Польшча знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе па спажыванні антыбіётыкаў. У многіх выпадках гэтыя прэпараты прымаюцца без патрэбы, бо больш за 80 працэнтаў інфекцый выкліканыя вірусамі, падкрэслілі ўдзельнікі канферэнцыі: «Інфекцыйныя захворванні – маштаб пагроз«.
Шматгадовы нацыянальны кансультант у галіне медычнай мікрабіялогіі прафесар Валерыя Грыневіч(Waleria Hryniewicz) заклікае абмежаваць ужыванне антыбіётыкаў, бо неўзабаве лячыць хворых не будзе чым:
- Злоўжыванне антыбіётыкамі пагражае катастрофай для здароўя. Бактэрыі вельмі хутка вучацца і перадаюць інфармацыю адна адной. Між тым, увядзенне на рынак кожнага новага леку патрабуе шмат гадоў даследаванняў і мільярдаў злотых. Мы павінны абмежаваць празмернае ўжыванне антыбіётыкаў і выкарыстоўваць іх тады, калі яны сапраўды неабходныя.
Доктар Міхал Суткоўскі(Michał Sutkowski) з Калегіі сямейных лекараў кажа, што пацыенты часта самі просяць антыбіётыкаў. Ён дадаў, што па гэтай справе, неабходна пашыраць веды, як сярод лекараў, так і пацыентаў:
- Неабходныя адукацыйныя кампаніі накіраваныя на лекараў, у прыватнасці сямейных лекараў, але таксама на пацыентаў, якія часта спрабуюць прымусіць лекараў выпісаць рэцэпт на антыбіётык. Можна сказаць, што зараз антыбіётык стаў умовай, сімвалам паспяховага лячэння.
Па дадзеных СААЗ, у 2019 годзе амаль 1,3 мільёна чалавек памерлі ва ўсім свеце ў выніку заражэння ўстойлівымі да лекаў бактэрыямі. Паводле ацэнак, у 2050 годзе ад хвароб, выкліканых устойлівымі да антыбіётыкаў бактэрыямі, ва ўсім свеце могуць памерці да 10 мільёнаў чалавек. Гэта больш, чым у выніку пыхлінаў.
IAR/аз