Беларуская Служба

Сабака можа вылечыць ад сарамлівасці і палепшыць працу мозгу чалавека

30.06.2023 09:17
1 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Дзень сабакі.
Аўдыё
  • Сабака можа вылечыць ад сарамлівасці і палепшыць працу мозгу чалавека
.
.Vizslafotozas/pixabay.com/CC0

Сабакі – не толькі лепшыя сябры чалавека. Яны таксама добра ўплываюць на наша здароўе, а пры адпаведнай працы могуць вылечыць ад сарамлівасці і палепшыць працу мозгу чалавека. 1 ліпеня адзначаецца Дзень сабакі.

Дзень сабакі – адносна новая ініцыятыва, заснаваная ў 2007 годзе. Хаця ў многіх месцах сустракаецца іншая версія яго назвы – Сусветны дзень сабакі, – на самай справе свята не з'яўляецца міжнародным. Яно створана па ініцыятыве польскага часопіса «Przyjaciel Pies». Дата 1 ліпеня невыпадковая. Менавіта летам большасць сабак трапляе ў прытулкі, бо іх не вельмі адказныя гаспадары не ведаюць, чым з імі заняцца падчас адпачынку.

Аднак мы з нагоды Дня сабакі не будзем гаварыць пра сумныя справы, а паразмаўляем пра догатэрапію.

У Польшчы догатэрапія ўжо шмат гадоў паспяхова выкарыстоўваецца. Гэта прыносіць шмат карысці, асабліва пры працы з самымі маленькімі пацыентамі. Перавагі тэрапіі з дапамогай сабак пералічвае біхевіёрыст Агнешка Халевяк-Гуральчык:

-Асабліва ў выпадку дзяцей з пэўнымі цяжкасцямі ў развіцці – гэта прызнаная форма тэрапіі, паколькі бачныя карысці, якія дзеці атрымліваюць ад кантакту з жывёлай. Ёсць догатэпаія, але таксама ёсць фелінатэрапія, то бок працуюць таксама каты. Жывёла – не толькі наш сябар, жыве з намі, але можа нам таксама дапамагаць.

Кантакт з сабакам дапамагае не толькі дзецям з цяжкасцямі ў развіцці. Чаму можа навучыць сабака самых малодшых?

-Калі казаць пра дзяцей, то напэўна адчувальнасці, таго, як дакранацца да іншай істоты. У выпадку дзяцей гэта важна, бо многія на пачатку маюць цяжкасці са зразуменнем, што з’яўляецца дотыкам. Дзіця вучыцца, што іншай істоце патрэбна харчаванне. Што гэта таксама абавязкі, а не толькі прыемнасць. Што іншыя – жывыя і маюць свае пачуцці. Думаю, гэта самае важнае, чаму вучыць жывёла. Цяпер трываюць часы вялікай самотнасці. Нібыта ёсць сацыяльныя сеткі, нібата побач пастаянна хтосці ёсць, але калі мы гаворым пра сапраўдную блізкасць, то часцей за ўсё у нас застаюцца нашыя меншыя сябры. І гэта тут вельмі важна. Не кожны можа дазволіць сабе мець жывёлу, таму догатэрапія – гэта таксама шлях да кантакту з іншай істотай.

Ёсць пароды, якія асабліва падыходзяць для такога віду тэрапіі, расказвае Агнешка Халевяк-Гуральчык:

-Калі казаць пра сабак, то вельмі важныя схільнасці, якія мае канкрэтная жывёла. Ёсць пароды сабак, якія маюць большыя схільнасці, як лабрадоры, гольдэны, спаніэлі. Гэта сабакі, якія маюць схільнасці да ўсталёўвання кантактаў з новым чалавек, з якім яны толькі што пазнаёміліся, і атрымлівання радасці ад гэтага кантакту. Яны таксама маюць вялікую цярплівасць. Але гэта таксама абазначае, што не кожны сабака гэтай пароды можа быць догатэрапеўтам, які стала знаходзіцца ў кантакце з іншымі людзьмі. Бо кожны сабака мае свой характар, яны адрозніваюцца паміж сабою. Ну і трэба памятаць, што яны могуць мець выгаранне, звычайна ім можа ўсё надакучыць. Важна зазначыць, што гэта не сабака з’яўляецца тэрапеўтам, але чалавек-спадарожнік гэтага сабакі. І гэта чалавека павінен клапаціцца не толькі пра свайго пацыента, але і пра свайго сабаку. Каб сабака не выгараў, добра працаваў, і ведаць, калі прыйшоў час пасці на пенсію.

А ці звычайная дварняжка таксама магла б займацца догатэрапіяй?

-З дварняжкамі цяжэй прадбачыць, якія ў яго рысы характару. Паколькі мы з самага пачатку назіраем за сабакам, ці ў яго ёсць схільнасці. Калі сабаку спаўняецца два гады, то пачынаецца ацэнка, ці ён будзе здольны да такой працы. У выпадку ўзятага сабакі з прытулку мы не ведаем, што ён перажыў раней. І якія рэчы могуць выклікаць у яго рэакцыю: дзіця, якое моцна крычыць, нейкі рух рукой, які будзе прыгадваць сітуацыю з дзяцінства. Сабака можа пакутаваць, а нават можа быць пакрыўджаны кліент. Мы не выключаем дварняжак, але гэта павінны быць сабакі, мінулае якіх вядомае, і лёгка будзе прадбачыць магчымыя цяжкасці. Гэта самае важнае.

Як доўга неабходна рыхтаваць сабаку, каб ён змог стаць тэрапеўтам?

-У прынцыпе гэта выглядае так, што ўжо на этапе развядзення трэба дамаўляцца з разводчыкамі, які шчанюк, ад якіх бацькоў можа мець пажаданыя рысы. Гэта назіранне, уступны выбар жывёлы. Калі выбраны сабака сапраўды праяўляе патрэбныя якасці, то можна пачаць з ім чарговыя этапы абучэння. Працэс павінен закончыцца курсам, які пакажа, што дадзеная жывёла сапраўды здольная да такой працы.

Хатнія жывёлы дапамагаюць не толькі ў прафесійнай тэрапіі. Даказана, што простае пагладжванне сабакі або кошкі зніжае ціск. Рэгулярныя прагулкі з гадаванцам таксама карысныя для здароўя. Да таго ж, сабака звычайна ўмее адчуваць наш настрой.

– Калі нам цяжка, ён вельмі хоча нам дапамагчы, але не заўсёды ведае, як. Дзякуючы гэтай жывёле мы самі павінны справіцца з гэтымі эмоцыямі, а ён можа быць толькі маленькай падтрымкай, – сказала Агнешка Халевяк-Гуральчык.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Cабака Стыў тройчы ўцякаў ад беларускіх службаў на польскай мяжы

21.06.2022 09:59
Яму восем гадоў, ён надзвычай прыязны, і яго гісторыя – нешта нечуванае.