Міністэрства развіцця і тэхналогіі паведаміла, што Польшча павялічыць свой фінансавы ўклад у Еўрапейскае касмічнае агенцтва на 200 мільёнаў еўра. Гэтая сума ставіць Польшчу ў лік вядучых краін агенцтва і прызначана для дынамічнага развіцця польскага касмічнага сектара. Разам з раней заяўленай сумай унёсак Польшчы ў даследаванні ЕКА на бліжэйшыя гады складзе больш за 250 мільёнаў еўра.
Паводле старшыні Польскага касмічнага агенцтва прафесара Гжэгажа Врохны, 90% гэтых сродкаў вернецца ў Польшчу ў выглядзе заказаў, якія будуць рэалізаваць польскія кампаніі касмічнага сектара:
- Гэта 200 млн еўра на бліжэйшыя тры гады і яны павялічаць суму, якую мы ўжо заявілі летась – 51 млн еўра. Тое, на што будуць выдаткаваны гэтыя грошы з'яўляецца цяпер прадметам перамоваў з Еўрапейскім касмічным агенцтвам і кансультацый з нашым касмічным сектарам. Грошы, якія мы ўкладаем павінны вярнуцца ў польскія кампаніі, польскія навуковыя інстытуты ў выглядзе заказаў на выкананне элементаў неабходных для ажыццяўлення касмічных праграм.
Большы ўнёсак Польшчы ў ЕКА павінен стварыць магчымасць фінансавання сфер дзейнасці, пазначаных у Польскай касмічнай стратэгіі 2017 года. Па некалькіх праектах плануецца падпісанне двухбаковых пагадненняў:
- Самы галоўны з іх гэта будаўніцтва польскіх спадарожнікаў для назірання, чарговы – стажыроўкі для палякаў у ЕКА, яшчэ адна праграма будзе тычыцца развіцца сучасных тэхналогіяў і апошняе – удзел у даследаваннях на міжнароднай касмічнай станцыі.
Старшыня Польскага касмічнага агенцтва прафесар Гжэгаж Врохна зазначае, што для палёту польскага касманаўта ў космас патрэбная не толькі згода Еўрапейскага касмічнага агенцтва, але і згода НАСА:
- Праводзяцца перамовы па пытанні чым будзе займацца польскі астранаўт і калі ён зможа паляцець. А калі казаць пра Міжнародную касмічную станцыю, то пераважную частку коштаў пакрывае НАСА, таму і ў НАСА вырашальны голас па падрыхтоўцы палётаў. Усе падрабязнасці і прозвішча астранаўты будуць вынікам перамоваў і згоды міжнароднага камітэта, які за гэта адказвае.
У гэты момант паляк доктар Славаш Узнаньскі (Sławosz Uznański), запасны астранаўт Еўрапейскага касмічнага агенцтва, мог бы паляцець у космас. Аднак, як запэўніваюць прадстаўнікі польскага касмічнага сектара, у выпадку дрэннага самаадчування доктара Узнаньскага, Польшча зможа даць яму замену – чалавека, які мае адпаведныя кампетэнцыі і адпавядае строгім патрабаванням здароўя.
Рашэнні аб доступе да даследаванняў Міжнароднага касмічнага агенцтва, імя касманаўта і дата магчымага палёту могуць быць прыняты ў бліжэйшыя некалькі тыдняў.
яс/IAR