Беларуская Служба

Куды бегчы, калі пачуеш сігнал паветранай трывогі? Палякі ў большасці не ведаюць

26.03.2024 22:23
Эксперт раіць: трэба знайсці якое-колечы месца пад зямлёй. Гэта лепш, чым на паверхні.
Аўдыё
  • Паветраная трывога - дзе схавацца?
 .         .
Ілюстрацыйны здымак. Украінцы навучыліся ўжо хутка рэагаваць на сігнал паветранай трывогі.Фота: dev.ua

Дзясяткі гадоў у нашай частцы Еўропы панаваў мір і спакой. Можна было паверыць у тое, што так будзе доўга. Ні палітыкі, ні жыхары ЕС не прадбачвалі, што ў іх дамы можа зазірнуць ваенны канфлікт. Гэтая ўпэўненасць у нязменнасці мірнага еўрапейскага жыцця рассыпалася, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Паступова да людзей пачало даходзіць, што лепш падрыхтавацца да найгоршага. Аднак аказалася, што польская дзяржава ў некаторых аспектах вельмі кепска да вайны падрыхтаваная. Напрыклад, у галіне грамадзянскай абароны.  

У жыхароў Польшчы гук, падобны да сігналу паветранай трывогі, атаясамліваецца амаль выключна з адзначэннем гадавіны Варшаўскага паўстання – кожны год 1 жніўня ў 17.00. Але тады, у жніўні, ён не нясе інфармацыі пра непасрэдную пагрозу, у адрозненні ад сапраўднага ракетнага абстрэлу, пад пагрозай якога жывуць жыхары Украіны ўжо даўно.

А польская дзяржава кепска падрыхтаваная да вайны ў галіне грамадзянскай абароны. Гэта тое, што амаль не існуе. Палякі ў большасці зусім не ведаюць, што рабіць і куды бегчы ў выпадку паветранай трывогі.

- Не, я не ў стане сказаць. На жаль, я не ведаю. Я ніколі не шукаў такой інфармацыі. Я не ведаю, ці агулам такія сховішчы існуюць. На маю думку, у часы рэальнай пагрозы добра гэта ведаць або хаця б ведаць, дзе атрымаць інфармацыю. Бо я нават не ведаю, дзе яе шукаць.

Гэтае апытанне, праведзенае на вуліцах Варшавы, паказвае, што людзі не маюць паняцця, куды бегчы ў выпадку паветранай трывогі. Ёсць, канешне, асобы, якія заўсёды падрыхтаваныя да нечаканых сітуацый, іх называюць з ангельскай мовы прэперсамі (анг. Preppers – падрыхтаваныя). Іх у мірных краінах лічаць такімі крыху гарадскімі вар’ятамі, над якімі можна пажартаваць. А хутчэй, лічылі. Цяпер ужо не да жартаў, бо ўсё часцей гучаць галасы, што краінам Цэнтральнай Еўропы можа рэальна пагражаць нападзенне з боку Расіі, а нават нуклеарны выбух.

Польскія ўлады заняліся тэматыкай. Надоечы было заяўлена, што яны рыхтуюць прадпасылкі закону аб грамадзянскай абароне. Аб гэтым сказалі на прэс-канферэнцыі, у якой удзельнічаў між іншым міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі. «Дзяржава мае абавязак абараняць сваіх жыхароў», – адзначыў міністр.

- Гэты закон павінен стварыць працэдуры, нормы і гарантыі таго, што калі нешта фігуруе ў спісе ў якасці сховішча, то яно гэтым сховішчам будзе. А муніцыпалітэт, у распараджэнні якога знаходзіцца гэты аб’ект, будзе мець абавязак яго ўтрымліваць і будзе мець сродкі на яго ўтрыманне.

Кіраўнік МУС таксама нагадаў, што грамадзянская абарона датычаць усіх узроўняў жыцця краіны. Гэта як задачы на ўзроўні гміны, павета, ваяводства, так і краіны. «Бяспека польскіх жанчын і мужчын з'яўляецца абсалютным прыярытэтам цяперашняга ўрада», – сказаў ён.

Ва Украіне вельмі крытыкавалі стан падрыхтаванасці грамадзянскай абароны да поўнамаштабнай вайны, калі яна пачалася. І гэта ў сітуацыі, калі ўжо восем гадоў працягваўся канфлікт на ўсходзе краіны. Падобная сітуацыя назіраецца ў Польшчы – адзначыў госць Польскага радыё, старшыня Асацыяцыі «Інстытут ахоўнага будаўніцтва» Аляксандр Федэрэк, спецыяліст па аб’ектах, прызначаных для аховы насельніцтва.

- Падабенства шмат, розніца ў тым, што ва Украіне грамадзянская абарона, прынамсі ў некаторых месцах, зрабіла хатняе заданне, а ў Польшчы ўсё яшчэ горш. У нас, у Польшчы я б паставіў "адзінку" тым, хто адказвае за сховішчы, бо іх практычна няма. Але людзям за іх уцягнутасць у вырашэнне праблемы, якая напэўна будзе, пастаўлю "пяцёрку".

Існуе спецыяльнае прыкладанне, якое паказвае, дзе ў паблізу знаходзяцца аб’екты, дзе можна схавацца ў выпадку паветранай трывогі. Я праверыла, што ў маім наваколлі практычна няма аб’ектаў, якія ахавалі б ад ракетнага абстрэлу, не кажучы ўжо пра атамны выбух. Прыкладанне прапануе бегчы ў падвалы шматкватэрных дамоў, але не кожны падвал ахавае нават ад невялікага абстрэлу. Аднак гэта лепшы выбар, чым застацца на паверхні, – кажа эксперт.

- На пэўна гэта лепш, чым застацца на адкрытай прасторы ў выпадку артылерыйскага абстрэлу. Але падвал не дае дастатковай абароны, калі будынак будзе разбураны. Часцей за ўсё няма таксама запасных выхадаў паза зону разбурэння, вентыляцыі. Скажам, у Марыупалі былі выпадкі, калі людзі хаваліся ў падвалах і не маглі выйсці, калі ў будынак трапляла ракета. Яны гінулі ў падвалах ад адсутнасці паветра.

Адным словам, сітуацыя ў грамадзянскай абароне ў Польшчы дрэнная, але ўлады абяцаюць, што будзе лепш. Эксперт раіць жыхарам гарадоў спрабаваць знайсці месца, дзе ў выпадку трывогі можна схавацца пад зямлёй. Трэба схавацца дзе-небудзь, каб пазбегнуць ранення кавалкамі шкла. Асабліва шмат шкляных будынкаў у цэнтрах гарадоў, а калі кавалкі шкла падаюць з вялікай вышыні, яны могуць быць смяротна небяспечнымі.

Першая Пр. ПР/IAR/нг