Беларуская Служба

Сталі вядомыя самыя лепшыя навукоўцы ў Польшчы

09.11.2023 15:18
Абвешчаны лаўрэаты прэміі «Фонду польскай навукі».
Аўдыё
  • Абвешчаны лаўрэаты прэміі «Фонду польскай навукі».
Ілюстрацыйны здымакhttps://www.fnp.org.pl/

Чатыры прафесары: матэматык Рафал Лятала (Rafał Latała), сацыяльны псіхолаг Марыя Лявіцкая (Maria Lewicka), біёлаг Кшыштаф Лібэрэк (Krzysztof Liberek) і хімік Марцін Стэмпень (Marcin Stępień) сталі лаўрэатамі Прэміі «Фонду польскай навукі-2023». Кожны навуковец атрымае 200 тыс. злотых (44,5 тыс.еўра), а цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 6 снежня.

Узнагароды «Фонду польскай навукі» прызнаныя ўжо 32-гі раз.

Старшыня фонду прафесар Мацей Жыліч кажа, што гэта ўзнагароды за вынаходніцтвы, якія былі адкрытыя і сталі вядомыя ў свеце.

- Узнагароды «Фонду польскай навукі» прызнаюцца за выбітныя дасягненні, якія рассоўваюць межы пазнання. Яны прызнаюцца за пацверджаныя адкрыцці, аўтары якіх вядомыя навуковым колам. Мы заўсёды пытаем у экспертаў і рэцэнзентаў, ці гэтае вынаходніцтва дакладна належыць гэтай асобе.

«Гэтыя адкрыцці павінны ўносіць выбітны ўклад у цывілізацыйны і культурны прагрэс Польшчы ды забяспечваць краіне значнае месца ў самых амбіцыйных выкліках сучаснага свету» – гаворыцца ў прэс-рэлізе «Фонду польскай навукі».

Рада фонду прысудзіла прэміі ў чатырох галінах: навукі аб жыцці і Зямлі; хімічных навук і матэрыялазнаўства; матэматычныя, фізічныя і інжынерныя навукі; i гуманітарныя і сацыяльныя навукі.

За дасягненні ў галіне матэматычных, фізічных і інжынерных навук прэмія прысуджана праф. Рафалу Лятала з факультэта матэматыкі, інфарматыкі і механікі Варшаўскага ўніверсітэта.

Вучоны распрацаваў матэматычныя інструменты, якія дазволілі даказаць гіпотэзу Талагранда адносна працэсаў Бернулі. Гэтыя інструменты могуць дапамагчы вырашаць праблемы, якія зараз нават цяжка прадказаць. Гэтая праца стала дэманстрацыяй матэматычнай моцы і навуковых дасягненняў «Варшаўскай школы імавернасцей». Гэтая школа з'яўляецца адной з вядучых школ у свеце.

У гуманітарных і сацыяльных навуках узнагароджана праф. Марыя Лявіцкая з факультэта філасофіі і сацыяльных навук Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. Прафесар Лявіцкая сфармулявала і спраўдзіла псіхалагічную мадэль прывязанасці да месца і памяці аб месцы пражывання. Лаўрэат Прэміі «Фонду польскай навукі» паказала, што прывязанасць да каранёў і памяць пра месца жыхарства з’яўляюцца асновай псіхалагічнага і сацыяльнага функцыянавання чалавека.

Прафесар Лявіцкая правяла шматлікія даследаванні ў гарадах Польшчы, Украіны і Літвы – перш за ўсё ў тых, якія ў значнай ступені за свой кшталт і развіццё абавязаны жыхарам іншых этнічных і нацыянальных груп, чым іх цяперашняе насельніцтва. Прафесар засяродзіла ўвагу на сувязях з навакольным асяроддзем, такіх як сувязі добрасуседства, розныя формы сацыяльных сувязяў. Такім чынам, яна распрацавала арыгінальную мадэль грамадзянскай актыўнасці, абумоўленай моцнай прывязанасцю да месца.

Даследаванне Марыі Лявіцкай дае адказ на пытанне, як пабудаваць ідэнтыфікацыю жыхароў з месцам без памылкі этнацэнтрызму, то бок пераацэнкі гістарычнай ролі ўласнай групы, з прызнаннем і павагай да ўсіх этнічных і нацыянальных груп, якія сумесна стварылі гэтае месца.

У галіне навук аб жыцці і Зямлі фонд узнагародзіў праф. Кшыштафа Лібэрэка з Міжвузаўскага факультэта біятэхналогіі Гданьскага ўніверсітэта і Гданьскага медыцынскага ўніверсітэта – за дэманстрацыю ролі шаперонаў, то бок бялкоў, адказных за правільнае фукцыянаванне іншых бялкоў.

Механізмы працы шаперонаў важныя для медыцыны, фармакалогіі і біятэхналогій. Даследаванне Кшыштафа Лібэрэка можа спрыяць разуменню механізмаў, якія ляжаць у аснове нейрадэгенератыўных расстройстваў, такіх як хвароба Альцгеймера.

Пераможцам у галіне хіміі і матэрыялазнаўства стаў праф. Марцін Стэмпень з хімічнага факультэта Вроцлаўскага ўніверсітэта – узнагароджаны за распрацоўку і атрыманне новых араматычных злучэнняў з унікальнымі ўласцівасцямі. Яны могуць стаць натхненнем для новых арганічных матэрыялаў. Такія матэрыялы могуць выкарыстоўвацца, сярод іншага, у святлодыёдных прыладах і фотаэлектрыцы, але таксама ў медыцынскай дыягностыцы і фотатэрапіі.

Кандыдатаў на прэмію «Фонду польскай навукі» штогод вылучаюць выбітныя вучоныя. Рада фонду вызначае пераможцаў на аснове меркаванняў незалежных экспертаў і рэцэнзентаў (пераважна замежных), якія ацэньваюць дасягненні кандыдатаў.

Прэміі ФПН уручаюцца з 1992 года. Кола лаўрэатаў ужо налічвае 117 чалавек.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 6 снежня ў Варшаве і будзе транслявацца ў інтэрнэце.

яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка