Беларуская Служба

Жанчына, якая мела ўплыў на Яна Паўла ІІ, сыйшла з жыцця

29.10.2023 07:00
На гэтым тыдні ў Кракаве памерла Ванда Палтаўска – доктар псіхіятрыі і актывістка ў абарону чалавечага жыцця.
Аўдыё
  • Жанчына, якая мела ўплыў на Яна Паўла ІІ, сыйшла з жыцця
2      102 .
2 лістапада Вандзе Палтаўскай споўнілася б 102 гады.PAP/Wojtek Jargiło

На гэтым тыдні ў Кракаве памерла Ванда Палтаўска – доктар псіхіятрыі і актывістка ў абарону чалавечага жыцця, шматгадовая сяброўка Яна Паўла ІІ. 2 лістапада ёй споўнілася б 102 гады.

На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў доктар Ванда Палтаўска займалася шлюбным і сямейным кансультаваннем. Выкладала ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Сябравала з Янам Паўлам ІІ, з якім супрацоўнічала. У 2016 годзе ўзнагароджана ордэнам «Белага Арла».

Перад Другой сусветнай вайной яна вяла актыўную скаўцкую дзейнасць, а падчас акупацыі была сувязной. Арыштаваная за канспіратыўную дзейнасць, яна была дастаўлена ў нямецкі канцлагер «Равенсбрук», дзе над ёй праводзілі псеўдамедыцынскія эксперыменты. Пасля вызвалення ўдзельнічала ў працы Камісіі па расследаванні нацысцкіх злачынстваў у Польшчы.

Ванда Палтаўская займалася дзейнасцю па абароне чалавечага жыцця. У шматлікіх публікацыях і выступах яна нагадвала аб каштоўнасцях і прынцыпах біяэтыкі, якія паходзяць з хрысціянскай антрапалогіі. У 2014 годзе яна апублікавала «Дэкларацыю веры», якую падпісалі 4000 лекараў. У інтэрв’ю Citizengo Polska ў лютым 2018 г. яна абгрунтавала неабходнасць прававой абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці:

-Калі мы прымаем дэкалог, этыку, якія павінны шанаваць жыццё, то справа вельмі простая. Не важна, што жыццё – гэта максімум здароўя, прыгажосці і талентаў, кожны чалавек мае права на жыццё. Няпраўда, што калі нехта хворы, то яго можна забіць. Чалавек не таму жыве, што нарадзіўся, а нараджаецца, таму што жыве.

Маладосць непарыўна звязана з каханнем, вучыла Ванда Палтаўска, цытуючы словы Яна Паўла ІІ:

-Усё жыццё чалавека праходзіць у любові – ад дзіцяці да канца. Але маладосць павінна быць часам, калі чалавек пабачыць яе вартасць, захопіцца ёй і будзе яе рэалізаваць. Ян Павал ІІ гаворыць да моладзі: вучыцеся прыгожага кахання. У Таронта сказаў моладзі: імкніцеся да ідэалу, не задавольвайцеся пасрэднасцю. Калі ніхто ад вас гэтага не патрабуе, то вы самыя ад сябе патрабуйце.

Ванда Палтаўска казала, што цела з’яўляецца каштоўнасцю і ўдзельнічае ва ўсім, што робіць чалавек, у тым ліку ў супрацоўніцтве паміж чалавекам і творчай працай Бога, г.зн. у бацькоўстве:

-Дзіця не разумее вартасці цела. Тым не менш мы вучым дзіця, каб яно не крыўдзіла, адно аднаму не нішчыла цела, каб не біліся, не штурхаліся. Існуе пэўная абарона цела дзіцяці. Дарослага, які здекваўся над дзіцём, можна пасадзіць у турму. У сваю чаргу ніхто не абараняе моладзь ад самага вялікага знішчэння, якое можа быць, ад знішчэння інтэгральнасці, яго дзявочасці, прапануецца пераходзіць з рук у рукі. Жаласныя крошкі нечага, што магло б быць вялікім каханнем.


Ванда Палтаўска Ванда Палтаўска

Ванда Палтаўска з'яўляецца аўтарам каля 400 публікацый у галіне псіхіятрыі, аховы ненароджанага жыцця, хворых і пажылых людзей, праблем шлюбу і сямʼі. Яна выдала некалькі кніг, у тым ліку свае ўспаміны з лагера «Равенсбрук» – «Я баюся сноў», перакладзеныя на некалькі моў, а таксама: «Старыя рахункі», «З плынню і супраць плыні» і «Бескідскія рэкалекцыі». У 2018 годзе выдала кнігу «Genealogia divina. Божае паходжанне чалавека» – зборнік лекцый пра сужэнства, пакліканне да бацькоўства і сітуацыю сучасных сем’ях.

«Я хацела навучыць людзей, што яны не нараджаюцца, а ствараюцца», – сказала Ванда Палтаўска падчас прэзентацыі тома:

-Гэта навука рыма-каталіцкага касцёла ў выданні святара, якога я сустрэла пасля заканчэння медыцыны, калі ў 1961 годзе атрымала дыплом лекара, там сустрэла ксяндза, якога звалі Караль Вайтыла.

Ванда Палтаўска была сяброўкай Караля Вайтылы і падчас яго папства. У студзені 2022 года ў эфіры Польскага радыё прафесар Палтаўска ўзгадвала пра гэтыя адносіны:

-Святы Айцец назваў мяне сястрычкай. Мы падышлі павіншаваць яго са святарскімі пасвечаннямі. Ён абняў мяне, пацалаваў. Падышла нейкая спадарыня і запыталася, ці я яго сястра. А ён сказаў: так, сястрычка.

Лічыцца, што яна аказала рэальны ўплыў на Яна Паўла ІІ. «Я не вымярала гэты ўплыў. Але я, безумоўна, паўплывала на яго, як жанчына, на зусім новую рэальнасць, таму што ў яго не было магчымасці мець сястру ці маці – яго маці рана памерла – і для яго свет жанчын быў цікавы, і ён быў зачараваны жаноцкасцю», – сказала Ванда Палтаўска, цытаваная ў кнізе Томаша Кшыжака «Ванда Палтаўска. Біяграфія з характарам».

Невядома, калі яна ўпершыню сустрэла Караля Вайтылу. Аўтар яе біяграфіі Томаш Кшыжак мяркуе, што гэта адбылося ў 1953 годзе, калі жанчына пайшла на споведзь да Вайтылы. Тады яна вырашыла, што знайшла святара, які яе разумее і можа «паказаць ёй святло». Вайтыла стаў яе духоўным кіраўніком. Новаабраны папа Ян Павал II даручыў Вандзе Палтаўскай упарадкаваць яго прыватныя паперы.

З цягам часу яна пачала адыгрываць усё большую ролю ў кракаўскім Касцёле, а таксама паступова ўзрастала роля, якую яна адыгрывала ў Ватыкане як асоба, якая мела непасрэдны доступ да Яна Паўла ІІ і не баялася ўмешвацца.

Ванда Палтаўская была актыўнай да апошніх гадоў жыцця. Прымала ўдзел у сустрэчах з людзьмі, у тым ліку з нагоды юбілеяў важных для краіны гістарычных падзей. Падчас публічных сустрэч яна згадвала Яна Паўла ІІ і часта яго цытавала. Яна ўспамінала сваё знаходжанне ў лагеры «Равенсбрук». Яна абараняла каталіцкія каштоўнасці, асабліва ненароджанае жыццё.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры