Беларуская Служба

Спаўняецца 105 гадоў з моманту пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года (ФОТА)

17.12.2023 06:02
Вялікапольскае паўстанне, разам з трэцім Сілезскім паўстаннем 1921 года, прывяло да аб’яднання заходніх польскіх земляў пасля Першай Сусветнай вайны.
Аўдыё
  • Спаўняецца 105 гадоў з моманту пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года
    .  1918 -  1919 ..
Польскія паўстанцы на вуліцы Познані. Снежань 1918 - люты 1919 г.г. Twitter.com/@ipngovpl

27 снежня споўніцца 105 гадоў з моманту пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года. Вынікам паўстання стала далучэнне амаль усяго рэгіёну Вялікапольшча да польскай дзяржавы.

Вялікапольскі рэгіён альбо інакш Вялікапольшча – гэта землі, размешчаныя на захадзе краіны на мяжы з Германіяй. Галоўным горадам Вялікапольшчы з’яўляецца Познань, таму ў гістарыяграфіі можна таксама сустрэць назву Пазнаньскае паўстанне. Яно працягвалася з 27 снежня 1918 года да 16 лютага 1919 года.

Раней вялікапольскія землі ўваходзілі ў склад прускай правінцыі Позэн. Нагадаем, ажно да 1918 года Польшча не існавала як самастойны суб’ект міжнароднага права цягам амаль 123 гадоў, бо тэрыторыю краіны паміж сабой падзялілі тры імперыі: Расія, Аўстра-Венгрыя і Прусія.

Паўстанцы патрабавалі ўключэння зямель Вялікапольшчы ў склад абвешчанай у лістападзе 1918 года польскай дзяржавы. Паўстанне скончылася ваеннай і палітычнай перамогай палякаў. Землі Вялікапольшчы былі перададзеныя Польшчы яшчэ да набыцця правамоцнасці палажэнняў Версальскай дамовы.

У канцы Першай сусветнай вайны польскі нацыянальны рух у Познані не траціў надзеі на ўключэнне тэрыторыі Вялікапольшчы ў магчымую адроджаную польскую дзяржаву. Нягледзячы на заявы шматлікіх лідараў замежных краін аб нацыянальным самавызначэнні палякаў, межы Польшчы былі нявызначаныя.

Вялікапольскія паўстанцы/domena publiczna
Вялікапольскія паўстанцы/domena publiczna

У лістападзе 1918 года палякі вагаліся паўставаць ці не, бо мелі роўнае прадстаўніцтва ў мясцовых органах улады – пяць польскіх і пяць нямецкіх прадстаўнікоў. Пачынаючы са снежня 1918 года пачаліся заклікі да далучэння да Польшчы. Неўзабаве Познань наведаў сусветна вядомы польскі піяніст, а пазней кіраўнік польскага ўраду Ігнацы Ян Падэрэўскі, які быў сустрэты з вялікім энтузіязмам польскім насельніцтвам горада. І яго візіт стаў штуршком да пачатку паўстання.


Ян Ігнацы Падэрэўскі (у конным экіпажы злева) ў Познані    крыніца: PAP/CAF
Ян Ігнацы Падэрэўскі (у конным экіпажы злева) ў Познані крыніца: PAP/CAF

Доктар Пётр Гжэльчак з Познаньскага аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы звяртае ўвагу на тое, што паўстанне планавалася, але ў пазнейшым тэрміне.

- Планавалася, што паўстанне можа пачацца крыху пазней. У той час палітычная атмасфера ў Познані нагадвала парахавую бочку, а прыезд Падэрэўскага стаў іскрай, якая ўзарвала гэтую бочку. Варта заўважыць, што немцы былі азлобленыя на палякаў, і ўжо працяглы час. 3-5 снежня 1918 года ў Познані прайшоў рэгіянальны польскі сход, на які прыбыло ажно 1 тыс. 400 дэлегатаў з цэлага рэгіёну. Тады палякі паказалі сваё нацыянальнае адзінства, што вельмі не спадабалася немцам.

Немцам таксама не падабалася тое, што калі вярталіся ў Познань з фронту, то на вуліцах гораду было мала нямецкіх сцягоў, а шмат – польскіх ды сцягоў саюзнікаў, якія былі вывешаныя пры нагодзе візіту Падэрэўскага. І немцы пачалі зрываць гэтыя сцягі.

Што стала штуршком да далейшых падзей... 27 снежня 1918 года падчас польскай дэманстрацыі прагучалі стрэлы. Паўстанцы захапілі ўсю правінцыю Позэн за выключэннем яе паўночных і паўночна-ўсходніх ускраін. Паўстанне скончылася 16 лютага 1919 перамір’ем у Трыры.
Познаньскае паўстанне 1918-1919 г.г. было адным з пяці ў гісторыі, разам з Познаньскім паўстаннем 1806 года, Сейненскім паўстаннем 1919 года і другім ды трэцім Сілезскімі паўстаннямі, у якім палякі атрымалі перамогу.

Вялікапольскае паўстанне, разам з трэцім Сілезскім паўстаннем 1921 года, прывяло да аб’яднання заходніх польскіх земляў пасля Першай Сусветнай вайны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу