Калі ў 8.30 рабочыя пачалі выкопваць крыж на розе вуліц Маркса і Маякоўскага, у яго абарону выступілі спачатку жанчыны і дзеці, а потым і мясцовыя жыхары. У другой палове дня да іх далучыліся рабочыя заводаў Новай Гуты. Сабраўшыся пад крыжам, яны маліліся, спявалі рэлігійныя і патрыятычныя песні, усклалі кветкі. Для разгону людзей улады накіравалі міліцыю. Адбыліся сутычкі, неўзабаве яны ахапілі ўсю Нову Гуту і працягваліся да позняй ночы. Міліцыя ўжыла дубінкі, слезацечны газ і баявыя патроны. Было шмат параненых, а паводле непацверджанай інфармацыі, таксама забітых. У горадзе адключылі электрычнасць. Пасля жорсткага падаўлення супраціву былі затрыманыя некалькі сотняў чалавек. Урэшце крыж застаўся на месцы.
У 50-ю гадавіну тых падзеяў, у 2010 годзе, пра іх у эфіры Радыё Кракаў згадвала жанчына, якая адной з першых адрэагавала на спробу дэмантажу крыжа:
-Прыехаў грузавік, на ім прыехалі рабочыя, якія пачалі выкопваць крыж. Са мной была святой памяці Гэлена Мусял. Яна ўскочыла ў яму, схапіла крыж. Як яна схапіла, то я за ёй.
У барацьбу за абарону крыжа ўступілі і кракаўскія студэнты, успамінаў у 2021 годзе ўдзельнік пратэстаў Адам Мацэдоньскі:
-Першае, што ўдарыла, гэта запах газу. У нас пацяклі слёзы. Ну і спевы, крыкі, стрэлы, свячэнне над скрыжаваннем. Мы рушылі. У цемры мне кінулася ў вочы, што тэлефонная будка і міліцэйская будка, якія былі на цэнтральнай плошчы, ляжаць скручаныя, быццам бы іх нехта бульдозерам праехаў.
У 2020 годзе Войцех Падухоўскі з Бюро гістарычных даследаванняў Інстытута нацыянальнай памяці ў Кракаве патлумачыў палітычныя і ідэалагічныя прычыны, якімі кіраваліся камуністычныя ўлады ў жаданні зняць крыж:
-Чаму хацелі прыбраць крыж? Хутчэй за ўсё, планаваліся вялікія ўрачыстасці на чале з Уладзіславам Гамулкам, які павінен быў умуроўваць краевугольны камень пад будову школы. Аднак па палітычных і ідэалагічных прычынах ён не мог гэтага зрабіць на фоне вялікага драўлянага крыжа.
Камуністычная ўлада жорстка здушыла супраціўленне, затрымала некалькі сотняў чалавек, некалькі дзясяткаў звольніла з працы з так званым воўчым білетам, іншых прымусіла выехаць з Новай Гуты. Былі канфіскаваны 2 мільёны злотых, сабраныя жыхарамі на будаўніцтва абяцанага касцёла. Таксама была ўжытая інфармацыйная блакада, у тым ліку было праверана амаль 30 тысяч лістоў.
Тагачасны першы сакратар ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі Уладзіслаў Гамулка вёў рэзкі антыкасцёльны наступ:
-Даўно мінулі сярэднявечныя часы перавагі Касцёла над дзяржавай. Трэба прыстасавацца да прагрэсу і адракчыся ад безнадзейнай думкі аб змаганні з сацыялізмам.
Гісторык, прафесар Войцех Рашкоўскі ў эфіры Польскага радыё ў 1997 годзе казаў, што камуністычныя ўлады так жорстка змагаліся з Касцёлам, таму што хацелі атэізаваць грамадства, каб мець магчымасць больш сцісла яго кантраляваць:
-У сувязі з гэтым нават нейтральная пазіцыя не магла дапамагчы касцёлу, асабліва ў Польшчы, дзе ён быў вельмі моцны, у абліччы камуністычных атак. Камуністы хацелі атэізаваць грамадства. Яны хацелі стварыць масу суб’ектаў, незвязаных лаяльна ні са структурамі касцёла, ні з запаведзямі.
63 гады таму перамовы з уладамі аб урэгуляванні сітуацыі ў Новай Гуце вёў тагачасны біскуп Караль Вайтыла, пазней папа Ян Павал ІІ. Паводле дакументаў, ужо 28 красавіка ён размаўляў з муніцыпальнымі ўладамі. Ён абверг іх намёкі, што касцёльны бок вінаваты ў сітуацыі. «Прычына здарэння не ў заяве пробашча ксяндза Саторыя, які паведаміў вернікам пра намер зняць крыж, а ў тым, што абяцанні ўладаў народу не выкананыя. Насельніцтва паўстала ў абарону распачатай працы па будаўніцтве касцёла і ў абарону крыжа, які для іх з’яўляецца сінонімам таго, у што яны вераць», – адзначыў біскуп Вайтыла ў звароце да вернікаў, апублікаваным праз некалькі дзён пасля абароны крыжа.
Вынікам перамоў стала дамоўленасць аб тым, што храм будзе пабудаваны ў некалькіх сотнях метраў. Крыж застаўся на месцы. Такім чынам атэістычная – на думку ўладаў – Новая Гута, пабудаваная як «горад без Бога», атрымала свой храм.
У 2007 годзе на месцы барацьбы за крыж быў усталяваны помнік. Амаль 5-метровы помнік-крыж, адліты з бронзы, замяніў тры ранейшыя крыжы, усталяваныя на гэтым месцы жыхарамі. Аб падзеях 1960 года нагадваюць высечаныя на крыжы чалавечыя рукі.
ав