Беларуская Служба

Залішняя вага назіраецца ў кожнага дзясятага дзіцяці ва ўзросце да 6 гадоў. Пазней яшчэ горш

06.02.2024 14:13
Далёка не заўсёды тоўстае дзіця - гэта значыць прыгожае і здаровае.
Аўдыё
  • Праблема атлусцення ў дзяцей
.
Ілюстрацыя.Графіка: https://dzen.ru/a/X6RNEY61sjowtcxN

Празмерная маса цела ў маладым узросце можа мець сур'ёзныя наступствы для здароўя ў дарослым узросце. Атлусценне – гэта назапашванне непатрэбнай масы, тлушчу, які можа збірацца вакол жыццё важных органаў і ўяўляць небяспеку для здароўя, асабліва калі атлусценне датычыць маладых людзей, а тым больш – дзяцей. 

Дзеці ў Польшчы хуткімі тэмпамі набіраюць вагу, многія з іх нават у першыя гады жыцця важаць ужо надта шмат. Калі некалькі дзясяткаў гадоў таму нярэдка праблемай была малая вага, і дзяцей трэба было адкормліваць, то цяпер яны часта маюць пазапланавыя кілаграмы, якія, на жаль, не даюць здароўя і прыгажосці, а наадварот, могуць стаць вялікай праблемай, паколькі атлусценне, якое паявілася ў раннім узросце, цяжэй лячыць, чым калі з гэтай праблемай сутыкнуўся ўжо дарослы чалавек.

Лекары ўстрывожаныя, што праблема атлусцення дзяцей у краінах заходняй цывілізацыі нарастае, а не ўсе бацькі перакананыя, што гэта захворванне, якое патрабуе лячэння, а не толькі эстэтычная праблема. Дарэчы, мода мяняецца, ёсць дзяржавы, дзе вялікая праблема наадварот з недаяданнем дзяцей, а тоўстае дзіця – азначае прыгожае і здаровае. Скажам, у Маўрытаніі нават сілаю кармілі дзяўчынак, каб яны набралі вагу, але і там ужо ад гэтага адмовіліся. У Афрыцы дзеці таксама таўсцеюць ад тлустага і таннага нездаровага харчавання, ад страваў тыпу фаст-фуд. А дзеці ў Польшчы таўсцеюць у сярэднім хутчэй, чым маладое пакаленне ў іншых краінах Еўропы.

Атлусценне прызналі захворваннем і ўключылі ў Міжнародную класіфікацыю хвароб. Паводле дадзеных Польскага таварыства лячэння атлусцення, у Польшчы лішняя вага ці атлусценне сустракаецца ў прыкладна 12% хлопчыкаў і 10% дзяўчынак у дашкольным узросце, а сярод школьнікаў – у 18,5% хлопцаў і 14,3% дзяўчынак.

Сямейныя лекары-тэрапеўты і педыятры не заўсёды заўважаюць і рэагуюць на праблему празмернай вагі і атлусцення ў дзяцей і падлеткаў. Па словах спецыялістаў, тэрапеўты накіроўваюць на кансультацыю і лячэнне толькі невялікі адсотак самых маленькіх дзяцей, у якіх назіраецца празмерная вага.

У варшаўскім дзіцячым шпіталі «Цэнтр здароўя дзіцяці» прайшла навуковая канферэнцыя «Атлусценне ў дзяцей – прафілактыка і лячэнне». Загадчык аддзела гастраэнтэралогіі, гепаталогіі, харчовых расстройстваў і педыятрыі гэтай установы прафесар Пётр Соха (Piotr Socha) падкрэсліў, што залішняя вага і атлусценне назіраюцца ў кожнага дзясятага дзіцяці ва ўзросце да 6 гадоў, а сярод падлеткаў значна часцей. Па словах прафесара, неабходная сістэма дыягностыкі гэтай праблемы. Такой сістэмы няма на дзяржаўным узроўні.

- Таксама ў школах няма сістэмы дыягностыкі і рэагавання на праблему атлусцення. Праўда, у нас ёсць праграмы, якія сапраўды працуюць, але іх мала. Напрыклад, у Гданьску існуе праграма пад назваю «6-10-14». Дзякуючы гэтай праграме, школьнікі могуць атрымаць дыягназ і пачаць лячэнне. На такія праграмы патрэбныя вялікія фінансавыя сродкі. Атлусценне лечаць таксама спецыяльныя лячэбныя ўстановы. Неабходна пашырыць такія праграмы, каб яны працавалі ў маштабе ўсёй краіны, каб на кожным этапе дашкольнай і школьнай адукацыі дзеці былі пад назіраннем, і своечасова ў іх заўважалі праблему атлусцення. І каб далей кіравалі гэтых дзяцей да спецыялістаў.

Ацэнка здароўя дзіцяці дапамагае прадухіліць атлусценне. У Польшчы прадугледжаныя рэгулярныя агляды малодшых, якія праводзяць педыятры, сямейныя лекары або медсёстры. Такой апекай ахопленыя дзеці ад самага нараджэння да 19 гадоў. Спецыялісты могуць заўважыць лішнюю вагу і атлусценне. Аднак няма адзінай сістэмы лячэння атлусцення, – адзначае прафесар Пётр Соха.

- Атлусценнем займаецца як педыятр, так і эндакрынолаг або гастраэнтэролаг. Мы ў Цэнтры здароўя дзіцяці ўцягнулі ў лячэнне атлусцення дзяцей як педыятраў, так і гастраэнтэролагаў, эндакрынолагаў, а таксама лекараў, якія займаюцца гіпертаніяй. Мы разам ставім дыягназ «атлусценне», правяраем, якія ўскладненні дае хвароба. І толькі тады ўключаем комплексную тэрапію з удзелам дыетолага, псіхолага, фізіятэрапеўта, які рыхтуе план фізічнай актыўнасці дзіцяці ў залежнасці ад ступені атлусцення. Бывае таксама неабходнасць барыятрычнага лячэння.

Барыятрычнае лячэнне, пра якое казаў лекар, гэта вельмі сур’ёзная форма лячэння атлусцення, ім карыстаюцца ў тым выпадку, калі іншыя спосабы не даюць вынікаў. Яно заключаецца ў рэзекцыі часткі страўніка або кішэчніка, гэта значыць, змяншэнні пры дапамозе хірургічнай аперацыі, дзякуючы чаму пацыент прымушаны спажываць менш харчавання. Аднак хірургічнае ўмяшанне заўсёды нясе з сабою пэўную дозу рызыкі, таму лепш худнець пры дапамозе фізічных нагрузак і адпаведнай дыеты.

IAR/нг