Сёння на святую Гару Грабарку прыйшлі праваслаўныя паломнікі, якія некалькі апошніх дзён ішлі пешшу. Галоўныя ўрачыстасці Праабражэння Гасподняга ў святым для праваслаўных месцы будуць праходзіць 18 і 19 жніўня. Звычайна ва ўрачыстасці прымаюць удзел некалькі тысяч вернікаў.
Святая гара Грабарка з невялікай царквой і жаночым манастыром з’яўляюцца для праваслаўных у Польшчы найважнейшай царкоўнай святыняй. Традыцыя здзяйсняць паломніцтвы ў гэтае месца бярэ пачатак з 1710 года. Аднак культ іконы «Спаса і Збаўніка» быў вельмі папулярны на гэтай тэрыторыі ўжо ў 13 стагоддзі, расказвае гісторык, прафесар Антон Мірановіч:
-Да цудатворнай іконы «Спаса і Збаўніка», якая тады знаходзілася ў Мельніку ў царкве Багародзіцы, прыходзілі не толькі простыя людзі, але і князі. Калі татары напалі на Валынь, на паўднёвае Падляшша, ікону перанеслі ў больш недаступнае месца, сярод лесу. Гэтая ікона «Спаса і Збаўніка» прыцягвала людзей у XVI стагоддзі. Мала хто ведае, але дакументы паказваюць, што ў канцы XVI- пачатку XVIІ стагоддзя з Немірава былі арганізаваныя спецыяльныя каталіцкія місіі, якія павінны былі абмежаваць уплыў манахаў, якія хваляць цудатворную ікону «Спаса і Збаўніка». Больш вядомыя факты пра гэтае месца паходзяць з XVIІІ стагоддзя, калі ў 1710 годзе падчас Паўночнай вайны ў гэтым месцы была шырока распаўсюджана зараза. Аднаму з жыхароў Сямятыч прыснілася, што ёсць вызначанае Богам месца, дзе можна атрымаць ратунак. Так і сталася. З 1710 году гэта цудатворнае месца для праваслаўных, але і ўсіх астатніх.
Калі адбываліся цудоўныя вылячэнні, на месцы была пабудавана капліца, а потым царква. Царква аднаўлялася, рамантавалася і добраўпарадкоўвалася, але ў 1990 годзе яе падпалілі, царква цалкам згарэла. Новы храм, ужо мураваны, быў асвечаны ў 1998 годзе.
У 1947 годзе на святой Гары Грабарцы ўзнік праваслаўны жаночы манастыр імя св. Марты і Марыі. З тых часоў гісторыя гары неаддзельная ад гісторыі манастыра. Сёстры моляцца і даглядаюць гэтае святое месца.
З 2000 года на Святой гары знаходзіцца Іверская ікона Божай Маці, напісаная на Святой гары Афон, ахвяраваная да 2000-годдзя хрысціянства.
У паломнікаў ёсць звычай ставіць на ўзгорку драўляныя крыжы. Сярод дрэў, якія растуць на ўзгорку, іх тысячы, некаторыя крыніцы кажуць пра 10 тысяч. Кожная група пілігрымаў усталёўвае крыж, шмат хто пакідае і свой, які нёс у розных прыватных інтэнцыях.
Найбольшая колькасць паломнікаў пачала прыязджаць у Грабарку пасля Другой сусветнай вайны, калі галоўныя праваслаўныя святыні (Пачаеў, Жыровічы) апынуліся ў межах Савецкага Саюза. Найбольш шматлікія пілігрымкі прыходзяць на святую Гару ў свята Праабражэння Гасподняга (18/19 жніўня), але вернікі, паломнікі і турысты едуць сюды круглы год.
Дакладных дадзеных аб колькасці праваслаўных у Польшчы няма. Праваслаўныя іерархі налічваюць каля 500 тысяч вернікаў. Гэтую лічбу прывяло таксама Галоўнае статыстычнае ўпраўленне ў апублікаванай некалькі месяцаў таму справаздачы «Рэлігійныя канфесіі ў Польшчы ў 2019-2021 гадах». Найбольшая канцэнтрацыя вернікаў праваслаўнай царквы знаходзіцца на Падляшшы.
Падчас папярэдняга перапісу 156 тысяч чалавек дэкларавалі прыналежнасць да праваслаўнай царквы ў Польшчы. Аднак гэтыя звесткі іерархі лічаць ненадзейнымі. Даных апошняга перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2021 годзе, пакуль няма.
ав
слухайце аўдыё