Беларуская Служба

У Белавежскай пушчы знайшлі самую маленькую водную расліну на нашай планеце

21.09.2023 17:19
Вальфія бяскаранёвая выглядае як плывучыя на паверхні вады драбнюткія сакавіта-зялёныя ледзь выцягнутыя «шарыкі» памерам меней аднаго міліметра.
Вальфія бяскаранёвая Белавежская пушча

У Белавежскай пушчы выявілі самую маленькую кветкавую расліну – вальфію бескаранёвую, паведамляе прэс-служба нацыянальнага парку. Гэта новы для флоры Белавежскай пушчы від, які раней тут не адзначаўся.

Вальфія бяскаранёвая – самая маленькая водная кветкавая расліна на нашай планеце, гэта расліна-ліліпут. Вонкава яна выглядае як плывучыя на паверхні вады драбнюткія сакавіта-зялёныя ледзь выцягнутыя «шарыкі» памерам меней аднаго міліметра.

Вальфія бяскаранёвая Вальфія бяскаранёвая

Яна адносіцца да вышэйшых кветкавых раслін, але ў сілу эвалюцыі страціла тыповыя для гэтых раслін органы, у яе няма выразна выяўленых каранёў, сцябла і лісця, але ёсць мікраскапічныя кветкі. Праўда, ва ўмовах Беларусі квітненне гэтага віду пакуль не адзначалася.

Развіваецца вальфія ў багатых арганікай прагрэтых сонцам вадаёмах – азёрах, сажалках, затоках або канавах. Праточная вада для яе смяротная, у хуткаплынных рэках вальфія не прыжываецца.

Вальфія – расліна ў Беларусі даволі рэдкая і сустракаецца толькі на самым поўдні Беларусі – у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У Чырвонай кнізе Беларусі яна ўнесена ў спіс раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.

яс/Зеркала

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка