Беларуская Служба

Варшава, Беласток, Шчэцін, Уроцлаў... Беларусы Польшчы знаёмяцца

07.03.2023 20:48
«Людзям важна адчуваць агульнапольскую беларускую супольнасць».
Аўдыё
  • Варшава, Беласток, Шчэцін, Уроцлаў... Беларусы Польшчы знаёмяцца
Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/geralt

У мінулыя выходныя прадстаўнікі Беларускага Моладзевага Хаба з Варшавы наведалі Шчэцін, дзе знаёміліся з дзейнасцю беларускіх актывістаў гэтага польскага гораду. Нядаўна варшаўскія беларусы пабывалі таксама ў Беластоку ды Уроцлаве. Пра мэты і вынікі візіту распавёў адзін з арганізатараў паездкі Аляксей, які папрасіў не агучваць яго прозвішча.

- Задача, якую мы ставім перад сабой – пазнаёміцца з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы і навязаць супрацу. У сярэдзіне лютага ў нас была сустрэча з прадстаўнікамі шасці польскіх гарадоў у Варшаве, а цяпер мы ездзім і знаёмімся. У суботу прайшла сустрэча ў Шчэціне, было каля 50 чалавек, мы былі прыемна здзіўленыя такой вялікай колькасцю актыўных людзей, якія робяць цікавыя справы на лакальным узроўні, у сваім горадзе. У іх добрыя планы і перспектывы развіцця. Я б дадаў Шчэцін у капілку польскіх гарадоў, у якіх моцная беларуская супольнасць. А 25 сакавіка на цэнтральнай плошчы Шчэціна будзе падсвечана філармонія ў бел-чырвона-белыя колеры, таксама адбудуцца іншыя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі.

Нядаўна вы пабывалі таксама ва Уроцлаве. Якія тэмы закраналіся падчас сустрэчы?

- У беларусаў Уроцлава ёсць памяшканне, там беларускія арганізацыі існуюць ужо даўно, некаторыя яшчэ да 2020 года. Праходзяць класныя мерапрыемствы, жыццё насычанае. Мы прывезлі гісторыка Віктара Якубава з праекту Моладзевага хаба «Кава з гісторыкам». Ёсць выдатная супраца паміж беларускімі і польскімі арганізацыямі, напрыклад, «Мова нанова» у іх праходзіць на базе Уроцлаўскага ўніверсітэту. А гаворка падчас сустрэчы ішла пра ўмацаванне сеткі гарызантальнага супрацоўніцтва, таму што вельмі важна не толькі развіцца ў сваім горадзе, але таксама мець сувязь з іншымі гарадамі. Людзям важна адчуваць агульнапольскую беларускую супольнасць. Высоўваліся прапановы, каб беларускія музыкі, якія хочуць выступаць, мелі кантакты з прадстаўнікамі гэтых гарадоў, каб яны маглі скласці гастрольны тур, каб пісьменнікі, паэты таксама маглі выступаць у гэтых гарадах.

Вы згадалі пра «Мову нанова». Пры нагодзе я хачу спытаць менавіта пра стаўленне да мовы. Я заўважаю, што мяняецца стаўленне беларусаў да мовы, пашыраецца разуменне, што мова – гэта базіс нацыі. Ці вы таксама заўважаеце гэтыя змены і на якой мове ідуць як правіла сустрэчы?

- Большасць тых, з кім мы размаўляем, вядуць размову на беларускай мове. І бачна, што хтосьці не так даўно перайшоў на мову ці толькі пераходзіць на яе. Людзі выбачаюцца, што не могуць добра данесці свае думкі на беларускай мове, таму ўжываюць расійскую, але ўсё больш людзей ужываюць беларускую мову. Бачна і цікавасць да мовы, і да заняткаў «Мовы нанова».

І яшчэ адзін горад, дзе вы былі – гэта Беласток. Ён адрозніваецца на фоне іншых польскіх гарадоў, паколькі там здаўна жыве шмат беларусаў і існуе шмат беларускіх арганізацый.

- У Беластоку цікавая сітуацыя, там ёсць мясцовыя беларусы з польскім грамадзянствам, якія жывуць там усё сваё жыццё. І ёсць арганізацыі, якія дзейнічаюць даўно – Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Фонд «Тутака», але ёсць таксама новыя арганізацыі. Мы хацелі пазнаёміцца перш за ўсё з новымі арганізацыямі. Былі, між іншым, прадстаўнікі Фундацыі «Новая зямля» і Хаба «Новая зямля», які адчыніўся ў снежні. Наша цікавасць да новых ініцыятыў, каб іх падтрымаць.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце аўдыё