Распачаўся 19-ты конкурс «Папулярызатар навукі», які арганізуе Фонд Польскага прэсавага агенцтва.
«Папулярызатар навукі» гэта чалавек не толькі кампетэнтны ў сваёй справе, але і здольны падзяліцца сваімі ведамі з іншымі, лічыць лаўрэат конкурсу доктар Павел Гжэсёўскі, эксперт па прафілактыцы і лячэнні інфекцыйных захворванняў.
– На мой погляд, папулярызатарам навукі з’яўляецца той, хто спрабуе перакласці складаную навуковую мову, цяжкія паняцці, напрыклад, медыцынскія ў маім выпадку, на мову зразумелую кожнаму.
Званне «Папулярызатар навукі» атрымаў таксама Станіслаў Лабозяк, па адукацыі малекулярны біёлаг. Падчас пандэміі каранавіруса ён заснаваў YouTube-канал «Вачыма біёлага» («Okiem biologa»), які набыў вялікую папулярнасць.
– Я працаваў у біялагічнай лабараторыі ў Цэнтры навукі «Капернік», дзе я быў адказны за падрыхтоўку заняткаў для наведвальнікаў. Аднак падчас пандэміі стаў рыхтаваць YouTube-канал. Цяпер я займаюся грамадскай актыўнасцю і пашыраю навуковыя веды ў грамадстве. Насамрэч, я развіваю свае захапленні і ў той жа час распавядаю пра іх іншым.
Папулярызатараў навукі ў Польшчы становіцца ўсё больш, пра што сведчыць колькасць конкурсных заявак. Напачатку іх было некалькі ў год, сёння – больш за сотню.
Да ўдзелу ў конкурсе можна падаць сябе ці іншую асобу, сродак масавай інфармацыі або ўстанову. Галіна навукі не мае значэння – дагэтуль былі ўзнагароджаны, напрыклад, астраномы, матэматыкі, біёлагі і гісторыкі.
Заяўкі прымаюцца да 17 верасня, прызы будуць уручацца ў пяці намінацыях: вучоны, аніматар, каманда, установа і СМІ.
Конкурс «Папулярызатар навукі» ладзіцца з 2005 г. сайтам «Навука ў Польшчы» (naukawpolsce.pl), які выдае Фонд «Польскае агенцтва друку» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і навукі.
яс/ПР3