Славаш Узнаньскі нарадзіўся 12 красавіка 1984 года. 12 красавіка гэта Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.
Ці дата народзін магла аказаць уплыў на тое, што паляк кандыдат навук інжынер Славаш Узнаньскі праходзіць цяпер падрыхтоўку да палёту ў космас на Мiжнародную касмічную станцыю ІSS?
Адбор працягваўся паўтара году, падчас якога паляк аказаўся лепшым за 22 тысячы кандыдатаў на касманаўта. Узнаньскі яшчэ не ведае, ці ён выйдзе ў касмічную прастору, але ведае, што вельмі хацеў бы гэта зрабіць. Ён другі паляк, які праз 45 гадоў пасля Міраслава Гермашэўскага, мае шанцы паляцець у космас. Да «неба» польскі вучоны набліжаецца таксама з Зямлі, бо падымаецца ў Гімалаях, а нядаўна зайшоў на Кіліманджара ў Танзаніі.
Спецыяліст па ўздзеянні выпраменьвання на чалавека і на электронныя прылады кандыдат навук інжынер Славаш Узнаньскі з'яўляецца членам запаснога корпуса Еўрапейскага касмічнага агенцтва і ў адмысловым цэнтры праходзіць падрыхтоўку да палёту ў космас.
Раскажыце, калі ласка, як выглядае ваш дзень, вы рана прасыпаецеся, праходзіце фізічную падрыхтоўку, многа часу адводзіце для засваення новых ведаў?
- Я ўстаю ў сем раніцы, у прынцыпе кожны дзень падобны. Часам пачынаю заняткі ў восем, часам у дзевяць, засвойваю тэарэтычныя веды, а нядаўна я ўвесь дзень праходзіў медычны агляд і аналізы ў шпіталі. Я заўсёды быў актыўны фізічна, я былы спартсмен, для мяне важна добрае харчаванне, спорт і сон.
Вы сталі членам элітнага Клуба астранаўтаў і касманаўтаў, які налічвае 600 чалавек. Гэта, па сутнасці, клуб герояў, ці вы адчуваеце сябе героем, бо космас усё яшчэ зʼяўляецца вялікім выклікам для людскога арганізму.
- Ці адчуваю я сябе героем? – не, я лічу сябе навуковым даследчыкам, інжынерам. З таго, што мне вядома, Клуб астранаўтаў і касманаўтаў перакрочыў лік 600 членаў у траўні разам з тым, як на Міжнародную касмічную станцыю адправілася апошняя місія. Мне самому цікава, які мне нумар у Клубе.
Вы паходзіце з Лодзі, закончылі там палітэчны універсітэт, але таксама вучыліся ў Францыі. Вы інжынер і спецыяліст па наступствах выпраменьвання. У пэўным сэнсе кірунак «космас» вы абралі ў 2011 годзе ў Еўрапейскай арганізацыі атамных даследаванняў CERN каля Жэневы. У CERN вы распрацоўвалі ўстойлівую да выпраменьвання электронную сістэму для кіравання размеркаваннем моцы найбольшай машынай у свеце, якая называецца Вялікі адронны паскаральнік зараджаных часціц.
- Гэта быў адзін з самых значных праектаў у маёй карʼеры даследчыка. У CERN я стаў працаваць у 2011 годзе пасля абароны кандыдацкай працы, якая была звязаная з касмічнай прасторай. Я праектаваў электронныя сістэмы для космасу, а CERN запрасіў мяне, таму што яны якраз распрацоўвалі пытанне, якое таксама актуальнае для космасу – уздзеянне выпраменьвання на электронныя прылады. Я вывучаную і распрацоўваю сістэмы, якія кіруюць вялікай навуковай інфраструктурай. У CERN узніклі праблемы, якія касмічная галіна ўжо пачала вырашаць, і CERN была патрэбная экспертыза. Я там працаваў непасрэдна ў цэнтры кіравання навуковай інфраструктурай. Мы кожны дзень распрацоўвалі вырашэнні на выпадак збою рознага абсталявання. Працавалі з інжынерамі, пажарнікамі і людзьмі, якія ўвайшлі б у тунэль і ліквідавалі збоі. Я каардынаваў працу вялікага калектыву. Гэта была праца, якая, як я мяркую, падобная да тае, якую астранаўты выконваюць на касмічнай станцыі ў розных крызісных сітуацыях.
Польскі кандыдат на астранаўта Славаш Узнаньскі аддае свой час не толькі навуковым даследаванням. Ён займаецца альпінізмам, падымаецца ў высокіх гарах такіх як Гімалаі. Ён інструктар-валанцёр на летніках дзяцей па парусным спорце, працуе са студэнтамі, заахвочвае іх канструяваць планетаходы і рабіць эксперыменты для міжнароднай касмічнай станцыі. Узнаньскі зʼяўляецца патронам конкурсу «Кірунак космас».
Д-р інжынер Славаш Узнаньскі мяркуе, што ў саракавыя гады нашага стагоддзя людзі паляцяць на Марс.
Інтэрвʼю са Славашам Узнаньскім запісала Дарота Трушчак. Гутарка прагучала ў перадачы «Eureka» на Першай праграме Польскага радыё.
яс