У свеце налічваецца каля 1400 відаў кажаноў, 1332 знаходзяцца ў Чырвонай кнізе знікаючых відаў, з якіх дзевяць ужо вымерлі, а 32 знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Прыродніцкія арганізацыі з нагоды Міжнароднай ночы кажаноў ладзяць разнастайныя акцыі, якія папулярызуюць веды пра гэтых рукакрылых. У Польшчы сапраўднай крыніцай ведаў пра гэтую жывёлу з’яўляецца Польскае таварыства аховы прыроды “Саламандра”. Марта Кэпэль з таварыства расказвае, што Ноч кажаноў ладзіцца на карысць змены іміджу рукакрылых:
-Паколькі еўрапейскія гатункі кажаноў вельмі скрытныя, яны не любяць паказвацца на вочы ні людзям, ні жывёле. Яны актыўныя ноччу, а дні праводзяць у розных схованках, цяжка даступных ці недаступных месцах. У сувязі з гэтым няма нагод, каб за імі паназіраць, пазнаёміцца. На жаль, нашая псіхіка дзейнічае менавіта так, што мы баімся таго, чаго не ведаем. Таму акцыя стварае нагоду, каб большая колькасць людзей магла сустрэць кажаноў, нечага большага пра іх даведацца, што яны небяспечныя як вераб’і, то бок увогуле. Адрозніваюцца ад вераб’ёў толькі тым, што вераб’ёў мы бачым, а кажаноў не.
Месяц жнівень – гэта добры час, каб паназіраць за кажанамі. Цяпер гэтыя рукакрылыя вельмі актыўныя, у асенне-зімовы час кажаны ўпадаюць у спячку, а тады іх нельга непакоціць. Пад канец жніўня кажаноў пабачыць значна прасцей, цёплымі вечарамі яны вылятаюць на паляванне, таксама гэта перыяд іх спарвання.
Кружыць шмат мітаў пра кажаноў. Самыя распаўсюджаныя, здаецца, гэта тыя, што кажаны ўбіваюцца ў валасы і пераносяць хваробы. Марта Кэпэль пераконвае, што нічога больш памылковага:
-Гэта міты. Кажаны ўбіваюцца ў валасы выключна Бабе Язе ў казках, хоць паказанні гномаў у гэтай справе выклікаюць сумневы. Такое не здараецца, кажаны не цікавяцца нашымі валасамі. Яны лятаюць над нашымі галовамі. Калі нехта выходзіць на шпацыры цёплымі вечарамі, то запэўніваю, што над іх галовамі кажаны лятаюць, але ў цемры мы іх не бачым і не чуем.
Марта Кэпэль расказвае, што кажаны жывуць паўсюль. Не толькі ў лясах і палях, вёсках і малых мясцовасцях. Яны жывуць таксама ў цэнтры вялікіх гарадоў.
Спецыялістка пераконвае, што людзям толькі здаецца, што над іх галовамі няма кажаноў. Каб іх заўважыць, неабходна мець ліхтарыкі з чырвоным святлом ці дэтэктар ультрагуку. Выкарыстоўваючы гэтыя прылады аказваецца, што кажаны паўсюль вакол нас:
-Кажаны вельмі карысныя. Яны, як птушкі, з’ядаюць насякомых, якія лятаюць ноччу. Можна сказаць, што рукакрылыя працуюць у другую змену. Большасць птушак днём палюе на насякомых, а ноччу спіць. Тады гэта кажаны палююць на насякомых. Гэта насякомыя, якіх не любяць людзі. Крыланы ў першую чаргу з’ядаюць камароў і іншых насякомых падобных памераў, у вялікай колькасці. Іншыя кажаны з’ядаюць моль ці іншых насякомых, лічынкі якіх размнажаюцца ў вадзе. Рукакрылыя з’ядаюць разнастайных жукоў. Таму ёсць шмат прычын, каб кажаноў любіць. Дарэчы, людзі, у ваколіцах дамоў якіх ёсць калоніі кажаноў ведаюць, што на раёне няма камароў, ці прынамсі іх значна-значна менш.
У свеце апісаныя каля 1400 гатункаў кажаноў. Толькі тры з іх харчуюцца кроўю, але яны не сустракаюцца ў Еўропе. Гэтыя кажаны жывуць у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыках. Еўрапейскія кажаны харчуюцца насякомымі, а некаторыя гатункі членістаногімі. Яны не ядуць садавіны.
У Польшчы ўсе кажаны знаходзяцца пад аховай відаў.
слухайце аўдыё