Беларуская Служба

У Сусветны дзень дзікай прыроды расказваем пра ўнікальнае месца пад Старым Сончам

03.03.2023 08:11
Гаворка пра анклаў прыроды «Bobrowisko» (ад bóbr – бабёр) у поймах рэк Дунаец і Попрад у Старым Сончы.
Аўдыё
  • У Сусветны дзень дзікай прыроды расказваем пра ўнікальнае месца пад Новым Сончам
Bobrowisko
Bobrowisko ў Старым Сончыфота: starysacz.um.gov.pl

3 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень дзікай прыроды. Гэтая дата невыпадковая – у гэты дзень у 1973 годзе быў прыняты тэкст Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES).

Сусветны дзень дзікай прыроды быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар багацця дзікай прыроды ў свеце. Мэтай мерапрыемства таксама з'яўляецца павышэнне ведаў аб каштоўнасці дзікай прыроды і пагрозах.

У гэты дзень мы раскажам пра ўнікальнае месца ў Польшчы, у якім можна назіраць за рознымі гатункамі жывёлы і птушак, якія ахопленыя аховаю.

Гаворка пра анклаў прыроды «Bobrowisko» (ад bóbr – бабёр) у поймах рэк Дунаец і Попрад у Старым Сончы. Абʼект уяўляе сабой драўляныя аглядныя дарожкі (даўжынёй 400 метраў), размешчаныя паміж балотаў, азёраў і зараснікаў, з двума назіральнымі пунктамі.

Марэк Крочэк, аўтар ідэі па стварэнні Bobrowiskа, гаворыць, што найперш тут можна сачыць за гатункамі, якія знаходзяцца пад аховаю, у прыватнасці, за лебедзем-шыпуном і еўрапейскім бабром.

-Мы знаходзімся на адной з назіральных вежаў. Пры дапамозе бінокляў можна сачыць за бабрамі і птушкамі. Можна глядзець, як яны плюскаюцца, выплываюць са сваімі малымі, цягнуць галіны ў свае дамы. Еўрапейскі бабёр знаходзіцца пад аховаю, паколькі многія гады яго папуляцыя змяншалася. Дзякуючы рэінтрадукцыі і ахове іх колькасць павялічылася. А гэтае месца дазваляе прыйсці вечарам ці ноччу і паназіраць, як бабёр выглядае ў натуральным асяроддзі.

Чарговым гатункам, які жыве ў гэтым анклаве, з’яўляецца лебедзь-шыпун, расказвае натураліст Войцех Скочэнь.

-Самкі рэгулярна выседжваюць тут патомства. Самец заўсёды знаходзіцца блізу і ўважна сочыць за акружэннем. Прыгожыя птушкі. Размах крылаў лебедзя-шыпуна можа сягаць нават 2,5 метраў. І хоць гэта ціхая і спакойная птушка, то яна ў стане заатакаваць у абароне птушанят ці самкі. Хоць у асноўным лебедзь-шыпун – ціхі і спакойны.

Цікавінка: на беларускай мове гатунак птушкі – лебедзь-шыпун. Ужо сама назва сведчыць аб тым, што ён шыпіць, а значыць можа быць агрэсіўным. На польскай мове – гэта łabędź niemy – у літаральным перакладзе «нямы». Тут назва сведчыць пра зусім адваротнае, чым на беларускай мове.

Звычайна вельмі рэдка можна паназіраць за лебедзем-шыпуном у натуральным асяроддзі, таму Bobrowisko – гэта ўнікальнае месца для такога віду назіранняў.
Bobrowisko багатае і ў іншыя гатункі флоры і фаўны.

-У нас тут і качкі крыжанкі, чомгі, бакланы. Ёсць мноства амфібій і рэптылій, а таксама шмат рыбы. Саюз рыбаловаў на працягу многіх гадоў разводзіў рыбу ў гэтым вадаёме. Таму тут можна паглядзець на цэлы паказ раслін і жывёл, – расказвае Марэк Крочэк.

Паводле натураліста Войцеха Скочні, багацце мясцовай прыроды з’яўляецца непаўторным:

-Багацце мясцовай прыроды, якая акружае нас з кожнага боку, з’яўляецца непаўторным, паколькі гэта месца адзінае ў сваім родзе. Гэта месца развілак горных рэк, а таму тут і ўзніклі непаўторныя, адзіныя ў сваім родзе ўмовы. Думаю, цяжка прайсці праз гэтае месца, не ўспрымаючы гэтай прыроды, як вялікага скарбу. Чагосці, чаму кожны з нас павінен навучыцца: што мы павінны клапаціцца пра кожны закуток нашай зямлі. Такія месцы вучаць нас звяртаць на гэта ўвагу.

Bobrowisko – гэта прытулак для людзей, якія шукаюць ціхае месца з дзікай прыродай. Стары Сонч не вельмі багаты на месцы, якія спалучаюць стаячую ваду, дзікіх жывёл, дрэвы і спакой. Гэта хутчэй дамен паўночнай часткі краіны. Bobrowisko – гэта выключэнне. Дадаткова частка тэрыторыі ўключана ў ахоўную зону Natura 2000.

Сусветны дзень дзікай прыроды – гэта магчымасць адзначыць прыгожыя і разнастайныя формы дзікай фаўны і флоры. Свята нагадвае аб тэрміновай неабходнасці актывізацыі барацьбы з «экалагічным злачынствам», якое мае велізарны ўплыў на прыроду, але таксама мае негатыўныя эканамічныя і сацыяльныя наступствы.

Дзікая прырода сама па сабе з’яўляецца каштоўнасцю, але нельга не адзначыць яе значэнне ў захаванні экалагічных працэсаў, генетычнага фонду, сацыяльнае, эканамічнае, навукова-асветніцкае, культурна-турысцкае і рэкрэацыйнае значэнне.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце