Catasticta Copernicus – так у гонар Мікалая Каперніка называецца новы від матылькоў, адкрыты даследчыкамі з Ягелонскага ўніверсітэта ў перуанскіх Андах.
Catasticta – разнастайны род матылькоў з сямейства Бялянкі, у якім да гэтага часу вылучана і апісана больш за 100 відаў. Навукоўцы з Ягелонскага ўніверсітэта (UJ) вызначылі яго новы від. Catasticta copernicus сустракаецца на ўскрайку лесу на вышыні прыкладна 3500 м над узроўнем мора ў перуанскай частцы Анд», – гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце ўніверсітэта.
Самцы Catasticta copernicus вельмі тэрытарыяльныя і адганяюць іншых насякомых ад месца, дзе яны чакаюць самак. Яны выбіраюць стратэгічныя пазіцыі над кронамі дрэў або вострым горным хрыбтом і актыўна ахоўваюць іх днём.
У калекцыях Цэнтра прыродазнаўчай адукацыі Ягелонскага ўніверсітэта знаходзяцца 4 асобіны Catasticta copernicus (3 самцы і 1 самка), яшчэ 11 асобнікаў знаходзяцца ў іншых калекцыях Еўропы.
Першыя асобіны былі атрыманы ў 2021 годзе ў цэнтры Рэспублікі Перу навуковай экспедыцыяй, арганізаванай шведскімі даследчыкамі. У гэтай экспедыцыі ўдзельнічаў і праф. Томаш Пырч з Інстытута заалогіі і біямедыцынскіх даследаванняў Ягелонскага ўніверсітэта.
«Раён, які быў даследаваны, з'яўляецца вельмі цяжкадаступным раёнам Анд. Дасягненне раней недаследаваных месцаў запатрабавала выкарыстання верталёта і прыцягнення перуанскай арміі. У ходзе даследаванняў было выяўлена шмат іншых відаў матылькоў», – паведамілі ва ўніверсітэце.
Catasticta copernicus быў апісаны ў навуковым часопісе Zootaxa (doi.org/10.11646/zootaxa.5336.4.4) групай аўтараў, трое з якіх зʼяўляюцца супрацоўнікамі Ягелонскага ўніверсітэта.
Назваўшы матылька, навукоўцы аддалі даніну памяці выдатнаму і рознабаковаму вучонаму Мікалаю Каперніку ў 550-годдзе з дня яго нараджэння.
яс/PAP