Беларуская Служба

У Польшчы аб’яўлены набор на конкурс, прысвечаны захаванню народных рамёстваў

28.02.2023 17:51
Таксама жонка прэзідэнта прымае актыўны ўдзел у працэсе захавання і пашырэння традыцыі польскай вёскі.
Аўдыё
  • Клопат пра нацыянальную спадчыну ў Польшчы
:
фота:Narodowy Instytut Kultury i Dziedzictwa Wsi

Жыхары Польшчы і, адпаведна, улады польскай дзяржавы вельмі беражліва ставяцца да сваёй культуры, праяваў нацыянальнай традыцыі, да захавання нават найменшых культурных нацыянальных адметнасцяў. Між іншым, менавіта старанны клопат пра культуру свайго народу, яго мову і традыцыі дазволіў палякам выжыць і захавацца як народ, калі польскай дзяржавы не існавала на мапе Еўропы.

Палякі не саромеюцца сваёй традыцыі, народных спеваў, фальклору. Наадварот, яны робяць усё магчымае, каб захаваць адметнасць продкаў, развіваць іх спадчыну і беражліва перадаваць яе нашчадкам. Захаваннем нацыянальнай спадчыны займаюцца шматлікія арганізацыі – як дзяржаўныя, так і фонды трэцяга сектару, шмат у дадзенай галіне робіць жонка прэзідэнта Польшчы Агата Карнхаўзер-Дуда, якая, між іншым, ладзіць конкурс для ўдзельніц колаў вясковых гаспадынь. Пра тое, чаго датычыць сёлетні конкурс, расказвае першая лэдзі Польшчы.

- Тэмай сёлетняга выдання будуць польскія звычаі, якія датычаць жніва і дажынак. Гэта багатая традыцыя песняў, абрадаў, народнага мастацтва, а таксама важнай працы сялянаў і сумеснага святкавання. Несумненна, яны заслугоўваюць таго, каб іх з гонарам прадстаўляць і захоўваць дзеля будучых пакаленняў. Я веру, што ў гэтае шляхетнае спаборніцтва ўступяць як жанчыны, так і мужчыны, якія ўсё часцей падтрымліваюць дзейнасць колаў вясковых гаспадынь. Конкурс паказвае, як многа колаў дзейнічае ў Польшчы, а іх удзельнікам ён дае магчымасць пазнаёміцца і абмяняцца досведам.

Таксама міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны падтрымлівае традыцыі народных умельцаў і прыкладае ўсе намаганні, каб яны развіваліся і знаходзілі пераемнікаў у наступных пакаленнях. Дзеля гэтага існуе конкурс «Майстар і вучань». У яго рамках народныя ўмельцы могуць падзяліцца сваімі ведамі і ўменнем, атрымліваючы адмысловую стыпендыю міністэрства. Пра сутнасць праграмы распавядае яе каардынатарка Магдалена Тшаска.

- Праграма створаная з думкай пра майстроў, дарэчы, пра гэта сведчыць і сам яе назоў. А майстры – гэта ўмельцы, якія дзейнічаюць у галіне народных рамёстваў. Ёсць тры катэгорыі, у рамках якіх можна прымаць удзел у конкурсе – гэта артыст, рамеснік або рукадзельніца. Акрамя таго, таксама вучні гэтых майстроў могуць скарыстацца стыпендый. Гэта значыць, асобы, якія толькі вучацца, збіраюць веды, або ўжо маюць нейкія навыкі, але намераныя пашырыць свае ўменні.

У мінулым годзе такія народныя пары, майстар-вучань, стварылі, у прыватнасці, музыканты, песняры, каруначніцы, вышывальшчыцы, а нават млынары. Падчас праграмы яны павіны прадставіць журы эфекты свайго супрацоўніцтва.

- Яны павінны прысылаць справаздачы. Мы павінны ведаць, што праца над праектам ідзе, што ўдзельнікі актыўна супрацоўнічаюць. І пад канец конкурсу яны прысылаюць канчатковы рапарт – ён можа быць у выглядзе здымкаў або відэазапісу. У рамках папярэдніх конкурсаў былі таксама створаныя фільмы з удзелам кожнай пары «майстар-вучань». Калі ўдасца сабраць больш праектаў, мы плануем падрыхтаваць тут выставу іх працаў. Конкурс – гэта наша ўласная праграма, гэта значыць, мы выдзяляем фінансавыя сродкі на дзейнасць як майстроў, так і вучняў. Гэтыя грошы можна прызначыць, напрыклад, на матэрыялы, якія патрэбныя падчас навучання канкрэтнаму народнаму рамяству. Але мы ўжо не правяраем, на што ўдзельнікі выдаткоўваюць атрыманыя сродкі, самае важнае, каб яны прадставілі тую працу, якая была прадстаўленая ў заяўцы на конкурс.

Заяўкі можна падаваць да 26 сакавіка. Мэта праграмы «Майстар і вучань» – захаванне мясцовай спадчыны і традыцый, забеспячэнне пераемнасці аўтэнтычнага народнага мастацтва. Дарэчы, гэта вельмі важна не толькі для польскай народнай культуры, але і мясцовых традыцый нацыянальных меншасцяў у Польшчы, якія з яшчэ большай стараннасцю павінны клапаціцца пра захаванне ведаў народных умельцаў і пераемніцтва, паколькі традыцыі нацменшасцяў як правіла менш трывалыя і хутчэй паддаюцца зніканню, чым традыцыі большасці, якая засяляе дадзеную тэрыторыю.

нг