Беларуская Служба

19 лістапада Каталіцкі касцёл адзначае VII Сусветны дзень бедных

19.11.2023 08:11
«Калі мы стаім перад беднымі, мы не можам адводзіць позірк, бо не даем сабе сустрэць аблічча Пана Езуса», – патлумачыў Папа Францішак.
.
.PAP/EPA/ALESSANDRO DI MEO

19 лістапада ў Каталіцкім касцёле адзначаецца 7-ы Сусветны дзень бедных пад лозунгам «Не адварочвай твару свайго ні ад аднаго беднага». У многіх дыяцэзіях арганізаваны сустрэчы для людзей, якія перажываюць розныя формы беднасці і адчужэння. Акрамя гарачага харчавання, прапануюцца бясплатныя юрыдычныя, псіхалагічныя і медыцынскія кансультацыі.

«Калі мы стаім перад беднымі, мы не можам адводзіць позірк, бо не даем сабе сустрэць аблічча Пана Езуса», – патлумачыў Папа Францішак у сваім пасланні на Дзень бедных.
Ён падкрэсліў, што «кожны – наш сусед, незалежна ад колеру скуры, сацыяльнага становішча, паходжання». «Калі я бедны, я магу распазнаць, хто сапраўды з’яўляецца братам, якому я патрэбны», – дадаў ён.

Ён звярнуў увагу на тое, што віртуальная рэальнасць прыводзіць да таго, што «бедныя становяцца вобразамі, якія могуць на некалькі імгненняў узрушыць нас, але калі мы сустракаемся з імі менавіта на вуліцы, мы раздражняемся і маргіналізуем іх». Ён дадаў, што ўсё большая спешка, у якой мы жывем, таксама не спрыяе клопату пра іншых людзей.

«Ахвяраваць грошы, каб іншыя маглі займацца дабрачыннай дзейнасцю, – гэта велікадушны жэст. Асабісты абавязак – гэта пакліканне кожнага хрысціяніна», – сказаў Папа.

Ён адзначыў, што проста прыняць бедных недастаткова. «Мы пакліканы сустрэць кожнага беднага чалавека і любы тып беднасці, пазбаўляючыся ад абыякавасці і лозунгаў, якімі мы агароджваем ілюзорны дабрабыт», – напісаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што цяперашні гістарычны момант не спрыяе ўвазе да самых бедных, таму што «заклік да дастатку становіцца ўсё гучней і гучней, а галасы людзей, якія жывуць у галечы, замоўчваюцца».

Папа падкрэсліў, што «клопат аб бедных не заканчваецца паспешлівай міласцінай». «Гэта патрабуе, – дадаў ён, – аднаўлення належных міжасобасных адносін, якія былі разбураны беднасцю».

Францішак таксама адзначыў, што «дзяленне павінна адпавядаць спецыфічным патрэбам іншага, а не быць вызваленнем ад непатрэбнага».

Францішак выказаў удзячнасць усім, хто прысвячае сябе бедным і выключаным. «Яны не толькі нешта даюць: слухаюць, вядуць дыялог, спрабуюць зразумець сітуацыю і яе прычыны, каб даць слушныя парады і адпаведныя рэкамендацыі. Яны звяртаюць увагу на матэрыяльныя патрэбы, але і на духоўныя патрэбы, на інтэгральнае спрыянне чалавека», – напісаў Папа.

Сусветны дзень бедных абвясціў Папа Францішак у лісце на заканчэнне Года Міласэрнасці ў 2016 г. Гэты дзень адзначаецца ў Касцёле ў 33-ю звычайную нядзелю.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры