Беларуская Служба

11 лістапада: гісторыя Дня Незалежнасці Польшчы (ФОТА+ВІДЭА)

10.11.2023 19:02
Першапачаткова нават сам маршал Юзэф Пілсудскі быў праціўнікам адзначэння Дня незалежнасці 11 лістапада.
Аўдыё
  • 11 лістапада: гісторыя Дня Незалежнасці Польшчы
       11  1929
Маршал Юзэф Пілсудскі прымае парад у Варшаве 11 лістапада 1929 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

11 лістапада Польшча адзначыць Дзень Незалежнасці. Гэта адно з важнейшых дзяржаўных святаў у краіне. Сёння мы раскажам пра яго гісторыю.
У кожнай краіне дата дня незалежнасці звязаная з нейкай важнай падзеяй у гісторыі краіны. Чаму ў Польшчы – гэта менавіта 11 лістапада? У гэты дзень у 1918 годзе было падпісанае Камп’енскае перамір’е, якое спыніла ваенныя дзеянні ў Першай сусветнай вайне. Канчатковыя ж вынікі вайны падвёў Версальскі мірны дагавор.

Днём раней, 10 лістапада, у Варшаву прыбыў Юзэф Пілсудскі, які лічыцца бацькам польскай незалежнасці. А 11 лістапада Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства перадала ўладу менавіта яму.

Узнагароджанне вайскоўцаў 11 лістапада 1938 года Узнагароджанне вайскоўцаў 11 лістапада 1938 года

У 1919-1936 гадах гадавіну незалежнасці ў Варшаве адзначалі перш за ўсё як вайсковае свята – яно не было дзяржаўным. Дарэчы, у 1919 годзе яшчэ працягваліся ўзброеныя канфлікты Польшчы з суседзямі за ўстанаўленне дзяржаўных межаў. Упершыню 11 лістапада адзначылі з удзелам вышэйшых дзяржаўных улад у 1920 годзе, калі на ўрачыстасці Юзэфу Пілсудскаму была ўручаная маршальская булава.

Маршал Юзэф Пілсудскі Маршал Юзэф Пілсудскі

У 1926 годзе, як мы ўжо не раз расказвалі ў гістарычнай рубрыцы, Юзэф Пілсудскі, незадаволены працай парламенту і ўраду, здзейсніў дзяржаўны пераварот. Пачаўся перыяд «санацыі» (ад лацінскага слова sanatio – «аздараўленне» – рэд.), а ўладу ў сваіх руках сканцэнтраваў лагер Пілсудскага. Сам маршал Польшчы заняў на кароткі час пасаду прэм’ер-міністра, і 8 лістапада таго ж года выдаў распараджэнне аб увядзенні 11 лістапада свабодным ад працы днём для чыноўнікаў.

Пачынаючы з 1926 і ажно да 1934 года маршал 11 лістапада прымаў парад падраздзяленняў Варшаўскага гарнізону на цэнтральнай Саскай плошчы, якая, дарэчы, у 1928 годзе была перайменаваная ў плошчу імя Пілсудскага.

Кавалерыя на парадзе на плошчы імя Пілсудскага ў Варшаве. 11 лістапада 1929 года Кавалерыя на парадзе на плошчы імя Пілсудскага ў Варшаве. 11 лістапада 1929 года

Пазней пры нагодзе 11 лістапада ў Варшаве і іншых гарадах адбываліся вайсковыя альбо прынагодныя мерапрыемствы. Для прыкладу, у 1932 годзе ў польскай сталіцы быў адкрыты Помнік лётчыку для ўвекавечання дасягненняў польскай авіяцыі. Гэта вядомы ў Варшаве манумент. Ён быў знішчаны гітлераўцамі, але ў другой палове 1960 гадоў яго пабудавалі з нуля паводле мастацка-тэхнічнай дакументацыі, якая захавалася, і цяпер помнік стаіць на вуліцы, што вядзе ў бок варшаўскага міжнароднага аэрапорту.

11 лістапада стала дзяржаўным святам толькі ў 1937 годзе на моцы прынятага Сеймам закону. Да пачатку Другой сусветнай вайны на дзяржаўным узроўні свята адзначылі толькі два разы – у 1937 і 1938 гадах.

Плошча імя Пілсудскага 11 лістапада 1938 года Плошча імя Пілсудскага 11 лістапада 1938 года

Дарэчы, у 1920-1930 гадах Днём Незалежнасці Польшчы лічыўся 3 мая – у памяць аб прынятай у гэты дзень у 1791 годзе Канстытуцыі. Што цікава, то першапачаткова нават сам маршал Пілсудскі быў праціўнікам адзначэння Дня незалежнасці 11 лістапада. Ён лічыў, што хопіць двух дзяржаўных святаў: 3 мая і 15 жніўня – Дня Войска Польскага.

У 1937 і 1938 гадах Дзень Незалежнасці адзначаўся надзвычай урачыста: адбываліся маршы, патрыятычныя мерапрыемствы ў школах, мітынгі. Прычым у адзначэнне свята моцна ангажавалася моладзь незалежна ад палітычнай арыентацыі.

Падчас нямецкай акупацыі 11 лістапада адзначаць было нельга, але палякі ў сваіх дамах і кватэрах святкавалі ў коле сям’і і сяброў. Былі выпадкі, калі маладыя падпольшчыкі вывешвалі польскія сцягі на Дзень Незалежнасці ў рамках акцый сабатажу.

Пасля вайны, калі да ўлады прыйшлі камуністы, 11 лістапада было звычайным днём. Адначасова было ўведзенае іншае свята – Нацыянальны дзень Адраджэння Польшчы 22 ліпеня. У гэты дзень быў аб’яўлены Маніфест Польскага камітэту нацыянальнага вызвалення, створанага ў Маскве па ўказанні Сталіна.

15 лютага 1989 года Сейм Польскай Народнай Рэспублікі прыняў «Закон аб Нацыянальным Свяце Незалежнасці». І з таго моманту ў Польшчы 11 лістапада – зноў дзяржаўнае свята.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

відэа: гістарычная рэканструкцыя

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Больш на гэтую тэму: Машына часу