Беларуская Служба

80% гуманітарнай дапамогі, якую атрымлівае Украіна, паходзіць з Польшчы

25.02.2024 08:54
Цяпер дапамога накіроўваецца ў асноўным на ўсход, у раёны, якія знаходзяцца бліжэй да фронту.
Аўдыё
  • 80% гуманітарнай дапамогі, якую атрымлівае Украіна, паходзіць з Польшчы
АдэсаPAP/EPA/IGOR TKACHENKO

80% гуманітарнай дапамогі, якую атрымлівае Украіна, паходзіць з Польшчы, паведаміў Польскаму радыё дапаможны біскуп Львоўскай архідыяцэзіі Эдвард Кава. Іерарх з’яўляецца генеральным сакратаром Канферэнцыі Епіскапату Украіны, а таксама адказвае за каардынацыю транспартаў, якія адпраўляе дабрачынная каталіцкая арганізацыя «Карытас». Ён адзначае, цяпер дапамога накіроўваецца ў асноўным на ўсход, у раёны, якія знаходзяцца бліжэй да фронту:

-Дапамога ў 2023 годзе зменшылася прынамсі на палову ў параўнанні з 2022 годам. Аднак калі казаць пра якасць, то яна не зменшылася. Дапамога ў 2023 годзе была больш адпаведная нашым патрэбам. Патрэбы для ўцекачоў на заходняй мяжы былі меншымі. Мы больш засяроджваліся на дапамозе блізу лініі фронту: на поўдні і ўсходзе краіны, дзе людзі з’яўляюцца ахвярамі штодзённых абстрэлаў.

Летась ва Украіне дзякуючы «Карытас Польшча» матэрыяльную дапамогу атрымалі 570 тысяч чалавек. У рамках праграмы «Сям’я сям’і» 1800 самых бедных украінскіх сем'яў атрымалі непасрэдны догляд. Таксама было адпраўлена больш за 90 тысяч пасылак з прадуктамі харчавання і сродкамі гігіены. У Папяльцовую сераду ў польскіх парафіях прайшоў чарговы збор для Украіны.

Біскуп Эдвард Кава дадае, што цяпер найбольш патрэбныя прадукты з доўгім тэрмінам захоўвання:

-Макароны, крупы, мясныя кансервы, паштэты. Усё, што можна лёгка захоўваць, але і лёгка прыгатаваць у палявых умовах, калі людзі не маюць электрычнасці і газу. Зімой гэта лекі ад прастуды, людзі вельмі шмат хварэюць, паколькі сядзяць гадзінамі, а часамі і суткамі ў халодных падвалах, хаваючыся ад абстрэлаў. І трэцяе – гэта сродкі асабістай гігіены.

Яшчэ патрэбныя спальнікі і коўдры. Біскуп дадае, што лагістыка гуманітарных перавозак падчас вайны была добра развітая. Дапамога з Польшчы і з-за мяжы накіроўваецца ў Лежайск, дзе знаходзіцца перавалачны вузел, потым у Львоў, а потым на ўсход. Дзякуючы сетцы валанцёраў «Карытас» ведае, якія патрэбы, і можа накіраваць іх да канкрэтных людзей.

-На пачатку вайны былі крадзяжы, цяпер усё, што мы адпраўляем, даходзіць да месца прызначэння. Больш за тое, бяспека заключаецца ў тым, што грузы апячатаны, – дадае біскуп Кава. Аднак праблема карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў існуе, прызнае іерарх.

«Карытас Польшча» пастаянна падтрымлівае бежанцаў таксама ў Польшчы. Дзейнічаюць 28 цэнтраў дапамогі мігрантам і бежанцам, якія абслугоўваюць больш за 92 тысячы чалавек, больш за 30% з іх – дзеці.

Больш за 70 тысяч дарослых і дзяцей карысталіся псіхалагічнай падтрымкай і рознымі відамі інтэграцыйнай дзейнасці, якія дазвалялі ім лепш функцыянаваць у польскім грамадстве.

У курсах польскай мовы прынялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек, а 14 тысячам аказана дапамога ў працаўладкаванні. У 2023 годзе больш за 23 тысячы чалавек скарысталіся прытулкам у цэнтрах «Карытас» і іншых касцёльных установах.

Другой каталіцкай арганізацыяй, якая дапамагае Украіне, з’яўляецца аб’яднанне «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». У першыя месяцы расійскай агрэсіі супраць Украіны яно аказала гэтай краіне дапамогу ў памеры 1,3 мільёна еўра. Да канца 2022 года агульная сума павялічылася яшчэ на 3,27 мільёна.

«Дапамога Касцёлу ў патрэбе» падтрымала больш за 600 праектаў, у тым ліку фінансавала будаўніцтва 11 цэнтраў псіхалагічнай і духоўнай падтрымкі.

Дырэктар польскай секцыі аб’яднання «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» ксёндз Вальдэмар Цісла сказаў, што, дапамагаючы ўкраінцам, палякі здалі іспыт у вучэнні святога Яна Паўла ІІ:

-Вельмі нешчаслівыя самыя слабыя. Цяпер мы гэта бачым непасрэдна. Памятаем, пра натоўпы на межах. Тысячы палякаў, якія прывозілі цёплае харчаванне. Калі нехта пытае, што ў нас засталося з навучання Яна Паўла ІІ, то гэта быў найлепш здадзены практычны іспыт. Бо гэта быў іспыт з любові.

Дапамога дайшла да тысяч людзей, якія жывуць у нястачы, і дапамагла аднавіць краіну. «Яе выкарыстоўвалі семінарысты, святары і сёстры законныя, якія дапамагаюць клапаціцца пра пераселеных асоб і бедных, лячыць траўмы салдат і іх семʼяў», – нагадаў святар:

-Таму вельмі важна, што робяць касцельныя арганізацыі. Мы даем сродкі для дапамогі святарам і манахіням. Найбяднейшыя прыходзіць менавіта да іх шукаць дапамогу. Да духоўных прыходзяць па лекі, ежу, а мы дапамагаем ім дапамагаць самым бедным, якія засталіся на месцы.

Айцец Вальдэмар Цісла паведаміў, што з 2014 г. 23 філіі аб’яднання штогод выдзяляюць каля шасці мільёнаў еўра на душпастырскую дапамогу ва Украіне. Святар адзначыў, што цяпер яна носіць характар гуманітарнай дапамогі, гэта значыць сродкаў на набыццё лекаў і прадуктаў харчавання.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры