У 30 год мела адно іржавае аўта
Вольга жыве ў Польшчы з 2018 года. Нарадзілася ў Мінскай вобласці. Скончыла тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-канструктар дызайнер мэблі. Працавала на розных беларускіх прадпрыемствах, але як сама заўважае, зарабіць у той сістэме на жыццё не давала рады.
Яна не хавае таго, што ўсё крута змянілі звычайныя матэрыяльныя патрэбы, якія яна не магла задаволіць у сваёй краіне.
-Мне было 30 год, я ўвесь час працавала, то на дзяржаўных, то на прыватных прадпрыемствах, але грошай не хапала ні на што. Я да 30 год мела толькі іржавае аўта. Памятаю, заробак у 2018 годзе атрымлівала 470 рублёў (трохі больш чым 200 еўра), з іх 120 трэба было аддаць на паліва, 100 рублёў за камунальныя паслугі. Ішла ў краму, каб купіць боты і думала – а што застанецца на жыццё. Бывала, што грошай наагул не было і добра, што мама перадавала мне мех бульбы…Я настолькі раззлавалася на гэту сістэму, што сабрала свае рэчы і з’ехала ў Польшчу.
Калі маеш працу, можаш нармальна жыць
Там жыла былая аднакурсніца, якая параіла пераехаць. Напачатку было вельмі не проста. Жыла некалькі тыдняў у хостале ў пакоі на 10 чалавек, не было куды нават рэчы паставіць. Працавала на складзе адзення, на рыбнай фабрыцы, у гуртоўні з прадуктамі.
Пазнаёмілася з будучым мужам, які таксама з Беларусі і таксама прыехаў у Польшчу на заробкі. Разам адкрылі свой бізнес, маюць уласную краму. На жыццё спадарыня не скардзіцца, хаця кажа, што і зараз не ўсё ідэальна, але, з яе слоў, калі тут працуеш, то можаш нармальна жыць.
-Я ўжо тут пяць год і за гэты час у мяне ўжо ёсць свая кватэра, свой бізнес і сям’я. І вось цяпер адчуваю сябе шчаслівай. А на той рэжым, які дагэтуль існуе ў Беларусі, пакрыўджана за тое, што маладая, актыўная ў тым жабрацтве нічога не магла сабе ў жыцці дазволіць.
Сатысфакцыя ад першага поясу была неймаверная
Распавядаючы пра цікавасць да ткацтва беларускіх традыцыйных паясоў, спадарыня згадвае, што яшчэ з першага класа наведвала ў школе рознага кшталту кружкі, дзе вучылася вязаць, вышываць і гэты занятак вабіў.
Пасля сканчэння ўніверсітэту яе накіравалі працаваць у Ружаны і там, каб падзарабіць да свайго невялікага заробку, пачала вучыць дзяцей вышыванню ў Цэнтры дзіцячай творчасці.
-Увесь гэты час я не пакідала вышыўку і вязанне. Аднойчы патрапіла на ярмарку рамёстваў і сустрэла сваю былую настаўніцу, якая вучыла мяне вышываць. Яна прадстаўляла свае ткацкія працы. Мяне гэта вельмі зацікавіла і я ізноў пайшла да яе вучыцца. Цяпер ужо ткаць паясы.
Былая настаўніца навучыла ткаць на бердо і на дашчэчках. Першы свой пояс яна саткала ў 2014 годзе.
- Сатысфакцыя ад зробленага была неймаверная. Мне тады хацелася саткаць усе ўзоры, якія бачыла ў кніжках. Гэта вельмі цікава, я заўсёды рабіла гэта з вялікім задавальненнем. І цяпер мару стварыць сваю ўласную калекцыю паясоў. Раней я ткала нашы традыцыйныя беларускія ўзоры па кніжках, а цяпер навучылася камбінаваць узоры сама і гэта яшчэ больш вабіць пашырыць сваю фантазію ў паясах.
У Беларусі ткала на продаж, у Польшчы хачу зрабіць калекцыю для паказу
Як згадвае спадарыня Наталя, ткала шмат і пераважна ўсе іх прадавала, каб паправіць фінансавае становішча. Але ў той самы час удзельнічала ў конкурсах, атрымлівала ганаровыя дыпломы.
-Як правіла, нашы паясы прадаваліся на рамесніцкіх ярмарках, на фестывалях, рознага кшталту культурніцкіх мерапрыемствах. Былі выпадкі, калі нехта персанальна замаўляў. У той час у Беларусі ў паветры лунаў адраджэнцкі дух і многія пачалі цікавіцца сваёй культурай.
Кошт аднаго поясу даўжынёй два з паловай метра, паводле суразмоўніцы, каштаваў каля ста рублёў. А больш кароткія і вузейшыя прадаваліся па 40-50 рублёў. І ўсё ж у Беларусі пакупнікоў на такія рэчы было не так і шмат.
-Неяк нам патрапіла паехаць на ярмарку рамеснікаў у польскі Люблін і вось там за адзін дзень я прадала ўсе свае паясы. Прычым, адзін пояс зроблены на бердо каштаваў больш за 200 злотых. Прасцейшыя – натканыя на дашчэчках - прадаваліся па 60-100 злотых.
Нягледзячы на тое, што ткацтва паясоў у спадарыні Вольгі было скіравана на камерцыйную аснову, яна не заўсёды магла займацца гэтай справай.
-Ткаць я магла ды і цяпер магу толькі ў выпадку, калі гэтаму адпавядае добры настрой. Калі стан маёй душы просіць гэтага, бо ты ж імкнешся зрабіць нешта прыгожае. Інакш за такую працу ніколі не бяруся.
Цяпер, пажыўшы ў Польшчы, спадарыня кажа, што яе больш цікавіць не камерцыйны падыход да ткацтва паясоў.
-Цяпер мяне не столькі цікавіць тое, каб прадаць свае работы. Я мару найперш стварыць вялікую калекцыю традыцыйных беларускіх паясоў з усіх нашых рэгіёнаў, каб яе выстаўляць, каб людзі маглі бачыць. Бо на ярмарках у Любліне я зразумела якое задавальненне людзям прыносіць тое, калі яны бачаць прыгожыя паясы.
Традыцыйным паясам імкнуся надаць сучаснае прымяненне
Як правіла, распавядае мая суразмоўніца, традыцыйныя беларускія паясы – бел-чырвона-белыя. І такімі яны былі напачатку ў яе. Але з часам яна паспрабавала ткаць з розных нітак і прымяняць для ўпрыгожвання адзення і самых розных аксесуараў.
-А яшчэ хочацца ствараць проста прыгожыя рэчы. Да прыкладу, каб абвязаць доўгую спадніцу, павязаць на голаў, некаторыя заказвалі паяскі, каб абшыць знізу спаднічку, нехта на сукенку, аздобіць манжэцікі ці каўнерыкі – гэта ўсё вельмі прыгожа выглядае. І цікава, калі яно ў розных колерах. Мяне гэта вельмі цешыць і я бачу, што надаю традыцыйным паясам сучасную патрэбу. І гэта людзям падабаецца.
Больш таго, яна зрабіла вышыванку на сучаснай кашулі, што таксама змяніла яе да непазнавальнасці. Спадарыня апранае яе і кажа, што хацела б усім паказаць, як прыгожа і варта выкарыстоўваць нашу спадчыну ў сучасных строях.
І плакала, і стрэс быў…, але я не вярнуся туды
Паміж усім гаворым і пра Беларусь. Спадарыня Наталя перажыла падзеі 2020 года ў Польшчы. Кажа, што нават узгадваць пра гэта цяпер цяжка.
-І плакала , і стрэс быў, і чаго толькі не перажыла. І на працы не магла супакоіцца, палякі мяне ўсцешвалі. А я не магла супакоіцца, бо ў ХХІ стагоддзі людзей катуюць, садзяць у турмы за тое, што яны дамагаюцца справядлівасці… У мяне быў вялікі стрэс…
Апошні раз мая суразмоўніца была ў Беларусі ў студзені 2020 года і ўжо тады была перакананая ў тым, што зрабіла правільна, калі пераехала жыць у Польшчу. Там надалей не бачыць перспектыў для сябе.
-Мне ўжо тады хацелася назад, мне тут добра, у мяне тут усё ёсць. Тут мой дом і вяртацца мне хочацца сюды. Адзінае, што хацелася б паехаць і паглядзець, дзе жылі мае бабулі, паплакаць там і ўзгадаць сваё дзяцінства. Я не вярнуся ў Беларусь, я пакрыўджана на тое, што не змагла ў свой час там нічога зрабіць…
Павел ЗАЛЕСКІ
Здымкі: Беларускія паясы з калекцыі спадарыні Вольгі