычнай супрацай з украінскімі ўладамі, але і так будзе рабіць усё магчымае для перамогі Украіны. Таксама кабінет не мае стратэгіі па вызваленні палітвязняў у Беларусі. Пра гэта ды іншыя справы прадстаўнікі кабінету расказалі журналістам на сённяшняй прэс-канферэнцыі.
Пытанне вайны ва Украіне, а таксама ўдзелу ў ёй Беларусі пераважала на прэс-канферэнцыі. Аляксандр Азараў адзначыў, што кабінет не чакае, пакуль Лукашэнка аддасць загад поўнамаштабна далучыцца да вайны. Кабінет ужо вядзе працу, каб рэжым не ўступіў у вайну непасрэдна.
-Мы з лістапада працуем разам з украінцамі. У нас распрацаваны план і мы ідзем па плану, але пра яго расказваць я не буду, бо ён толькі да нашага ведама. Таму мы працуем і будзем працаваць. Таксама мы працуем з актывістамі, якія запісаліся ў план Перамога ў Беларусі. Мы рыхтуем іх да гэтага. Ці атрымаецца нешта зрабіць, ці не атрымаецца – невядома, але мы будзем старацца, каб Беларусь не ўступіла ў вайну. Хаця Лукашэнка да вайны ўжо падрыхтаваўся. Лётныя вучэнні як раз паказалі, што яны адпрацоўвалі разбурэнне ўкраінскай абароны.
Пры гэтым прадстаўнікі сілавога блоку кабінета падкрэслівалі, што большасць інфармацыі пра план Перамога, пра дзейнасць Паспалітага рушэння раскрывацца не можа.
-Поспех нашага плану супрацьдзеяння рэжыму і яго войскам прапарцыйны да колькасці інфармацыі аб ім. Ёсць шмат рэчаў, пра якія трэба ці маўчаць, ці казаць няпраўду, бо будзе вельмі цяжка гэта рэалізаваць, – гаварыў Валеры Сахашчык.
Святлану Ціханоўскую папрасілі адказаць на апошнія словы Міхаіла Падаляка аб тым, што яны не працуюць над стасункамі з ёй, паколькі не бачаць актыўнай антываеннай дзейнасці з боку яе офіса.
-Мы, беларусы, будзем падтрымліваць Украіну і ўкраінскі народ у іх і нашай агульнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі незалежна ад таго, як будзе выбудоўвацца наш палітычны дыялог. Я ўпэўненая, што разам мы б маглі зрабіць значна больш. Я ўпэўненая ў тым, што мы да гэтага прыйдзем. Але цяпер маем, што маем. Усё ж у нас ідзе пэўная праца ў самой Украіне.
Усе згаданыя працы і сустрэчы праходзяць не асабіста са Святланай Ціханоўскай. Яна расказала, што для таго, каб яна змагла паехаць ва Украіну ёй патрэбнае запрашэнне з украінскага МЗС, паколькі яна мае статус афіцыйна запрошанай асобы ў Літве.
Падобныя заявы ад прадстаўнікоў адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага і адсутнасць палітычных кантактаў з апазіцыяй дэматывуюць беларусаў, дадала Святлана Ціханоўская.
Валер Кавалеўскі прызнаў, што яны не задаволеныя ўзроўнем адносін, якія склаліся на сённяшні момант.
-Але мы разумеем логіку, якой кіруюцца нашы ўкраінскія партнёры. Мы бачым у якіх складаных умовах ім прыходзіцца пераадольваць гэтую навалу. Таму для нас галоўным прыярытэтам будзе іх падтрымка. Палітычны дыялог будзе ісці за гэтым. Не спынім намаганні, каб выбудоўваць адносіны.
Валер Кавалеўскі адзначыў плённую супрацу з украінскімі дыпламатамі. Ён назваў дзве бліжэйшыя магчыма супольныя ініцыятывы: блакаванне кандыдатуры Лукашэнкі ў Раду бяспекі ААН і праца над вывадам Расіі з ліку пастаянных членах Рады бяспекі ААН.
Гучалі пытанні і пра стасункі АПК з палком Каліноўскага. Было паведамлена, што прадстаўнікі кабінету Ціханоўскай знаходзяцца ў сталым кантакце з прадстаўнікамі палку Кастуся Каліноўскага. У бліжэйшым часе запланавана сустрэча Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам палка, але не на тэрыторыі Украіны. Усё ж, калі б Украіна выдала запрашэнне, то Святлана Ціханоўская паехала б ва Украіну.
АПК агучыў сваю пазіцыю аб закрыцці памежнага пераходу ў Баброўніках-Бераставіцы. Яны цалкам падтрымліваюць пазіцыю польскага боку. Кабінет падтрымлівае ўзмацненні ціску ў галіне грузаперавозак, але не свабоднага перамяшчэння людзей. Павал Латушка падкрэсліваў, што рэжым выкарыстоўвае прабелы ў санкцыях. Ён адзначыў, што прапанова кабінету перададзена еўрапейскім партнёрам – гэта неабходнасць гарманізаваць санкцыйную палітыку.
-Пра гарманізацыю нашым партнёрам мы кажам з сакавіка мінулага году, калі пасля пачатку вайны пачалі прымацца санкцыйныя пакеты ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Яны заўсёды не былі роўнымі. Яны заўсёды прадугледжвалі розны падыход да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Мы адразу папярэджвалі партнёраў, што Лукашэнка будзе выкарыстоўвацца як хаб у інтарэсах РФ. І гэта сталася.
Прадстаўніца кабінету па вызваленні палітвязняў Вольга Гарбунова прызнала, што яны не ведаюць, як вызваліць палітвязняў.
-У гэтым магчымым перамоўным працэсе гэта не дэмакратычныя сілы з’яўляюцца не здольнымі да перамоваў. Мы гатовыя да перамоваў, але для гэтага павінны быць умовы і сігналы з боку рэжыму. Я прапаную адмовіцца ад слова «торг», бо гэта нацкоўвае нашыя пазіцыі, быццам бы мы становімся апанентамі, але мы хочам таго ж. Гэта вельмі балючая і далікатная тэма для ўсіх. Важна сумеснымі сіламі выпрацоўваць стратэгію. На сённяшні момант у мяне няма адказу на гэтае пытанне. Але мы працягваем працаваць над гэтым.
АПК выступае за выкарыстанне ўсіх даступных спосабаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітычных зняволеных. Перамоўны працэс яны лічаць магчымым толькі пасля поўнага спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў з гуманітарнага спісу ў якасці першага кроку з боку рэжыму.
Прадстаўніца кабінету Аліна Коўшык прасіла не забываць і пра дзейнасць у напрамку нацыянальнага адраджэння.
-Магчыма, тэма адукацыі, культуры, нацыянальнага адраджэння менш заўважная, але яна вядзецца, і яна не менш важная, чым сілавы блок. Мы будзем моцныя толькі тады, калі будзем верыць у нашую Радзіму, калі мы будзем разумець, навошта нам незалежнасць.
Аліна Коўшык расказала пра заснаванне першага медалю Вольнай Беларусі «Гонар і Годнасць». Медаль ад імя беларускага народу будуць уручаць асобам, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.
ав
слухайце аўдыё