Міжнародны дзень без электронных адходаў прымеркаваны нагадаць пра неабходнасць перапрацоўкі электронных прыбораў і папулярызацыя ведаў пра абыходжанне з імі.
Сёлетні дэвіз мерапрыемства «На перапрацоўку аддай усё, што з батарэйкамі або штэпселямі» закліканы прыцягнуць увагу да «нябачных» электронных адходаў, якія часта не асацыіруюцца з электроннымі адходамі, а ў выніку не аддаюцца на перапрацоўку.
Паводле ААН, у 2023 годзе кожны чалавек у свеце генеруе 8 кілаграм электронных адходаў, што ў сусветным маштабе дае 61 мільён тон. Гэта больш чым важыць, напрыклад, кітайская сцяна, расказвае Анна Падсядла з польскай арганізацыі «ЭлектраЭка», якая займаецца папулярызацыяй ведаў пра перапрацоўку і ладзіць мерапрыемствы з нагоды Дня без электронных адходаў:
-А самае горшае, што толькі 18% гэтай тэхнікі трапляе на перапрацоўку. Рэшта трапляе ў сметніцу, на смеццезвалкі ці захоўваецца ў нас дома. Паводле нашых даследаванняў, 80% палякаў збірае электроннае смецце дома. Падлічана, што агульная вага – паўмільёна тон. У сувязі з гэтым сёлетні Міжнародны дзень электронных адходаў прысвечаны гэтым малым, нябачным адходам, пра якія мы нават не ведаем, што гэта выкарыстаная тэхніка, якую нельга выкідаць на сметніцу.
Калі паяўляецца сумнеў, кажа Анна Падсядла, неабходна праверыць, ці на прыборы ёсць сімвал перакрэсленай сметніцы. Гэта інфармацыі, што дадзеная рэч не можа трапіць на сметніцу.
У Польшчы ёсць некалькі магчымасцяў. Гэта пункты прыёму электронных адходаў, таксама кожная гміна мае пункт прыёму гэтак званых праблемных адходаў (PSZOK), а праз інтэрнэт можна замовіць бясплатны вываз вялікай тэхнікі непасрэдна з дому. Акрамя таго, кожная крама мае абавязак узамен купленай тэхнікі забраць старую, нават самую дробную, як фен ці тэлефон.
Самае галоўнае аднак: гэтыя адходы не могуць трапіць на сметніцу. Чаму? Тлумачыць Анна Падсядла:
-Выкарыстаная тэхніка ўтрымлівае шкодныя субстанцыі: бром, кадмій, ртуць. У выпадку траплення іх у неадпаведныя месцы, гэта магло б шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Гэта першая прычына. Другая, не менш важная, гэта тое, што тэхніка з’яўляецца крыніцай каштоўнай сыравіны, якую не трэба па новаму здабываць з залежаў, а можна выкарыстаць паўторна дзякуючы перапрацоўцы. Напрыклад, з дзверак пральнай машыны вырабляюць тэрмаўстойлівы посуд. З пластыкавых элементаў аўтамабільных каўпакоў вырабляюць гаршкі для кветак. З мабільных тэлефонаў атрымліваюць медзь і іншыя рэдкія металы, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці новых тэлефонаў.
Усю патрэбную інфармацыю Анна Падсядла запрашае шукаць на старонцы dzienbezelektrosmieci.pl. Там, між іншым, апублікаваны рапарт аб збіранні электронных адходаў у нашых дамах, прычым гэта велізарны маштаб.
-Гэтую інфармацыю мы выкарыстоўваем для таго, каб пераканаць усіх, што калі мы нечым не карыстаемся, то хутчэй ужо ніколі і не будзем карыстацца. Старыя зарадныя прылады, кабелі, павербанкі, папсаваная ці састарэлая тэхніка. Вазміце ўсе гэтыя рэчы і занясіце іх у бліжэйшую суботу ў пункты збору, а ўзамен з нагоды Міжнароднага дня без электрасмецця можна будзе атрымаць экалагічныя гаджэты, – кажа Анна Падсядла.
Часцей за ўсё збіраюцца мабільныя тэлефоны (45%), блокі харчавання, зарадныя прылады і падаўжальнікі (42%) і акумулятары (32%). 38% апытаных на пытанне, чаму яны збіраюць прылады, якімі не карыстаюцца, адказалі: на ўсялякі выпадак, можа спатрэбіцца. 23% чакаюць, пакуль збярэцца большая колькасць адходаў, каб занесці іх у адпаведнае месца разам.
80% палякаў па-ранейшаму захоўваюць зламанае і непатрэбнае электрычнае і электроннае абсталяванне замест таго, каб перапрацоўваць яго, нават калі яны маюць базавыя веды аб электронных адходах (75%) і ведаюць, дзе побач знаходзіцца пункт збору электронных адходаў. У параўнанні з мінулымі гадамі назіраецца шматспадзеўны рост інфармаванасці ў гэтай галіне. ¾ палякаў ведаюць пра электронныя адкіды, а 2/3 маюць пункты збору ў сваім раёне.
ав
слухайце аўдыё