Беларуская Служба

Балтыйскі бурштын - адкуль паходзіць балтыйскае золата

28.07.2023 08:09
У свеце вядома больш за 60 гатункаў бурштыну, з якіх ажно 90% паходзіць з Каралявецкага рэгіёну.
Аўдыё
  • Балтыйскі бурштын - адкуль паходзіць балтыйскае золата
Бурштынsteinchen/pixabay.com/CC0 Public Domain

З даўніх часоў бурштын выкарыстоўваўся як дэкаратыўны і лячэбны камень. Амулеты з яго выраблялі ўжо ў палеаліце, надзвычай папулярным ён быў у Рымскай імперыі. Сёння ён выкарыстоўваецца ў касметычнай, фармацэўтычнай, ювелірнай і медыцынскай прамысловасці. 

Што такое бурштын, як ён узнік, і чаму ён надалей настолькі папулярны? Пра гэта мы будзем размаўляць з прафесар Барбарай Сладкоўскай з Дзяржаўнага геалагічнага інстытуту. Экспертка тлумачыць, што бурштын з’яўляецца мінералоідам, гэта камень арганічнага паходжання, які ўзнік са смалы дрэваў, якія раслі дзясяткі мільёнаў гадоў таму.

-Балтыйскі бурштын так называецца, паколькі мы збіраем яго на балтыйскіх пляжах, але ён узнік з дрэваў, якія акружалі пра-Паўночнае мора. Вакол гэтага марскога вадаёма на тэрыторыі сённяшняй Скандынавіі раслі бурштынавыя лясы. Адно з галоўных пытанняў, якое дрэва давала смалу. Гэта спрабавалі высветліць дзясяткі гадоў, але да канца так і не разгадалі гэтую загадку, нягледзячы на прымяненне розных метадаў. Аднак, мяркуецца, што бурштын узнікаў са смалы іглічных парод.
Назва бурштын паходзіць з нямецкай мовы: Bernstein, што абазначае камень, які гарыць. Бурштын вельмі добра гарыць. У Каралявецкай вобласці калісьці бурштынам палілі ў печках.

Бурштын мае выдатныя ўласцівасці, кажа Барбара Сладкоўска. Найперш ён вельмі лёгкі і мяккі, то бок яго проста апрацоўваць. Іншай адметнай ад іншых смол рысай бурштыну з’яўляецца ўтрыманне бурштынавай кіслаты. У балтыйскім бурштыне яго каля 7-8%.

Бурштын можна знайсці на балтыйскім пляжы, асабліва ў раёне Гданьскага заліву, і асабліва пасля шторму. Барбара Сладкоўска падкрэслівае, што назва балтыйскі не азначае, што гэта месца ўзнікнення бурштыну. Гэта другасныя радовішчы. Першасныя радовішчы паходзяць з перыяду 50-40 млн гадоў таму.

-Менавіта тады раслі лясы, якія давалі бурштынавую смалу. Яны выступалі ў вялікіх колькасці ў раёня Караляўца. Яны многія гады вымываліся падчас штормаў і ў выніку асядалі на балтыйскім пляжы. Калі казаць пра радовішчы ў Польшчы, то да іх узнікнення моцна прычыніўся ледніковы шчыт. Першасныя радовішчы бурштыну ён расцягнуў па тэрыторыі Польшчы. У выніку можна знайсці бурштын у Тухольскіх барах, на Курпях. Паўтаруся, гэта ўсё другасныя радовішчы. Першасныя паходзяць з бурштынавых лясоў, якія вельмі моцна плакалі, давалі шмат смалы.

Каб з гэтай смалы ўзнік бурштын павінны былі прайсці акрэсленыя працэсы, расказвае прафесар Сладкоўска. Смала цякла па ствалах, запаўняла шчыліны ў сярэдзіне пнёў, ляжала на траве, зямлі. Такая смала пераносілася паверхнаснымі водамі ў рэкі, а рэкамі ў мора. І гэта абавязковая ўмова, каб смала пераўтварылася ў бурштын: павінна быць узаемадзеянне з салёнай вадой.

Чаму бурштын настолькі папулярны? Чаму ён адыгрываў значную ролю ў Рымскай імперыі?

-Перш за ўсё, дзякуючы таму, што бурштын лёгка гарыць і выдзяляе прыемны паз смалы, яго выкарыстоўвалі ў якасці ладану. Прыгажосць бурштыну ў ювелірных вырабах цанілася не толькі ў старадаўнія часы, але і па сённяшні дзень. Старадаўнія людзі дацэньвалі яго якасці і прыгажосць. Паводле мяне, бурштын з’яўляецца магічным каменем. А яго магія заключаецца ў тым, што ў бурштыне зачараваны час. Гэта неверагодна, калі мы глядзім на бурштынавыя інклюзы – астанкі розных арганічных элементаў у смале. Ён стаў пасткай для малых насякомых, павукоў, астанкаў раслін. Самае неверагоднае, гэта трохмернасць. Аб’ект захоўвае ўсе ўласцівасці, якія былі ў моманце трапляння ў пастку смалы. Назіраючы за бурштынам, трэба сказаць, што мы сапраўды здзяйсняем падарожжа ў часе. Гэта неверагодны камень. Гэта магія, якая затрымлівае час 40 мільёнаў гадоў назад. Мы можам паглядзець арганізмы, якія жывуць і сёння, але і ўжо вымерлыя, – гаворыць прафесар Барбарай Сладкоўскай з Дзяржаўнага геалагічнага інстытуту.

У свеце вядома больш за 60 гатункаў бурштыну, з якіх ажно 90% паходзіць з Каралявецкага рэгіёну.
Натуральны бурштын не тоне пры кантакце з салёнай марской вадой. Кінуты ў прэсную ваду, ён апусціцца на дно. Пад уздзеяннем тэмпературы бурштын пачне дыміць і гарэць, выдаючы прыемны пах.

Адмоўныя іоны, якія вылучаюцца бурштынам, павялічваюць прыток кіслароду да мозгу і крыві, што паляпшае здольнасць да канцэнтрацыі і самаадчуванне. Іонны баланс у арганізме спрыяе вызваленню сератаніну, які забяспечвае нармальнае функцыянаванне нервовай сістэмы. Чым больш адмоўных іонаў вакол нас, тым здаравейшае паветра, што азначае лепшы настрой.

Бурштын быў татэмам, які абараняў ад зла і чараў. На працягу многіх стагоддзяў яго выкарыстоўвалі, каб зняць чары і абароніцца ад «благога вока». Паводле старажытных павер'яў, нашэнне амулета з бурштынам магло абараніць ад няўдач і прынесці поспех. І па гэты дзень многія лічаць, што гэта станоўча ўплывае на іх псіхіку і творчыя сілы.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце