Беларуская Служба

Польская паліцыя шукае спосабы вырашыць «кадравы крызіс»

20.04.2024 12:12
Разглядаецца магчымасць прыцягваць да службы іншаземцаў.
Паліцыя праверае кіроўцу алкатэстарамShutterstock/nikamo

Праводзіцца аналіз магчымасці працаўладкоўваць у польскую паліцыю людзей, якія не маюць польскага грамадзянства, паведамляе тыднёвік WPROST са спасылкай на радыёстанцыю RMF FM.

Гаворка ідзе пра занятасць па дамове на поўную стаўку і працу па часовым кантракце, напрыклад, у якасці кансультанта.

Такім чынам паліцыя імкнецца вырашыць дзве асноўныя задачы. Перш за ўсё, замежнікі маглі б дапамагчы справіцца з «кадравым крызісам», які закранае найбуйнейшае фармаванне сілавікоў у Польшчы. Іншая патрэба звязаная з прытокам грамадзян з розных краін у Польшчу.

У паліцыі патрэбныя супрацоўнікі, якія ведаюць культурную спецыфіку мігрантаў 

У паліцыі патрэбныя супрацоўнікі, якія ведаюць культурную спецыфіку мігрантаў з іншых краін. Таксама іншаземцы ў шэрагах польскай паліцыі маглі б дапамагаць лепш вывучаць асаблівасці злачыннасці сярод мігрантаў.

Варта падкрэсліць, што ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні пакуль не прынята. Не занялі афіцыйнай пазіцыі і прадстаўнікі паліцыі. На цяперашнім этапе праводзіцца аналіз магчымасцей і рашэнняў, прынятых у іншых краінах.

Кадравы дэфіцыт у паліцыі плануюць таксама выправіць з дапамогаю інтэрнэт-курсаў і партала для кандыдатаў.

Стартавалі паліцэйскія онлайн-курсы для пачаткоўцаў і афіцэраў. Інтэрнэт-навучанне тычыцца тэарэтычнай часткі і ніякім чынам не ўплывае на якасць выкладання. Заняткі па тэхніцы і тактыцы дзеянняў паліцыі пройдуць у традыцыйным фармаце.

У бліжэйшыя дні паліцыя таксама запусціць партал для кандыдатаў. Гэта платформа, дзе ў адным месцы будзе сабраны поўны набор інфармацыі для людзей, якія маюць намер уступіць у паліцыю, у тым ліку інфармацыя аб структуры фарміравання, магчымасцях службы ў асобных падраздзяленнях, заробках і сацыяльнага забеспячэння супрацоўнікаў паліцыі.

яс