Беларуская Служба

Адносіны палякаў да беларускіх дэмакратычных сілаў: яны больш назіраюць, чым стараюцца ўплываць

24.02.2023 17:41
Гісторык: трэба браць прыклад з іншых краін, дзе ўмеюць дамаўляцца. 
Аўдыё
  • Яўген Дудкін пра беларускі дэмакратычны рух і адносіны да яго палякаў
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/jamesbhl

Тысячы беларусаў былі прымушаныя з’ехаць з краіны. Большасць эмігрантаў аселі ў суседніх дзяржавах, у тым ліку ў Польшчы. Польскім уладам прыйшлося акрэсліць сваё стаўленне як да простых грамадзян, так і да прадстаўнікоў актыўных дэмакратычных сілаў.

На думку кіраўніка варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўгена Дудкіна, польскія палітыкі разважліва ставяцца да беларускіх дэмакратаў, разумеючы, што беларусы цяпер праходзяць працэс фармавання палітычнай эліты.

- Польскі бок вельмі інтэлігентна глядзіць на беларусаў, ён салідарны з беларусамі, гэта для нас вельмі важна. Наш нацыянальны рух вельмі малады, кожны раз касілі нашу інтэлігенцыю, асабліва падчас сталінскіх рэпрэсій. А польскі бок ідзе часам хутчэй у польска-беларускіх адносінах, чым мы.

Палякі больш назіраюць, чым стараюцца ўплываць на гэтыя працэсы – дадае наш госць. Беларусы павінны навучыцца ісці на кампрамісы. Будучы гісторыкам-дактарантам, які даследуе дзейнасць беларускіх палітыкаў у Польшчы ў міжваенны перыяд і піша навуковую працу ў Польскай Акадэміі Навук, ён прыводзіць прыклад Юзафа Пілсудскага, які быў здольны дамаўляцца са сваімі апанентамі.

- Літоўцы, палякі ўмелі пакінуць свае ўнутрыпартыйныя канфлікты ўбаку і стварыць урад – той жа Пілсудскі зрабіў урад Падэрэўскага з улікам сваіх апанентаў, нават ворагаў. Гэта яскравы прыклад, што ўсе палітычныя сілы могуць дамаўляцца. Таксама літоўцы вырашылі пытанні кааліцыйнага ўраду. Нам ёсць у каго вучыцца і на каго глядзець, каб ствараць той вынік, які дасць нам плён.

Ужо амаль два з паловай гады за мяжой дзейнічае некалькі цэнтраў беларускіх дэмакратычных сілаў, акрамя таго, ёсць і так званая «старая» апазіцыя – прадстаўнікі ранейшых хваляў мігрантаў. Перыядычна паміж гэтымі цэнтрамі ўзнікаюць рознагалоссі, напрыклад, Зянон Пазняк папракаў Святлану Ціханоўскую ў антыбеларускай дзейнасці. Меркаваннем Яўгена Дудкіна, цяпер не час на сваркі, а ад Ціханоўскай нельга чакаць цудаў, паколькі яна не з’яўляецца палітыкам і ніколі ім не была.

- Святлана Георгіеўна, як асоба, якая ніколі не рыхтавалася да палітычнай дзейнасці, зрабіла ўсё, што магла. Калі мы кажам пра яе дзейнасць, мы мусім казаць пра тую каманду, якая побач з ёй. Там шмат людзей, якія ўжо доўга ў палітыцы і пытанні хутчэй не да самой Святланы Георгіеўны, а да той каманды. Нельга вешаць усе крыўды на Ціханоўскую, якая ніколі не рыхтавалася да палітычнай дзейнасці. Кожны чалавек робіць памылкі, трэба навучыцца крытыкаваць, крытыка павінна быць канструктыўнай. І трэба навучыцца слухаць крытыку, якую мы часам успрымаем як абразу.

Беларускае грамадства чакае яшчэ вялікая праца, калі яно хоча дабіцца перамен у добрым напрамку. Яно павінна навучыцца быць сапраўднай супольнасцю, і гэта, між іншым, задача палітычных актывістаў.

Слухайце ўсю гутарку ў далучаным файле аўдыё

нг