Беларуская Служба

Як у Польшчы стваралі скаўцкі рух (ФОТА)

03.11.2023 18:33
У лістападзе 1918 года ў Любліне адбыўся з’езд скаўцкіх арганізацый, падчас якога быў створана Саюз польскіх скаўтаў.
Аўдыё
  • Як у Польшчы стваралі скаўцкі рух
  ()  . 1934
Польскія скаўты (гарцэры) на парадзе. 1934 годNarodowe Archiwum Cyfrowe

102 гады таму ў Польшчы запачаткаваў сваю дзейнасць скаўцкі рух. У далёкім 1918 годзе ў Любліне быў створаны Саюз польскіх скаўтаў, і з таго часу вядзецца адлік гісторыі вядомага ва ўсім свеце дзіцячага і моладзевага руху ў Польшчы.

1 лістапада 1918 года ў Любліне адбыўся з’езд скаўцкіх арганізацый, падчас якога быў створана Саюз польскіх скаўтаў. Увогуле ідэя скаўтынгу нарадзілася падчас англа-бурскіх войнаў у канцы 19-га, пачатку 20-га стагоддзя ў брытанскага афіцэра Роберта Бадэн-Паўэла. У 1908 годзе ён напісаў кнігу «Скаўтынг для хлопчыкаў» (іншая назва «Юны разведчык» – рэд.), якая, дарэчы, у 20-м стагоддзі займала чацвёртае месца ў спісе бэстселераў. У 1907 годзе брытанец пачаў рэалізаваць сваю ідэю на практыцы, ствараючы дзіцячыя дружыны, асноўнымі каштоўнасцямі якіх была цвярозасць, адвага і сяброўства. Неўзабаве ідэя скаўцкага руху атрымала папулярнасць у іншых краінах, у тым ліку на польскіх землях, гаворыць былы начальнік Саюзу польскіх скаўтаў Веслаў Маслянка.

- Заснавальнікам польскага скаўтынгу лічыцца Анджэй Малкоўскі. У Львове ён пераклаў і выдаў кнігу «Скаўтынг для хлопчыкаў». Пад уплывам гэтай кнігі ён пачаў ствараць скаўцкія дружыны: першапачаткова былі две дружыны хлопчыкаў і адна – дзяўчынак. Польскі скаўцкі рух развіваўся на польскіх землях, якія тады ўваходзілі ў склад трох імперый. Такім чынам, тады Польшчы не было, а скаўцкі рух ужо быў.

Анджэю Малкоўскаму ў стварэнні дзявочых скаўцкіх арганізацый дапамагала Вольга Драганоўская, якая пазней стала яго жонкай – яны пажаніліся ў 1913 годзе. 19 верасня ў Закапанэ адбыўся першы скаўцкі шлюб. Маладыя былі ў скаўцкай форме, сведкамі на шлюбе таксама былі скаўты, а блаславіў маладую пару ксёндз-скаўт Казімеж Лютаслаўскі. Ён, дарэчы, быў аўтарам праекта польскага скаўцкага крыжа.

У скаўцкім лагеры. 1930-я гады У скаўцкім лагеры. 1930-я гады

У Польшчы было ўведзенае адмысловае слова на акрэсленне скаўта – гарцэр. Паходжанне слова мае венгерскія карані: «гарц» – гэта барацьба, змаганне. Яно добра адлюстроўвае ідэалы польскіх скаўтаў, якімі з’яўляюцца вернасць, адвага і патрыятызм.

Пасля 1918 года, калі Польшча зноўку стала незалежнай краінай, скаўцкі рух пачаў хутка развівацца. У перыяд да Другой сусветнай вайны членамі Саюзу польскіх скаўтаў было больш за 200 тыс. юнакоў і дзяўчат. Падчас нямецкай акупацыі польскія гарцэры былі групай, якая актыўна змагалася з акупантамі: былі нават створаныя падраздзяленні скаўтаў, якія называліся «Шэрымі шэрагамі» – назва паходзіць ад шэрага колеру скаўцкай формы.

Скаўцкі палатачны лагер. Ліпень 1937 года Скаўцкі палатачны лагер. Ліпень 1937 года

У часы Польскай Народнай Рэспублікі гарцэрскія арганізацыі таксама існавалі ў краіне.

Каб стаць польскім гарцэрам, трэба быць ва ўзросце 9-13 гадоў і прыняць скаўцкую прысягу, пасля чаго юнаку альбо дзяўчыне ўручаецца скаўцкі крыж, які носіцца на форме. Пасля дасягнення 13-гадовага ўзросту скаўт пераводзіцца ў групу старэйшых гарцэраў. Ганаровым гарцэрам альбо інструктарам можа быць дарослая асоба. Увогуле, у залежнасці ар скаўцкай арганізацыі членам скаўцкага руху можна быць да 21-25 гадоў. У скаўтаў ёсць свае званні, якія нагадваюць вайсковыя, а іх прысваенне залежыць ад узросту і стажу ў арганізацыі.

Польскія гарцэры. Ліпень 1937 года Польскія гарцэры. Ліпень 1937 года

Актуальна ў Польшчы існуюць чатыры скаўцкія аб’яднанні: Саюз польскіх скаўтаў, Саюз скаўтаў Рэчы Паспалітай, Аб’яднанне каталіцкіх скаўтаў і Скаўцкае аб’яднанне. Больш за тое, польскі скаўцкі рух развіты таксама за межамі краіны, дзе пражываюць прадстаўнікі польскай дыяспары.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу