Беларуская Служба

Як наступствы змены клімату ў Паўднёвым Судане ўплываюць на Еўропу

24.11.2023 15:34
Адным з найбольш сур’ёзных наступстваў кліматычных змен з’яўляюцца масавыя перасяленні людзей.
Аўдыё
  • Як наступствы змены клімату ў Паўднёвым Судане ўплываюць на Еўропу
Паўднёвы Суданфота: PAH

Паўднёвы Судан ужо пяць гадоў запар наведваюць катастрафічныя паводкі. У краіне 2,2 мільёна чалавек – гэта ўнутраныя мігранты.

Жыхары Еўропы маюць непасрэдную сувязь з сітуацыяй у Паўднёвым Судане, а таксама адчуваюць наступствы. Якім чынам? Пра гэта мы размаўляем з Дар’яй Вражэнь з Польскай гуманітарнай акцыі (PAH), якая займаецца гуманітарнымі праектамі ў гэтай краіне.

Паўднёвы Судан атрымаў незалежнасць у 2011 годзе пасля заканчэння больш чым 20-гадовай грамадзянскай вайны. На жаль, на самой справе сітуацыя ў краіне ўсё яшчэ канфліктная. Яе ўскладняюць цяжкія кліматычныя ўмовы і эканамічны крызіс у краіне. Усё гэта прымушае жыхароў Паўднёвага Судана міграваць у іншыя часткі краіны або за яе межы ў пошуках больш бяспечнага прытулку, вады і ежы.

Дар’яй Вражэнь тлумачыць, што многія праблемы ў Паўднёвым Судане выкліканыя зменамі клімату, за якія ў першую чаргу адказваюць эканомікі Поўначы. Жыхары глабальнага Поўдня ў значна меншай ступені адказваюць за змены клімату, але гэта яны найбольш церпяць у іх выніку.

-Мы павінны памятаць аб тым, што тое, што адбываецца ў такіх краінах як Паўднёвы Судан, мае глабальнае значэнне. Трэба памятаць, што грамадствы Еўропы старэюць, у сваю чаргу ў многіх афрыканскіх краінах колькасць насельніцтва расце вельмі рэзка. Калі мы, жыхары Еўропы, не паставім у такія краіны, як Паўднёвы Судан, прагрэсу і развіцця, то мы павінны разумець, што афрыканскія краіны паставяць у Еўропу афрыканцаў. Масавыя міграцыі ў выніку змен клімату – гэта не нейкая адлеглая перспектыва. Гэта рэчы, якія адбываюцца ўжо цяпер, на нашых вачах. Таму неабходна дзейнічаць у такіх краінах, як Паўднёвы Судан, – кажа Дар’я Вражэнь.

З 2006 году Польская гуманітарная акцыя працуе ў Паўднёвым Судане ў водна-санітарным сектары. Гэта краіна, дзе доступ да прыбіральняў адзін з найбольш складаных. Гуманітарная арганізацыя адукуе жыхароў краіны на тэму гігіены, а таксама дапамагае будаваць прыбіральні.

Гэта аднак не адзіны сектар, у якім арганізацыя аказвае дапамогу. У Паўднёвым Судане польскія эксперты дапамагаюць таксама ў харчовым сектары, які вельмі сцісла звязаны з вадой, з паводкамі, якія ўжо пяць гадоў запар наведваюць краіну, расказвае Дар’я Вражэнь:

-Мы вучым мясцовых фермераў. Разам з жыхарамі засноўваем хатнія градкі. Мы перадаем ім насенне. Вучым, што пасля збору ўраджаю з сярэдзіны садавіны і гародніны можна выняць насенне і захоўваць адпаведным чынам, каб пасеяць у наступным годзе. Таму харчовая дапамога з’яўляецца значнай часткай нашых праектаў у Паўднёвым Судане. Таксама мы працуем у сектары аховы, адукацыі. Мы дастаўляем мясцовым прадметы, якія дазволяць жыхарам пабудаваць прынамсі часовае сховішча.
Такім сховішчам карыстаюцца ўнутраныя перасяленцы, якія раптоўна былі вымушаныя памяняць месца жыхарства, у прыватнасці з-за паводак. У выніку паводак была разбурана вадаправодная і санітарная інфраструктура – доступ да чыстай вады і прыбіральняў вельмі абцяжараны. Цяперашнія ўмовы павялічваюць рызыку ўспышак хвароб, якія перадаюцца вадой. Дар’я Вражэнь падкрэслівае, што большасць праектаў Польскай гуманітарнай акцыі – шматсектарныя.

Патрэбы велізарныя, кожная з дапамог гэта і так кропля вады ў моры, аднак, як кажа Дар’я Вражэнь, гэта не знеахвочвае яе да працы:

-У мяне ёсць цудоўная магчымасць паехаць у Паўднёвы Судан і сустрэцца з людзьмі, якім мы дапамагаем. У гэтым годзе я наведала школу, у якой у 2020 і 2021 гадах мы пабудавалі студні, пункты мыцця рук і прыбіральні для дзяўчынак. Гэта незвычайна бачыць, што дзякуючы нашай працы расце працэнт дзяўчынак, якія вучацца ў школе. Гэта школа з інтэрнатам, дзе дзеці начуюць, маюць адпаведныя ўмовы для навучання, маюць прыбіральні. Гэта малыя рэчы, дзякуючы якім мы бачым, што нашая праца мае сэнс. Пасля гэтага значна лягчэй вярнуцца за кампутар і пачаць працу над новым праектам, шукаць для яго фінансаванне. Магчыма, гэтыя змены ў Паўднёвым Судане адбываюцца вельмі павольна, але яны адбываюцца. Яны бачныя, іх лёгка заўважыць. Маштаб патрэб велізарны, але мы робім што можам, выкарыстоўваючы сродкі, якія маем.

Экспертка Польскай гуманітарнай акцыі распавядае, што ў іх дзейнасць ангажуюцца мясцовыя жыхары:

-Паўднёвы Судан гэта краіна, у якой жывуць не толькі карумпаваныя палітыкі, якія прагнуць уладу. Не ўсе жыхары гэта ўнутраныя перасяленцы, якім надзвычай патрэбна дапамога. Гэта бачна на прыкладзе нашага калектыву. Я бы хацела падкрэсліць, што для Польскай гуманітарнай акцыі галоўным чынам працуюць суданцы з поўдня. Гэта лакальныя працаўнікі, якія лепш за ўсіх разумеюць патрэбы і выклікі краіны. У дадзены момант на 50 лакальных працаўнікоў прыпадае два экспаты: адна полька і адзін угандзец. Сустракаючыся з гэтымі людзьмі на месцы, я адчуваю задавальненне і надзею, што разам мы можам будаваць лепшую краіну.

Мэтай дзейнасці Польскай гуманітарнай акцыі з'яўляецца як рэагаванне на неадкладныя патрэбы, так і павышэнне ўстойлівасці грамадства да будучых крызісаў. Гэта няпростая задача, між іншым, таму, што насельніцтва Паўднёвага Судану вельмі разнастайнае. Яно складаецца з 54 этнічных груп.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Дзень прыбіральні. Чаму гэта важны дзень?

19.11.2023 08:02
Аказваецца, што велізарная колькасць людзей на планеце не мае доступу да звычайных туалетаў.