Беларуская Служба

Галоўнае свята хрысціянскага календара. Беларусы часцяком святкуюць двойчы

30.03.2024 06:02
Сэнс у тым, каб годна сустрэць гэтае свята, ачысціцца, прымірыцца, ачысціць душу ад граху – так кажуць у Беларусі, сустракаючы Вялікдзень.
Аўдыё
  • Галоўнае свята хрысціянскага календара. Беларусы часцяком святкуюць двойчы
.
.NickyPe/pixabay.com/CC0 Public Domain

У нас было два Вялікадня

З усяночных набажэнстваў распачынаецца ў Беларусі галоўнае свята хрысціянскага календара – Вялікдзень. Рыхтаваліся да ўшанавання Божага ўваскрашэння ў цішыні, малітве і посце.

Іерархі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў у велікодных казаннях заклікаюць хрысціянаў быць чулымі да бяздольных, не адварочвацца ад бедных і слабых.

Са спадарыняй Кацярынай сёння згадваем пра тое, як адзначаецца Вялікдзень у Беларусі. Яна жыла з бацькамі ў вёсцы на Магілёўшчыне. Яе мама была праваслаўнай, а тата каталік, а таму ў доме было два Вялікдзеня.

Наводзілі парадкі, пасцілі…

Гэта свята, як кажа суразмоўца, заўсёды чакалі разам з вясной, хоць бацькі не былі моцна набожнымі, у храм хадзілі зрэдку, паколькі мелі шмат працы. Тым не менш, прыгатаванні да Вялікдзеня вяліся асабліва рупліва.

-Была такая, калі можна так сказаць, абавязковая працэдура – да чыстага чацвярга ўся хата павінна была быць вымытай. І вокны, і фіранкі, і набожнікі, і ручнікі, і ўсё пасцельнае на двор выносілі і прасушвалі. І ўжо ў чысты чацвер палілі лазню для сябе.

Акрамя гэтага, дадае спадарыня, абавязкова пасцілі.

-Астатні тыдзень перад святам быў шчыры пост. Мы ўжо нічога не елі ні з малаком ні са смятанаю. От, была бульба, грыбкі, капуста. Такая самая простая ежа. А ў апошні дзень быў толькі аўсяны кісель і хлеб. І нават кладоўку мама замыкала на замок.

Стравы падобныя, але ёсць і асаблівасці

І ў гэтыя дні, паводле суразмоўцы, пачыналіся прыгатаванні самых розных страваў на святочны стол.

-Абавязкова на Вялікдзень варылі халодніцу (студзень). Перад святамі заўсёды калолі свінню і рабілі каўбасы пальцам пханыя, сальсасоны, салілі кумпякі. Ну і ў апошнія дні ў печцы заўсёды пяклі шмат булак.

А вось спадарыня Святлана з Віцебшчыны згадвае, што ў іх сям’і да Вялікдзеня рыхтаваліся за некалькі месяцаў. Маўляў, яшчэ ўзімку калолі парсючка і ўжо разлічвалі якое мяса і як павінна было быць прыгатавана да свята. Ужо з зімы збіралі шалупінне ад цыбулі, якой перад святам будуць фарбаваць яйкі. Дарэчы, перад святамі прыбіралі не толькі ў хаце, але і навокал.

-Выграбалася, вычышчалася ўсё на падворку, абрэзвалася. Таксама ў хлявах, дзе стаяла жывёліна, усё падчышчалася. Кароўкам падкладвалі саломкі свежай, каб ім таксама на свята было добра.

Што датычыць страваў на святочным стале, то паводле суразмоўцы, яны былі падобныя, як і паўсюль у Беларусі, але на Вялікдзень у іх рабілі драчону, якая сустракаецца толькі на Віцебшчыне.

-Гэта сала з мясам смажанае, парэзанае сярэднімі кавалкамі, дадаецца шмат яек, у якія дадаецца трохі масла, мукі і малака. Усё гэта збіваецца і ставіцца ў печку. Гатуецца, а потым, калі вымаеш з печы, яна такая румяная, аж чырвоная, пышная і вельмі-вельмі смачная. І ў нас гэта называлася – драчона.

Яйкі фарбавалі адмыслова

Адмыслова, са слоў спадарыні Кацярыны, у іх фарбавалі яйкі. Не рабілі пісанак, як у іншых рэгіёнах, але сваім спосабам надавалі ім незвычайны выгляд.

