Палякі часцяком скардзяцца на новаўвядзенні, якія прапануе ім еўрапейская бюракратыя. І бачаць усё больш мінусаў прысутнасці ў Еўрапейскім Саюзе. Аднак ёсць шмат добрых змен у жыцці грамадства, навязаных Еўрасаюзам, якія прэзентуюць клопат пра навакольнае асяроддзе. Часам ён прымае надта радыкальныя формы, як хуткая забарона продажу аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання, а часам вяртае да тых добрых рашэнняў, якія былі калісьці, скажам, у Савецкім Саюзе, дзе існавала сістэма здачы сыравіны. Са студзеня 2025 года ў Польшчы плануюць увесці падобную сістэму дэпазітаў.
Дэпазіт неабходна будзе ўнесці пры пакупцы прадуктаў у пластыкавай, металічнай і шкляной тары. Выключэнне – малочныя прадукты. За аднаразовыя пластыкавыя бутэлькі з-пад напояў ёмістасцю да трох літраў і металічныя бляшанкі ёмістасцю да аднаго літра дэпазіт складзе 50 грошаў (прыкладна 12 цэнтаў ЗША паводле сённяшняга курсу валюты). За шкляныя бутэлькі ў дэпазіт неабходна будзе заплаціць 1 злоты. Каб здаць тару, не будзе патрэбны чэк.
На думку спецыялістаў у галіне перапрацоўкі другаснай сыравіны, дэпазітная сістэма створыць новыя працоўныя месцы ў Польшчы. Спатрэбяцца супрацоўнікі для працы ў лагістычных або перапрацоўчых прадпрыемствах.
Дзякуючы дэпазітнай сістэме польскае грамадства чакае сапраўдная рэвалюцыя ў стаўленні да ўпаковак, - кажа Конрад Навакоўскі (Konrad Nowakowski), старшыня Польскай палаты перапрацоўкі сыравіны. «Бутэлькі трэба будзе збіраць дома, і не сціскаць, а раней можна было іх проста выкінуць у жоўты кантэйнер», — нагадаў эксперт у эфіры Польскага радыё.
- Купляючы напоі ў краме, усе мы будзем уносіць дэпазіт. Гэта будзе 50 грошаў за ўпакоўку са штучнага рэчыва, скажам, пластыкавыя бутэлькі. Выключэнне – малочныя прадукты, але за ўпакоўку з-пад соку ці вады, газіраванай ці не газіраванай, трэба будзе заплаціць гэтыя 50 грошаў. Тое ж самае з бляшанкамі – з алюмінію або сталі. Дэпазіт таксама будзем уносіць за ўпакоўкі шматразовага выкарыстання, часцей за ўсё гэта бутэлькі з-пад нізкаградуснага алкаголю.
Дэпазітная сістэма - гэта барацьба за навакольнае асяроддзе, заснаваная на двух слупах - з аднаго боку, мэта ў змяншэнні колькасці адходаў, а з другога - рацыяналізацыя спосабу іх перапрацоўкі. Акрамя таго, дэпазітная сістэма – гэта чарговы інструмент рэалізацыі мэтаў па ахове навакольнага асяроддзя. Аб чым казала на спецыяльных дэбатах віцэ-міністр клімату і асяроддзя Аніта Савіньска (Anita Sowińska).
- Гміны маюць мэты, якія неабходна дасягнуць. Узровень гэтых мэтаў пастаянна расце. У 2021 годзе неабходна было перапрацаваць 20% сыравіны, сёлета гэта ўжо 45%, а ў будучым годзе будзе 55%. Пастаўленыя задачы ўсё цяжэй будзе рэалізаваць. Калі гміны гэтага не рэалізуюць, яны заплацяць штраф. І таму на самой справе дэпазітная сістэма дапаможа гмінам дасягнуць гэтыя мэты. Я спадзяюся, што гміны ўвядуць у сябе пункты прыёму сыравіны, паколькі гэта дазволіць ім выканаць гэтыя амбітныя задачы.
Паводле падлікаў спецыялістаў, для дасягнення мэтаў збору, у Польшчы неабходна адчыніць прыкладна 45-50 тысяч пунктаў прыёму тары. На думку экспертаў, укараненне дэпазітнай сістэмы ў Польшчы — гэта праблема, якая патрабуе як перастаноўкі падыходу жыхароў, так і стварэння шырокай дэпазітнай сістэмы. Эфектыўнае скарачэнне адходаў і павелічэнне колькасці перапрацоўкі патрабуе прыняцця правіл пашыранай адказнасці вытворцы, каб яны ўключыліся ў працэс змяншэння колькасці ўпаковак. Толькі пасля гэтага можна будзе запусціць дэпазітную сістэму, кажуць спецыялісты камунальнай гаспадаркі і прадстаўнікі мясцовай улады. Яны мяркуюць, што гэта рэальна з 2026 года, а не 2025-га. Гаворыць прадстаўнік Звязу польскіх гарадоў Мацей Келбус (Maciej Kiełbus).
- Яшчэ ёсць час, каб зняць нагу з газу і сказаць: “Добра, давайце паразважаем, ці гэта напэўна ўдасца зрабіць”.
Дэпазітная сістэма ўжо дзейнічае ў скандынаўскіх краінах, а таксама ў Славакіі, Румыніі і Эстоніі. Польшча стане другой па велічыне краінай, пасля Германіі, з гэтай сістэмай. Пакуль што такія вялікія краіны ЕС, як Францыя ці Італія, не рашыліся яе ўвесці. А, скажам, Славакія ўвяла сістэму вельмі хутка, працэс падрыхтоўкі працягваўся толькі сем месяцаў. З моманту запуску сістэмы ў 2022 годзе славакі вярнулі больш за 1,8 мільярда пластыкавых бутэлек і слоікаў, а сярэдні ўзровень збору з моманту запуску сістэмы складае звыш 80-ці адсоткаў.
Калі дагэтуль у Польшчы можна было вяртаць толькі шкляныя бутэлькі, і тое не ўсе, дык цяпер дэпазітная сістэма будзе значна пашырана. А ў дзяцей паявіцца крыніца даходу на кішэнныя выдаткі. Маё пакаленне ў дзяцінстве збірала і здавала шкляную тару, а нашы дзеці ці ўнукі змогуць здаваць не толькі шкляную тару, але таксама пластыкавую ці стальную ўпакоўку.
PAP/IAR/нг