Беларуская Служба

Беларускі інжынер у эміграцыі: Мару стварыць у Польшчы вытворчасць электрычных ровараў

13.08.2023 08:07
Пакінуўшы Беларусь з палітычных прычынаў беларускі інжынер-тэхнолаг знайшоў у Польшчы лепшыя магчымасці, чым на радзіме, для здзяйснення сваёй мары і над гэтым настойліва працуе штодня.
Аўдыё
  • Суразмоўца з іроніяй згадвае, што ў Мінску быў цэлы роварны завод, які так і не змог наладзіць выпуск сучасных ровараў нават на свой рынак, а іх стартапу ўдалося запраектаваць амаль цэлую лінейку электрычных ровараў.
        .
Ягор працуе ў Польшчы ў майстэрні абслугоўвання гарадскіх ровараў. Foto: Фота аўтара

Пачыналі ў піўніцы на Партызанскім праспекце…

Ягор працуе ў Польшчы ў майстэрні абслугоўвання гарадскіх ровараў. Тут таксама займаюцца аднаўленнем старых мадэляў, прычым, не толькі еўрапейскіх, а і амерыканскіх. Як правіла, паводле яго, гэта ровары выпушчаныя ў пасляваенны час. Акрамя гэтага ў майстэрні самі займаюцца вытворчасцю рамаў да ровараў у геаметрыі, якую праектуюць таксама самастойна. У выніку з закупленых запчастак збіраюць гатовыя ровары.

Па адукацыі ён інжынер-тэхнолаг, скончыў БНТУ, а з роварамі, як прызнаецца, звязаны ўсё жыццё. Калі адпрацоўваў пасля ўніверсітэту на падышпнікавым заводзе, задумаў стварыць свой электрычны ровар, са сваім дызайнам. У яго знайшліся аднадумцы.

Суразмоўца з іроніяй згадвае, што ў Мінску быў цэлы роварны завод, які так і не змог наладзіць выпуск сучасных ровараў нават на свой рынак, а іх стартапу ўдалося запраектаваць амаль цэлую лінейку электрычных ровараў.

-У піўніцы на Партызанскім праспекце побач з роварным заводам мы і распрацавалі наш першы серыйны ровар.

З інвестарамі ў Беларусі складана…

Самі нават шукалі завод, які мог бы наладзіць серыйны выпуск іх прадукцыі, паўгады ездзілі па Кітаю, аднак праект так і не ўдалося ажыццявіць. Стварыць стартапу амаль цэлую лінейку электрычных ровараў удалося, а вось з інвестарам у Беларусі аказалася зусім няпроста, нягледзячы на тое, што інвестар быў прыватным бізнесменам.

-Мы з ім не дамовіліся, паколькі сабекошт аказаўся трохі вышэйшым – недзе на 10%, чым планавалася ад пачатку. Розніца невялікая, але яму не спадабалася і ён выйшаў з гэтага праекту. Хаця, пазней ён нам прапанаваў вярнуцца.

Дарэчы, для даведкі: сабекошт электрычнага ровара запраектаваны тады стартапам Ягора, калі яго выпускаць на заводзе ў Кітаі, складаў прыкладна 900 долараў. Для параўнання – у Польшчы такія ровары каштуюць да трох тысяч еўра.

Цэлы роварны завод у Мінску, а магчымасцяў не было…

Наладзіць вытворчасць такіх электрычных ровараў у Беларусі, паводле Ягора, наагул не было ніякай магчымасці.

-Даражэй было бы. Можна было б наладзіць сваю вытворчасць, але каб збудаваць свой завод патрэбны былі яшчэ большыя інвестыцыі.

Што датычыць існаваўшага тады роварнага заводу ў Мінску, то, паводле майго суразмоўцы, яны спрабавалі наладзіць кантакт, але…

-Яны не маглі зрабіць тое, што нам трэба было. Яны не працавалі з алюмініем, а ў нас там была алюмініевая рама. І гэта была адна з галоўных прычын чаму мы не маглі з імі працаваць.

Хаця, як заўважае Ягор, спробы наладзіць сумесную працу з Мінскім роварным заводам у іх стартапа ўсё ж былі. І яны хацелі распрацаваць для іх новыя мадэлі ровараў, толькі вось стаўленне з боку адмыслоўцаў было такое, што працаваць разам так і не ўдалося.

-Ну як бы зразумела, што тры хлопцы ў піўніцы нешта цікавае робяць, а тут цэлае прадпрыемства не здольнае распрацаваць і выпусціць новую мадэль ровара…

Ягор распавядае, што былі спробы супрацы з іншымі прыватнымі прадпрыемствамі. Яны падрыхтавалі новыя серыйныя мадэлі, як звычайнага ровара, так і электрычнага, для прадпрыемства “Белводдорс”, якое займалася выпускам міжкомнатных дзвярэй. Прычым, адметнасцю гэтых мадэляў было тое, што рама ў іх была драўляная. Але і там з-за ўнутраных праблемаў на прадпрыемстве праект так і не адбыўся.

