«Заначуй у лесе» – гэта праект, дзякуючы якому «Дзяржаўныя лясы» далі магчымасць аматарам бушкрафта і школы выжывання начлегу ў лесе на больш за 600 тысячах гектараў у 425 лясніцтвах.
Аматараў адпачынку на прыродзе з кожным годам у Польшчы становіцца ўсё больш. Прыдпрыемства «Дзяржаўныя лясы» вырашыла пайсці насустрач чаканням аматараў такога адпачынку і распачала праграму «Заначуй у лесе».
Выбіраючы «лясны гатэль», неабходна памятаць, што ў лесе няма кранаў, вадаправода, рэстаранаў і аўтастаянак. Аднак там ёсць цудоўная прырода, дзікія жывёлы ці насякомыя і не заўсёды спрыяльныя ўмовы надвор'я. Акцыя «Заначуй у лесе» адрасаваная ў першую чаргу людзям, гатовым жыць у складаных умовах мясцовасці.
Мальвіна Сакалоўска з Рэгіянальнай дырэкцыі «Дзяржаўных лясоў» ва Уроцлаве дадае, што, нягледзячы на адсутнасць камфортных умоваў, начлег у лесе – гэта надзвычайная прыгода. Яна расказвае, як падрыхтавацца да начлегу:
-Не трэба баяцца лесу, ён цудоўны, фантастычны. Я заўсёды паўтараю, што гэта цудоўны гатэль пад зоркамі. Не з зоркамі – чатырма ці пяццю – але пад зоркамі. Падрыхтоўка залежыць ад таго, ці мы плануем спаць самыя, ці большай групай. Калі нас крыху большая група, то неабходна паведаміць пра гэта ў лясніцтва. А на самым пачатку мы павінны праверыць, дзе можна легальна пераначаваць, паколькі яшчэ не ў кожным лесе гэта можна зрабіць. У рамках праграмы «Заначуй у лесе» вызначаныя абшары, а кожнае лясніцтва на сваёй старонцы ў інтэрнэце змяшчае правілы такога начлегу і мапу з акрэсленай тэрыторыяй. Гэтую мапу таксама можна знайсці ў Банку дадзеных пра лясы, у дадатку «Турыстычная мапа».
Незалежна ад таго, які інвентар будзе выкарыстоўвацца для адпачынку, ён не павінен пашкоджваць дрэвы, хмызнякі і падлесак. Таксама забараняецца карыстацца адкрытым агнём па-за адведзенымі месцамі:
-Я б выбрала газавы балон, паколькі ён больш бяспечны, чым вогнішча. На мапе, пра якую я гаварыла, неабходна праверыць, дзе мы можам ёй карыстацца. Праграма яшчэ маладая, пачаткова былі вызначаныя абшары, дзе можна было толькі пераначаваць. Потым дададзены месцы, дзе можна карыстацца газавымі пліткамі, крыху ў рамках тэставання. Мы не атрымалі ніводнай інфармацыі, каб дзесьці здарыўся няшчасны выпадак, таму, думаю, у будучым месцаў, дзе можна карыстацца турыстычнай плітой, будзе больш, але цяпер не паўсюль гэта можна рабіць. Таму гэта таксама трэба праверыць загадзя.
Начаваць можна ў намёце, але сапраўдны аматар бушкрафта і школы выжывання выбярэ гамак:
-Усё залежыць ад таго, ці мы з’яўляемся асобамі, якія стала мерзнуць, ці можа наадварот любяць больш халодныя тэмпературы. Ад гэта толькі залежыць, ці мы бяром адзін спальнік ці два, крыху жартуючы. Насамрэч у лесе пераначаваць можа кожны. Я асабіста раю начаваць у гамаку, паколькі пасля нас застаецца значна менш слядоў. Калі мы такі гамак павесім паміж дрэвамі, то пад намі не застанецца ніякіх слядоў. Калі мы апошні раз начавалі большай групай, то раніцай, калі мы сабраліся сыходзіць, прыбралі, то пасля нас не засталося ніякіх слядоў, на наступны дзень ніхто нават не сказаў бы, што мы там былі. Калі ночыць у намёце, то пад ім застанецца памятая лясная падсцілка, але дзень ці два і яна вернецца да пачатковага выгляду. Але дзень, два будзе бачна, што нехта ў лесе спаў.
Начлег у лесе – гэта сустрэча з дзікай прыродай ва ўсёй красе. Таму не забывайце аб правілах бяспекі, здаровым сэнсе і выкананні правілаў. Даўно з самых галоўных: не пакідаць смецця.
-Памятайма, што гэта галоўны прынцып школы выжывання: калі ідзеш у лес, то робіш гэта так, каб ніхто не ведаў, дзе ты знаходзішся, дзе ты быў. То бок не пакідаеш па сабе ніякіх слядоў. Сапраўдныя прыхільнікі адпачынку ў стылі школы выжывання стараюцца нават не паламаць ніводнай галінкі, каб пасля іх не засталося ніводнага следу.
«Заначуй у лесе» – выдатны крок да свабоднага доступу да прыроды. Пасля пілотнага года, у якім праект быў цёпла сустрэты і станоўча ацэнены атрымальнікамі і арганізатарамі, Дзяржаўныя лясы вырашылі працягваць праграму, дзякуючы якой можна легальна начаваць пасярод лесу.
слухайце аўдыё