-Клалі на яйкі лісткі сухой пятрушкі. Лісцікі адмыслова засушвалі ў кніжках, каб яны былі роўненькія. А яшчэ ў садзе цвілі рамонкі, таксама розных колераў. Іх лісцікі засушваліся, а калі яйкі фарбаваліся, то іх таксама прыкладвалі і заціскалі гумкай. У выніку на яйку адбіваўся ўзор кветачак. Вельмі прыгожа.

А яшчэ суразмоўца згадвае, што перад святамі мама абавязкова шыла ёй новую сукенку.

-Сукенка была абавязкова з кішэнямі. Я хадзіла па вёсцы, як усе дзеці тады хадзілі, і ў кішэнях насіла яйкі. Вось гэта вельмі запомнілася.

Недзе віталі Вялікдзень з першым праменьчыкам, а недзе яшчэ спалі

У сям’і Святланы на Віцебшчыне ўсе павінны былі ўставаць раніцай, да першага сонечнага праменьчыка.

-Калі нехта спаў, то будзілі. Трэба было хрыстосіцца. Адзін аднаму казалі: Хрыстос уваскрэс! А ў адказ чулі: Сапраўды уваскрэс!. І так трэба было зрабіць тры разы.

Потым, паводле спадарыні, сядалі да стала, елі напачатку свянцонае яйка, якое прынеслі з храму, а потым усё, што было за сталом.

А вось на Магілёўшчыне, як згадвае спадарыня Кацярына, на ўсю ноч у храм хадзіла толькі мама і свянціла там яйкі і хлеб. Усе астатнія спалі і нікога да першага праменьчыка не будзілі.

-У нас была такая міска вялікая і мама клала туды яйка свянцонае, налівала вады. І мы ўсе па чарзе ў гэтай вадзе мылі твары. А потым мама ўсіх нас ставіла ў радок і мы маліліся, чыталі «Ойча наш». Пасля гэтага сядалі за стол і снедалі.

Самае цікавае для дзяцей і для дарослых

А потым, усміхаючыся, згадвае суразмоўца, пачыналася самае цікавае для дзяцей. Ішлі па вёсцы і з сваім сябрамі біліся на яйкі. Жанчына кажа, што яе мама фарбавала два кошыкі яек, бо прыходзілі дзеці з усяе вёскі і трэба было ім абавязкова даць фарбаванае яйка. І Кацярына таксама пад вечар прыносіла дахаты поўныя кішэні бітак.

А вось у абед заўсёды былі госці. За сталом сядзелі толькі дарослыя: родныя і блізкія суседзі. І, дарэчы, абавязкова прыносілі прыгатаваныя стравы, яйкі фарбаваныя і кожны прыносіў хлеб і свае пірагі.

-Першую песню спявалі: «Ісус Хрыстос нарадзіўся». А потым розныя: беларускія, расейскія, украінскія. Мой тата добра іграў на гармоніку. Не памятаю, каб на гэтым свяце нехта лішак выпіў і дрэнна захоўваўся. Гэта было сапраўднае вясёлае людскае свята.

І ў эміграцыі я святкую абодва Вялікдзеня

І ў адной і другой спадарыні ўспаміны пра Вялікдзень самыя цёплыя. А спадарыня Кацярына дадае, што і зараз у эміграцыі рыхтуецца да каталіцкага свята. Вялікдзень для яе быў і застаецца святам з усіх святаў.

-Вялікдзень я і зараз буду святкаваць і каталіцкі і праваслаўны, бо ў нас у сям’і так было. Мама мая казала, што людзі ўсе роўныя і трэба паважаць святы адных і другіх. Ужо мяса я засаліла. А яшчэ з Беларусі мне даслалі маю машынку з адмысловай насадкай, каб рабіць каўбасы…

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё

Этнограф Алена Ляшкевіч: Традыцыя валачобніцтва супадае з арэалам рассялення этнічных беларусаў

31.03.2024 10:15
Вялікдзень – вялікае свята ў рэлігійным календары. Пра некаторыя народныя адметнасці яго святкавання сярод каталіцкай супольнасці ў Беларусі мы паразмаўлялі з этнографам Аленай Ляшкевіч.

Рэдакцыйная кухня: гатуем салат з селядцом і яйкам на Вялікдзень (РЭЦЭПТ)

26.03.2024 20:35
Велікодны салат смачны, арыгінальны і рыхтуецца хутка з простых складнікаў.