Кніга Паўла Севярынца «Люблю Беларусь» – гэта энцыклапедыя 200 феноменаў беларускай нацыянальнай ідэі. Адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паказаў у ёй Беларусь з багатай гісторыяй, духоўную і прагрэсіўную. Паплечнікі аўтара, палітвязня беларускага рэжыму, вырашылі пашырыць яго ідэі сярод беларусаў замежжа. Яны збіраюць сродкі на выдачу ў Польшчы 200 экзэмпляраў кнігі, даход ад продажу якой часткова намераныя прызначыць на дапамогу бежанцам з Беларусі – пенсіянерам і асобам з абмежапаваным здароўем. Пра гэтую ініцыятыву распавядае кіраўнік варшаўскай суполкі БХД Яўген Дудкін.
- Фундацыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя ладзіць шэраг ініцыятыў, якія прасоўваюць хрысціянскія каштоўнасці. Выданне кнігі Паўла Севярынца – гэта спроба паказаць Беларусь, якой можна ганарыцца, якая мае дасягненні. Гэта і Магдэбургскае права, і прафесійнае войска, якое перамагала ўсходняга суседа, гэта і навуковыя дасягненні. У Беларусі была еўрапейская мінуўшчына, у Беларусі ёсць еўрапейская будучыня. Гэта кніга для беларусаў, каб яны адчулі ўласную годнасць. Рыторыка рэжыму такая, што беларусы на эміграцыі нікому не патрэбныя, а мы хочам вярнуць пачуццё ўласнай годнасці кожнаму беларусу.
Частка сабраных грошай пойдзе на сацыяльны праект па дапамозе людзям пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту, якім прыйшлося з'ехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу.
- Сёння такіх людзей шмат, ёсць варыянты дапамогі гэтым людзям. І Пераходны кабінет, і іншыя палітыкі на эміграцыі павінны звяртаць увагу на людзей пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту, якім цяжка ўладкавацца на працу, каб сябе ўтрымліваць. Гэта трагедыя – людзі засталіся без маёмасці, якая ў Беларусі, без сродкаў выжывання. Беларускі рэжым не выконвае міжнародныя пагадненні (па сацыяльным забеспячэнні – рэд.), ён спрабуе свае абавязкі перакінуць на ўрады іншых краін, у тым Польшчы, каб паказаць, што беларусы нікому не патрэбныя, стварыць напружанне паміж польскай уладай і беларусамі-мігрантамі.
Першапачатковая мэта БХД - сабраць 4700 злотых (прыкладна 1180 долараў ЗША).
Каардынатар кампаніі - Таццяна Малашчанка
Нумар рахунка: 93102049000000800235982714
Мэты пералічэння: Druk. P. Siewiaryniec
Атрымальнік: Fundacja "Białoruska Chrześcijańska Demokracja"
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле.
нг