Беларуская Служба

Разнастайнасць і колькасць пчолаў змяншаецца - гэта праблема для чалавека

12.05.2023 09:17
Штодзённа мы не ўсведамляем, наколькі важныя насякомыя, асабліва апыляльнікі, для функцыянавання прыроднага свету, а значыць і для жыцця чалавека.
Аўдыё
  • Разнастайнасць і колькасць пчолаў змяншаецца - гэта праблема для чалавека
.
.designerpoint/pixabay.com/CC0

Штодзённа мы не ўсведамляем, наколькі важныя насякомыя, асабліва апыляльнікі, для функцыянавання прыроднага свету, а значыць і для жыцця чалавека. Якое значэнне гэтых істот для біяразнастайнасці і як мы можам дапамагчы ім функцыянаваць? 

Насякомыя – гэта найвялікшая па колькасці група жывёл у свеце. Ёсць насякомыя, якіх людзі выключна не любяць, а ёсць такія, без якіх чалавек мог бы знікнуць з твару зямлі. Канешне, гаворка ідзе пра апыляльнікаў, якія апыляюць як дзікарастучыя расліны, так і садавіну, гародніну, ягадавыя, аграрныя культуры. Гэта група насякомых, якія трэба асаблівым чынам падтрымліваць, а для гэтага неабходна даведацца пра рэчы, якія ім пагражаюць, гаворыць доктар хабілітаваны Вераніка Банашак-Цыбіцкая. Гэта дазволіць рабіць захады, дзякуючы якім апыляльнікі не загінуць, нягледзячы на змены ў прыродзе.

Насякомыя-апыляльнікі – гэта мноства розны відаў. У нашай геаграфічнай шыраце самымі важнымі апыляльнікамі з’яўляюцца пчолы, нагадвае спецыялістка:

- Прычым я маю на ўвазе не толькі мядовую пчалу, якую ведае кожны, і якая паўсюдна разводзіцца пчалярамі. Гэта ўсе гатункі дзікіх пчолаў, якія функцыянуюць у прыродзе незалежна ад чалавека. Даследаванні паказваюць, што яны, як апыляльнікі, адыгрываюць велізарную ролю. Мядовая пчала апыляе мноства раслін, але яна не ў стане замяніць працу ўсіх астатніх пчолаў. Астатнія пчолы апыляюць не толькі дзікія расліны, але вельмі часта павялічваюць ураджайнасць аграрных культур. Акрамя мядовых пчол, прысутнасць дзікіх пчол надзвычай важная для ўраджайнасці. Для нас вельмі важна, каб разнастайнасць насякомых была вялікай.

Даследаванні паказваюць, што разнастайнасць і колькасць пчолаў змяншаецца. Гэта вынік змен у навакольным асяроддзі, кажа Вераніка Банашак-Цыбіцкая.

-Краявіды значна мяняюцца. Знікаюць некранутыя ўчасткі. У сваю чаргу ёсць усё больш тэрыторый, моцна змененых чалавекам. Мяняецца таксама сельскагаспадарчыя палі, а гэта таксама месцы, дзе пчолы заўсёды адчувалі сябе добра. У сваю чаргу цяпер моцная хімізацыя, знікненне некранутых прыродных месцаў, дзе насякомыя могуць развівацца і размнажацца, з’яўляецца вельмі некарысным чыннікам. У аграрным ландшафце такія некранутыя ўчасткі вельмі істотныя. З аднаго боку, насякомыя там будуюць гнёзды і складаюць яйкі, калі мы кажам пра чмялёў ці матылькоў, па-другое, з’яўляюцца крыніцай харчавання. Трэба памятаць, што расліны на сельскагаспадарчых палях цвітуць у пэўны акрэслены час, а для насякомых вельмі важны доступ да ежы на працягу цэлага сезону.

Таму вельмі істотна, каб побач з палямі былі кавалкі лесу, лугі, каб апыляльнікі маглі рабіць добрую справу для аграрных культур. Такія месцы, гаворыць экспертка, патрэбныя і іншым насякомым, якія адыгрываюць станоўчую ролю ў жыцці чалавека, не толькі для апылення, але і для аховы раслін. Гэта групы насякомых, якія харчуюцца шкоднікамі.

Вераніка Банашак-Цыбіцкая тлумачыць, што карысныя для пчол намаганні можна рабіць як асабіста, так і на дзяржаўным узроўні:

-Ёсць працы, якія вядуцца ў вялікім маштабе, якім патрэбныя захады ў маштабе краявіду. Самае галоўнае – захаванне некранутых прыродных месцапражыванняў насякомых, якія ў прыродзе яшчэ ёсць. Дзе гэта магчыма – вяртанне такіх месцаў. Наступным модным трэндам з’яўляецца стварэнне месцаў, якія могуць быць цікавыя для гэтых насякомых. У аграрным ландшафце – гэта могуць быць насаджэнні дрэваў ці кустоў. Кветкавыя палосы – гэта на Захадзе ўжо папулярная ідэя, у Польшчы яна толькі паяўляецца. У гарадскім асяроддзі часта насаджваюцца лугі. Неабходнае адпаведнае кашэнне такіх палянаў, каб кветкі цвілі па некалькі разоў, каб апыляльнікі маглі як мага даўжэй карыстацца нектарам. Празмерна частае кашэнне негатыўна ўплывае на насякомых.

Вераніка Банашак-Цыбіцкая заахвочвае кожнага, хто мае каля дому ўчасткі, а таксама на балконах саджаць расліны, якія спрыяюць насякомым. Даследаванні паказалі, што нават мінімальныя насаджэнні такіх раслін могуць пазітыўна ўплываць на жыццё насякомых-апыляльнікаў.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце