Беларуская Служба

Ці сучасная вопратка бяспечная для чалавека і прыроды?

13.02.2024 09:30
Вельмі часта можна пачуць меркаванне, што штучныя тканіны непрыязныя для нашага цела.
Аўдыё
  • Ці сучасная вопратка бяспечная для чалавека і прыроды?
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Натуральныя, такія як бавоўна, штучныя, такія як віскоза, або сінтэтычныя, такія як паліэстар, – гэта толькі прыклады некаторых тканін, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці адзення. Аднак сучасная прамысловасць выкарыстоўвае значна больш шырокі спектр матэрыялаў для вытворчасці разнастайнага адзення.

Вельмі часта можна пачуць меркаванне, што штучныя тканіны непрыязныя для нашага цела. Тэхналогіі ў швейнай прамысловасці вельмі моцна пасунуліся наперад, таму гэтая тэза не зусім правільная.

Госць Польскага радыё інжынер Анэта Валаўска для разумення тэмы тлумачыць, што валокны падзяляюцца на натуральныя (паходзяць ад жывёлаў ці раслін) і хімічныя. Гэтыя другія дзеляцца на дзве катэгорыі: штучныя і сінтэтычныя:

– Штучныя валокны атрымліваюцца з палімераў, якія сустракаюцца ў прыродзе, часцей за ўсё з цэлюлозы, то бок з розных дрэваў, таксама бамбука, таксама з валокнаў бавоўны, рознага роду сыравіны, якая паходзіць з цэлюлозы. У сваю чаргу сінтэтычныя валокны збудаваныя з палімераў, якіх у прыродзе няма. Спачатку трэба вырабіць палімер, гэта вытворныя нафты, а потым з гэтых палімераў вырабляюць валокны, – тлумачыць Анэта Валаўска.

Экспертка не пагаджаецца з тэзай людзей, якія пераконваюць, што адзінай карыснай для скуры і найлепшай у сэнсе выгоды з’яўляецца вопратка з бавоўны. У цяперашні час на рынку ёсць велізарны выбар тканін, кожны выбярэ для сябе адпаведны гатунак. Пры гэтым вельмі важна выбіраць вопратку з матэрыялу, які мае адпаведны сертыфікат.

- Самы вядомы – Standard 100 by OEKO-TEX. Гэта распазнавальны знак на многіх этыкетках у вельмі розных крамах, у тым ліку ў папулярных сетках. Гэты знак пацвярджае, што адзенне бяспечнае для чалавека, гэта значыць не выклікае алергіі і раздражнення скуры. Такую вопратку можна купляць. Гэты знак можа размяшчацца як на вопратцы з бавоўны, так і з штучных і сінтэтычных тканін. Для нас гэта гарантыя бяспечнасці вопраткі, – кажа Анэта Валаўска.

Варта не забываць адаптаваць сваю вопратку да заняткаў, якімі вы збіраецеся займацца. Для заняткаў спортам ёсць велізарны выбар вопраткі са штучнай тканіны, якая выдатна дыхае і адводзіць пот.

-Напрыклад, падчас горных вандровак варта насіць не баваўняную вопратку ці штучную з віскозы. Падчас фізічнай актыўнасці мы моцна пацеем, а гэтыя тканіны ўцягваюць пот і з цяжкасцю яго адводзяць. Калі мы затрымаемся, то можам з лёгкасцю змерзнуць ці прастудзіцца. У сваю чаргу сінтэтычныя валокны амаль увогуле не ўцягвае вільгаці, у вельмі нязначнай ступені, але вельмі лёгка ад гэтай вільгаці пазбаўляюцца. Гэтая тканіна мае гладкую структуру, па якой часцінкі вадкасці перасоўваюцца, цяпло цела адсоўвае яе на вонкі. І ў нас ёсць пачуццё сухасці.

Выбіраючы вопратку спажыўцы частка шукаюць трыкатаж, які «дыхае». Анэта Валаўска тлумачыць, што ўсе натуральныя тканіны добра дыхаюць, але таксама паглынаюць вільгаць. Таму яны не будуць камфортныя для фізічнай актыўнасці. Для гэтага віду актыўнасці трэба выбіраць сінтэтычныя тканіны, пераважна паліэстар і поліамід.

Адразу ж варта сказаць, што ідэальнай, экалагічнай тканіны, працэс вытворчасці якой не аказваў бы ўплыву на прыроднае асяроддзе, не існуе, чытаем на блогу ctnbee.com. На вырошчванне фаварытаў эка-моды – натуральных валокнаў – траціцца велізарная колькасць вады, а самі пасевы апырскваюцца пестыцыдамі, якія забруджваюць экасістэму. Сінтэтычныя валокны, у сваю чаргу, штогод спажываюць сотні мільёнаў цыстэрнаў нафты.

Пры пошуку арганічных матэрыялаў абавязкова звяртайце ўвагу на маркіроўку і сертыфікаты на тэкстыльнай прадукцыі. Для вашай бяспекі і бяспекі навакольнага асяроддзя выбірайце нетаксічныя матэрыялы без хімікатаў. Акрамя згаданага сертыфікату Standard 100 by OEKO-TEX, пры выбары паліэстару, нейлону, воўны, кашміру або бавоўны, шукайце сертыфікат RCS (Recycled Claim Standard).

Перапрацаваныя матэрыялы спажываюць менш энергіі і іншых рэсурсаў у працэсе вытворчасці. У выпадку натуральных валокнаў, у тым ліку лёну, бавоўны, воўны або шоўку, звярніце ўвагу на сертыфікат, які пацвярджае адсутнасць хімікатаў і генетычна мадыфікаваных арганізмаў, то бок знак GOTS.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Паслугі анлайн адказваюць за 3% выкідаў СО2

19.01.2024 06:23
Лічбавая экалогія – што гэта такое? Як нашае карыстанне інтэрнэтам уплывае на змены клімату?