Адзін незвычайны ровар магчыма паедзе па прасторах СНД

І ўсё ж адзін шэрынгавы электрычны байк для беларускай фірмы, які распрацаваў Ягор са сваім сябрамі, праходзіць выпрабаванні ў Мінску. Вопытныя ўзоры, сабраныя ў Кітаі, тэстуюцца ў беларускай сталіцы і плануецца, што далей іх будуць экспартаваць у краіны СНД. Ягор кажа, што шмат у чым гэта незвычайны электрычны ровар.

-Ад звычайнага розніцца тым, што ён антывандальны, антыўгонны, ты заўсёды ведаеш, дзе ён знаходзіцца. Там куча электронікі: на рулі зарадка тэлефона, датчыкі стаяць, блютузы і ўсякая іншая мітрыя.

Жнівень 2020 змяніў планы

А затым быў жнівень 2020 году. Ягор, як сам кажа, як і ўсе беларусы, выйшаў на пратэсты. На адной з акцый  разам з сяброўкай быў затрыманы, абодва адседзелі суткі ў Жодзіна.

-А затым у 2022-м годзе ў сакавіку маю сяброўку арыштавалі ў кватэры і пасадзілі на трое сутак на Акрэсціна, завялі крымінальную справу. За што завялі справу – ніхто нічога не сказаў. І пасля гэтага мы вырашылі, што настала пара з’язджаць.

Цяпер, аглядваючыся ў той час, Ягор кажа, што нічога добрага ў галаву не прыходзіць – толькі шкадаванне пра родных, блізкіх, сяброў, якія там засталіся.

Я прыехаў у Польшчу з марай…

У Польшчы ён хутка знайшоў месца дзе зарабляць на жыццё, але ў галаве планы па ажыццяўленню сваёй мары – свайго электычнага ровара. Пакуль адбываецца працэс легалізацыі, адкрыць сваю фірму ці прадпрымальніцкую дзейнасць немагчыма. Хаця планы, як гэта павінна быць ужо складзены.

-Я прыехаў у Польшчу з марай – хацеў бы адкрыць тут завод па выпуску электрычных ровараў свайго ўласнага дызайну. Я распрацоўваю новыя мадэлі ровараў і шукаю інвестараў. Зрабіў невялічкі бізнес-план, падаюся на розныя грантавыя праграмы. Праўда, часу на ўсё не стае, але я стараюся.

Мужчына перакананы, што тут у яго ёсць шанец, паколькі ўмовы ў Польшчы ў параўнанні з Беларуссю непараўнальныя. Паводле яго, найбольшы плюс, што тут перад вытворцам адкрыта ўся Еўропа – вялікі рынак. Другі плюс – тут лягчэй знайсці інвестараў, паколькі шмат дзе ёсць грошы. А па-трэцяе, у Польшчы вельмі шмат якасных матэрыялаў з якіх можна рабіць вельмі якасны прадукт.

-Я зрабіў ужо тут першую невялікую партыю сваіх рамаў і адправіў хлопцам у Беларусь, якія ў мяне іх замаўлялі. Яны былі здзіўленыя з якога якаснага матэрыялу яны зробленыя. І мне таксама вельмі падабалася працаваць з такім матэрыялам. Мабыць толькі тое, што тут даражэй энергетычныя расходнікі – гэта адзіны мінус.

Мой суразмоўца яшчэ звяртае ўвагу, што ў Польшчы існуе большая канкурэнцыя, чым у Беларусі, шмат людзей робяць ровары, як і ён. І на даволі высокім узроўні. А яшчэ яго прыемна ўразілі сучасныя польскія заводы з вялікімі магчымасцямі для вытворчасці.

-Мне здаецца, галоўнае рабіць якасна і гэта тое, што заўсёды будзе здзіўляць. Па адукацыі я інжынер-тэхнолаг і добра разумею, як распрацаваць тэхналогію вытворчасці таго ж ровара. Мне гэта вельмі добра знаёма і насамрэч, каб было дастаткова грошай можна было пачынаць вытворчасць.

На развітанне я пацікавіўся ў Ягора - ці не сумуе ён па Беларусі?

-Сумую, канешне, сумую. У першую чаргу па родных, па мясцінах дзе быў, па беларускай вёсцы сумую, па Мінску - не сумую. Сумую па людзях…

-А калі будзе магчымасць вярнуцца…

- Вярнуся, канешне. Польшча вельмі падобная да Беларусі, адчуваеш так нібыта ты недзе побач у суседнім горадзе ад Мінска. Тут дужа так па-роднаму, па-свойску…

Павел ЗАЛЕСКІ


 

 

 

 

 

Падрыхтавалі

 

Беларуская пенсіянерка ў эміграцыі: «Я б не хацела, каб Лукашэнка проста памёр. Ён павінен адказаць па закону»

09.08.2023 14:35
Спадарыня Валянціна (імя гераіні змененае з пытанняў бяспекі родных) адна з старэйшых беларускіх эмігрантак у Польшчы.

Марш салідарнасці з Беларуссю прайшоў у Варшаве ФОТА

10.08.2023 00:51
Марш салідарнасці з Беларуссю прайшоў у Варшаве. Акцыя была прымеркавана да гадавіны пачатку масавых пратэстаў у Беларусі, калі мільёны беларусаў заявілі на ўвесь свет аб сваім праве выбіраць, жаданні жыць у прававой, дэмакратычнай дзяржаве.