Беларуская Служба

У паліцыі жаночы твар – гісторыя Жаночай паліцыі даваеннай Польшчы (ФОТА)

16.02.2024 06:01
У Жаночую паліцыю прымалі незамужніх жанчын альбо бяздзетных удоў, а з моманту падпісання кантракту яны не мелі права выходзіць замуж цягам 7 гадоў.
Аўдыё
  • У паліцыі жаночы твар – Жаночая паліцыя даваеннай Польшчы была важнай часткай праваахоўнай сістэмы
   . 1935
Супрацоўніцы польскай Жаночай паліцыі. 1935 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

Слаба вядомай старонкай гісторыі міжваеннай Польшчы з’яўляецца існаванне жаночых атрадаў Дзяржаўнай паліцыі. Яны, дарэчы, так і называліся – Жаночая паліцыя. Аддзелы пачалі стварацца на хвалі фемінісцкіх рухаў у канцы 19-га, на пачатку 20 стагоддзяў.

Першы асобны атрад жаночай паліцыі быў створаны ў 1880 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі. У сваю чаргу ў 20 стагоддзі першай краінай, у якой на службу ў паліцыю пачалі прымаць жанчын, стала Вялікабрытанія. У 1914 годзе Сотланд-Ярд даў згоду да стварэнне жаночай патрульнай службы. У тыя часы была праблема з кадрамі ў праваахоўнай службе, бо многія паліцэйскія былі накіраваныя на фронт.

Жанчыны-паліцэйскія з падлеткам-парушальнікам. Жнівень 1939 года Жанчыны-паліцэйскія з падлеткам-парушальнікам. Жнівень 1939 года

У 1923 годзе Ліга нацый выказала занепакоенасць ростам прастытуцыі і гандлю людзьмі. У сувязі з гэтым у польскіх кіроўных колах з’явілася ідэя стварэння жаночага аддзелу, які б займаўся пытаннямі, датычнымі менавіта жанчын. Першапачаткова ў Міністэрстве ўнутраных спраў было створанае Цэнтральнае бюро па барацьбе з гандлем жанчынамі і дзецьмі, якое ўзначаліла паручнік Станіслава Палеолаг. А вось 26 лютага 1925 года начальнік Дзяржаўнай паліцыі Польшчы падпісаў загад аб прыёме на службу жанчын. Першапачаткова пасля пройдзеных курсаў у паліцыю прынялі 30 жанчын, у 1930 іх было ўжо 50.

Найбольш паліцыянтак служыла ў вялікіх гарадах – адміністрацыйных цэнтрах ваяводстваў: Варшаве, Кракаве, Вільні, Львове і г.д. На пачатку стварэння жаночай паліцыі ў Варшаве, для прыкладу, служыла толькі 18 кабет.

Паліцыянткі пасля заканчэння курсаў. Студзень 1939 года Паліцыянткі пасля заканчэння курсаў. Студзень 1939 года

Дарэчы, кандыдаткамі маглі стаць выключна незамужнія жанчыны альбо бяздзетныя ўдовы ва ўзросце 25-45 гадоў, у добрым стане здароўя, мінімальным ростам у 164 см і кароткай стрыжкай. Акрамя таго, яны павінны былі мець пазітыўную характарыстыку ад жаночай арганізацыі, якая супрацоўнічала з дзяржаўнымі органамі. Больш за тое, жанчына павінна была падпісаць дакументы, у якіх запэўнівала, што цягам 7 гадоў з моманту прыняцця на службу яна не выйдзе замуж. Пры прыёме на службу перавага аддавалася кандыдаткам, якія ўжо служылі ў арміі альбо парамілітарных арганізацыях. Больш за тое, у паліцыю бралі кабет з мінімум сярэдняй адукацыяй. Падчас службы быў забаронены макіяж, нават вельмі сціплы.

Паліцыянткі на патрулі. Варшава, жнівень 1939 года
Паліцыянткі на патрулі. Варшава, жнівень 1939 года

Дарэчы, на практыцы на службу ў паліцыю прыходзілі вельмі адукаваныя жанчыны з вышэйшай адукацыяй, якія ведалі некалькі замежных моваў, і агулам мелі шырокі кругагляд.

Большасць жанчын-паліцэйскіх з першага набору трапілі ў аддзелы нораваў. Неўзабаве аказалася, што жанчыны лепш за мужчын спраўляюцца ў барацьбе з прастытуцыяй, у сітуацыях, дзе было хатняе насілле. Паліцэйскія прыгожага полу таксама пазітыўна сябе паказалі пры расследаванні сексуальных злачынстваў і ў дзіцячых пакоях паліцыі. Таму неўзабаве былі створаныя спецыяльныя курсы, якія працягваліся 9 месяцаў і пасля заканчэння якіх жанчыны-паліцэйскія накіроўваліся на службу ў следчыя, крымінальныя і прафілактычныя аддзелы. У 1936 годзе службу ў польскай паліцыі несла 112 жанчын, а ў 1939-м – каля 300 паліцыянтак.

Супрацоўнічы Жаночай паліцыі перад пачаткам службы. Жнівень 1939 года Супрацоўнічы Жаночай паліцыі перад пачаткам службы. Жнівень 1939 года

Варта нагадаць, што Жаночую паліцыю ўзначаліла тая ж Станіслава Палеолаг, якая ў 1939 годзе, перад пачаткам вайны, служыла ў званні надкамісара паліцыі, гэта значыць капітана, паводле вайсковай наменклатуры. У канцы Другой сусветнай вайны яна далучылася да Польскіх узброеных сіл на Захадзе, а ваенныя дзеянні закончыла ў званні падпалкоўніка. Але пра постаць Станіслава Палеолаг мы раскажам у адной з бліжэйшых гістарычных рубрык.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымкі: Narodowe Archiwum Cyfrowe  


Больш на гэтую тэму: Машына часу