Гэта імплементацыя ў польскую прававую сістэму дырэктывы Еўрасаюза аб выключэнні аднаразовага пластыку з эканамічнага цыклу. Усё ж у частцы крам, а таксама ў месцах грамадскага харчавання пластыкавы аднаразовы посуд можна надалей сустрэць. Чаму?
Гаворка ідзе пра канкрэтныя 13 катэгорый прадуктаў, ахопленых дырэктывай. Эколаг з Універсітэта Лазарскага Славамір Бжозэк тлумачыць, што гаворка пра пластыкавыя прадметы, якія можна было зрабіць з іншых рэчываў:
-Цудоўным прыкладам з’яўляюцца пластыкавыя сталовыя прыборы, ці палачкі для вушэй. Тут палачкі замест пластыку можна зрабіць з макулатуры. Гэта прадметы сапраўды аднаразовага ўжытку, ніхто з імі нічога не будзе рабіць, тым больш перапрацоўваць, максімальна іх можна было б спаліць. Важна зразумець, што ўсе гэтыя талеркі, сталовыя прыборы, палачкі, у сусветным маштабе – гэта мільёны тон штучнай сыравіны. Акрамя таго, што яны будуць раскладвацца дзясяткі гадоў, то для іх вытворчасці трэба выкарыстаць велізарную колькасць нафты, якую можна было б выкарыстаць у значна больш патрэбных мэтах. З іншага боку, зробленыя з такой колькасці нафты прадметы можна было б выкарыстоўваць значна мудрэй, не аднаразова.
Паводле эксперта, праблема заключаецца ў тым, што калі ідучы на пікнік мы бярэм аднаразовыя пластыкавыя талеркі і сталовыя прыборы, то часцей за ўсё яны застаюцца на месцы пікніка. І нават, калі іх выкідваюць у сметніцу, то прыходзіць жывёла, якая шукае ў сметніках рэшткі ежы і раскідвае ўсё навокал:
-Пластык не столькі раскладаецца, колькі распадаецца. З часам малекулярныя сувязі становяцца слабейшымі і пластык распадаецца на ўсё меншыя кавалкі. А пра праблему забруджання навакольнага асяроддзя мікрапластыкам, а цяпер нават кажуць пра наначасціцы пластыку, думаю, большасць слухачоў ужо чула. І гэта сапраўды вялікая праблема, паколькі гэтыя наначасціцы ёсць у ежы, якую мы ямо, у паветры, якім мы дыхаем. Гэта не ўзялося з ні адкуль, а з пластыку, які трапіў у наваколле.
Дырэктыва, якая ўводзіла забарону на некаторыя пластыкавыя прадметы аднаразовага карыстання, увайшла ў жыццё ажно два гады таму, але мела пераходны перыяд. Вытворцы не маглі выпускаць новага пластыкавага тавару з 1 сакавіка 2021 году. Адначасова ўжо выраблены тавар дазволена пакінуць у гандлёвым абароце.
-У гэтым ёсць эканамічны сэнс. Два гады – гэта і шмат, і мала. У Польшчы прыняцце самой дырэктывы заняло больш чым два гады. Пластык, які надалей можна купіць, гэта старыя запасы. І іх будуць выкарыстоўваць так доўга, пакуль яны будуць. Пакуль прадавец можа даказаць, што гэта тавар выпушчаны да ўвядзення забароны на вытворчасць, то зможа іх прадаваць. І тут паяўляецца роля спажыўца. Калі мы ведаем, што забароны была ўведзеная не для таго, каб ускладніць жыццё вытворцам, а каб абараніць навакольнае асяроддзе ад масавага забруджання пластыкам, то нашая роля таксама важная. Калі мы маем перакананне і не хочам, каб пластык трапляў у навакольнае асяроддзе, то проста не купляем, - гаворыць эколаг з Універсітэта Лазарскага Славамір Бжозэк.
слухайце аўдыё