Эксперты б’юць трывогу, што нават 50 мадэляў папулярных у Польшчы аўтамабіляў не могуць запраўляцца новым бензінам Е10. З 1 студзеня 2024 года гэта стаў асноўны від бензіну, які рэалізуецца на польскіх запраўках. Меркаванні на тэму новага віду паліва вельмі адрозныя.
Паліва з дамешкам біяэтанолу і біякампаненту зʼяўляецца патрабаваннем ЕС і вырабляецца ў інтарэсах сельскай гаспадаркі. Новы тып бензіну мае меншую каларыйнасць, але адрозненні ў рэальным расходзе паліва павінны быць невялікімі.
Пра ўвядзенне паліва E10 у прапанову польскіх АЗС гаварылі ўжо больш за дзясятак гадоў, але раней гэта павінна было выглядаць як, напрыклад, у Германіі. Гэтае паліва павінна было толькі дапоўніць прапанову, а яго кошт павінен быў быць ніжэй стандартнага бензіну Е5.
Аднак пасля шматгадовых адтэрміновак было прынята іншае рашэнне, якое прымушае кіроўцаў хутчэй азнаёміцца з гэтым палівам, бо выбар на запраўках абмежаваны.
У Інтэрнэце можна знайсці шмат артыкулаў, якія папярэджваюць аб шкодным уздзеянні паліва E10 на рухавікі. Усё ж многія з іх грунтуюцца на дадзеных з некалькіх гадоў таму, калі гэтае паліва пастаўлялася, у тым ліку, для французскага або нямецкага рынку – гэта значыць з тых часоў, калі на дарогах хадзіла значна больш аўтамабіляў, канструктары якіх не прадбачылі магчымасці выкарыстання такога бензіну.
Галоўныя засцярогі звязаныя з большым дадаткам біяэтанолу ў паліве Е10. Яцэк Хуніч з кафедры ўраўнаважанага транспарту Люблінскай палітэхнікі адносіцца да ліку тых, хто не бачыць у новым бензіне нічога кепскага:
-Дадатак этанолу ў паліве ёсць ужо цяпер – на ўзроўні да 5%. Калі павялічыць яго прапорцыі ўдвая, то гэта не будзе мець ніякіх наступстваў. Справа ў тым, каб зменшыць выкіды СО2. Можна сказаць, што гэта вельмі добры кампанент. Гэта субстанцыя, якая ў адрозненні ад бензіну, не ўтрымлівае, напрыклад, араматычных вуглевадародаў.
Даніэль Вэсалоўскі з «Fabryka-mocy» гаворыць, што з пункту гледжання ўладальніка аўтамабіля розніцу амаль немагчыма заўважыць:
-Розніца ў працы рухавіка мінімальная, ці яе практычна няма. Рухавік сам прыстасоўваецца да параметраў паліва, якое выкарыстоўваецца. Ён стабілізуе гэтыя параметры так, каб аўтамабіль працаваў правільна.
Для аўтамабіляў, якія вырабляліся за апошнія дзясятак гадоў (за невялікім выключэннем), бензін Е10 не ўяўляе пагрозы. На працягу многіх гадоў вытворцы распрацоўвалі аўтамабілі з улікам гэтага паліва, бензін E10 таксама выкарыстоўваецца ў афіцыйных тэстах і даследаваннях расходу паліва і выкідаў выхлапных газаў.
У выпадку са старымі аўто справа не такая адназначная. У старых мадэлях кампаненты паліўнай сістэмы могуць не пераносіць кантакту з бензінам з вялікай колькасцю спірту – гэта можа паскорыць старэнне матэрыялаў, з якіх выраблены паліўныя магістралі і ўшчыльняльнікі. Вялікая прымешка спірту ў паліве можа паскорыць карозію алюмініевых кампанентаў.
Лешэк Гардэньскі з Люблінскай палітэхнікі займаецца даследаваннем біяпаліва 20 гадоў. Ён скептычны ў адносінах да паліва Е10.
-Галоўным чынам гаворка пра біядадаткі да дызельнага паліва. Тут усё не было такім ружовым. Выразна псаваліся змазачныя ўласцівасці, даходзілі праблемы тыпу склейванне элементаў паліўнай сістэмы. Калі казаць пра бензін, то мы ўжо маем дадатак біяэтанолу, цяпер яго лічба будзе падвоеная. Я не спадзяюся прагрэсу. Спадзяюся, што значна горш не будзе. Біяэтанол – гэта субстанцыя, якая звязвае ваду. Мы памятаем, што калі на марозе рухавік не хацеў завесціся, то ў рухавік «малюха» трэба было наліць паўлітра тэхнічнага спірту. Таму, магчыма, некаторыя моманты палепшацца.
Даніэль Вэсалоўскі падказвае, што кіроўцы могуць пачаткова мяшаць бензін Е10 з 98 бензінам.
-Старэйшыя аўтамабілі маюць менш развітую сістэму кіравання рухавіком. Ён можа не справіцца з задачай выпраўлення параметраў для гэтага паліва. Ратункам у такіх выпадках заўсёды з’яўляецца паліва 98, якое мы можам выкарыстоўваць, перамешваць з Е10, каб аўтамабіль працаваў правільна, калі раптам будзе працаваць кепска. Гэты від паліва выкарыстоўваюць за мяжой і з ім няма большага клопату. Няма прычын хвалявацца загадзя.
Новае паліва змяшчае да 10% біякампанентаў. Яго ўвядзенне накіравана на скарачэнне выкідаў CO2 у транспартным сектары і, як следства, на паляпшэнне якасці паветра ў гарадах.
Кампанія Suzuki падлічыла, што дзякуючы гэтаму транспартны сектар можа скараціць выкіды CO2 да 750 тысяч тон у год, што дае такі ж эфект, як скарачэнне колькасці транспартных сродкаў на 350 тысяч адзінак. У ЕС лічаць гэта наступным крокам у бок аднаўляльнай сыравіны і зялёнай энергіі.
ав
слухайце аўдыё