Беларуская Служба

Лес стымулюе выпрацоўку «гармонаў шчасця» і мабілізуе імунную сістэму

03.11.2023 08:09
Такім чынам мы можам палепшыць сваю фізічную форму і псіхічнае здароўе.
Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/GDJ

Фонд twarzedepresji.pl піша на сваёй старонцы, што можна смела сказаць: лес – прыродны антыдэпрэсант. Многія навуковыя даследаванні пацвярджаюць, што шпацыр сярод дрэў і дыханне лясным паветрам зніжае ўзровень стрэсу, стымулюе выпрацоўку «гармонаў шчасця» і мабілізуе імунную сістэму. Японцы выкарыстоўвалі гэтыя веды ўжо ў 1980-я гады. Прагулку па лесе яны зрабілі часткай нацыянальнай праграмы аховы здароўя.

Мацей Паўлоўскі з Рэгіянальнай дырэкцыі «Дзяржаўных лясоў» нагадвае, што лясы ў Польшчы – агульнадаступныя, імі можна карыстацца ў любую пару году:

-Імі можна карыстацца розным чынам: шпацыраваць, бегаць, ездзіць на ровары. Можна ўзяць з сабою сабаку. Толькі трэба памятаць пра некалькі правіл. Сабака павінен быць на павадку. Тут справа ў бяспецы сабакі, жыхароў лесу, а таксама гаспадароў сабакі. Трэба памятаць, што нават самы паслухмяны сабака можа паддацца інстынкту, пачуць запах жывёлы, пачаць уцякаць, можа адбыцца сутычка. Сабака можа быць сур’ёзна паранены, бо жывёла будзе абараняцца. Іншая справа: нейкі час мы назіраем выпадкі шаленства. Сабака можа сустрэць лісу, можа ўвайсці з ёй у кантакт. Таксама можа знайсці мёртвую ў выніку шаленства жывёлу.

Чарговае важнае правіла: у Польшчы нельга заязджаць у лес аўтатранспартнымі сродкамі.

-У лес нельга заязджаць аўтатранспартнымі сродкамі. Аўтамабілі, мотаровары, матацыклы, квадрацыклы – гэта ўсё павінна застацца на паркоўцы. Такія месцы падрыхтаваныя. Мы зручным шляхам можам туды даехаць, пакінуць свой транспартны сродак і пайсці на прагулку. У вызначаных месцах у лесе можна рухацца конна, ёсць конныя шляхі. Можна ехаць на ровары, на самакаце, некаторыя ездзяць на роліках. У выпадках, калі мы не выконваем правілы, службы могуць даць нам штраф. Найчасцейшым правапарушэннем з’яўляецца незаконны ўезд у лес, засмечванне і падпал, то бок неасцярожнае карыстанне агнём, – гаворыць Мацей Паўлоўскі.

Шпацыруючы па лесе і любуючыся навакольным пейзажам, мы атрымліваем бясплатную ін'екцыю эндарфінаў. Было даказана, што 30-хвілінная прагулка ў натуральным асяроддзі, пяць разоў на тыдзень, можа знізіць рызыку дэпрэсіі да 30%. Таксама было даказана, што наведванне лесу можа дапаўняць існуючыя метады лячэння клінічнай дэпрэсіі. Яны могуць знізіць рызыку яе паглыблення на некалькі працэнтаў, а таксама знізіць устойлівае нервовае напружанне.

-Лес – гэта невычэрпная крыніца магчымасцяў. Гэта можа быць дасканалая забаўляльная пляцоўка для самых малых. Можа быць месцам забавы і адпачынку, месцам, дзе мы займаемся спортам, месцам для кожнага, незалежна ад узросту. Ад дзяцей, праз моладзь і дарослых, ажно да пенсіянераў. Кожны знойдзе ў лесе месца для сябе і актыўнасць, якая будзе для яго адпаведная. Толькі сама прагулка па лесе, тое, што мы адкладзем тэлефоны, адключымся ад віртуальнага свету, адкрыемся на наваколле, гэта ўжо пазітыўна паўплывае на нашае фізічнае і псіхічнае здароўе. Мы адпачнем, пазбавімся ад стрэсу, дадаткова дыхаючы лясным паветрам ачысцім свае дыхальныя шляхі. Субстанцыі, якія ўтрымліваюцца ў лясным паветры, станоўчы ўплываць на нашае горла, дыхальныя шляхі, такі лясны салон біялагічнага аднаўлення. І што важна: цалкам бясплатна, – пераконвае Мацей Паўлоўскі.

Лясное паветра – гэта спалучэнне мноства незвычайных рэчываў, якія паляпшаюць здароўе. Робячы глыбокі ўдых – асабліва там, дзе пераважаюць іглічныя дрэвы, такія як хвоя, піхта ці елка, мы ўводзім у арганізм т.зв. фітанцыды. Гэта вылучаемыя раслінамі рэчывы, якія валодаюць бактэрыцыдным дзеяннем. Цікава, што іглічныя дрэвы былі першымі араматычнымі раслінамі на зямлі, таму мы маем магчымасць убачыць, як пах іглічны лес каля 250 мільёнаў гадоў таму.

Дзякуючы адмоўным іёнам прагулка ў лесе дзейнічае бадзёра, дазваляе сабрацца з думкамі і стварае добры настрой. Іх канцэнтрацыя большая каля рэк, ручаёў і вадаспадаў.

Наведванне лесу восенню дае дадатковыя магчымасці: збору ўраджаю і грыбоў. Увосень дрэвы і кусты дораць нам таксама арэхі, жалуды, каштаны і рознакаляровыя лісце. Гэтымі падарункамі мы можам упрыгожыць інтэрʼер свайго дома і прыемна правесці час з дзецьмі, ствараючы розныя «цуды» з таго, што мы збіраем у лесе, парку або садзе.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце