Беларуская Служба

Якія рысы характару чалавека павышаюць верагоднасць, што ён трапіць у залежнасць ад наркотыкаў?

14.05.2024 21:16
Хто хутчэй трапляе ў залежнасць - мужчыны ці жанчыны? Адказвае тэрапеўт. 
Аўдыё
  • Наркаманія сярод дзяцей і моладзі.
Fot. ilustracyjna
Fot. ilustracyjnashutterstock.com

Ці ёсць людзі, якія лягчэй трапляюць у залежнасць ад наркотыкаў, ці існуюць рысы характару чалавека, з-за якіх ён ахвотней або раней спрабуе наркотыкі? Працяг гутаркі з тэрапеўтам Адамам Ныкам, які кіруе Цэнтрам лячэння і прафілактыкі залежнасці “Монар” у Варшаве.
 
- Тое, што я заўважыў падчас працы з пацыентамі – гэта тое, што часцей трапляюць у залежнасць тыя, хто больш чуллівыя. Такія людзі як правіла цяжэй спраўляюцца са сваімі эмоцыямі, яны глыбей уваходзяць у залежнасць. І такія асобы хутчэй трапляюць у залежнасць. Несумненна, прасцей трапляе ў залежнасць той, каму цяжка навязаць даверлівыя адносіны з іншымі людзьмі. Скажам, бацькі шмат працуюць, не адказваюць на эмацыянальныя патрэбы дзіцяці. Эмацыянальныя патрэбы не менш важныя, чым фізічныя. Прыклад – у дзіцяці канфлікт у школе, нешчаслівае каханне, а мы звяртаем увагу толькі на адзнакі, паколькі вучоба важная, ад яе залежыць будучыня. Тады нашы шляхі могуць разысціся, і акажацца, што наркотыкі даюць дзіцяці тое, чаго ён не атрымлівае ад бацькоў. Я б мог параіць бацькам, каб яны размаўлялі не толькі вучобу – не толькі, якую адзнаку атрымалі, але таксама пра сяброў, калег, што робяць на перапынках і г.д. Трэба размаўляць з дзецьмі таксама пра дробязі, якія для нас менш важныя, але вельмі важныя для дзіцяці.

Свабодны абарот наркотыкамі ў Польшчы забаронены. У такім выпадку, як людзі іх купляюць, а тым больш чаму яны даступныя дзецям? Відаць, і цэны на гэтыя сродкі падаюць, калі іх могуць здабыць нават вельмі маладыя асобы.

- Самыя маладыя пацыенты, якія да нас прыходзяць, гэта падлеткі ва ўзросце 13-14 гадоў. Гэта адказ на ваша пытанне – значыць, у гэтым узросце дзіця можа раздабыць наркотыкі. І яны не каштуюць вельмі шмат. На жаль, доступ да іх ёсць. Калі хтосьці ўвойдзе ў асяроддзе, дзе прысутныя наркотыкі, ён можа спрабаваць іх нават з цікаўнасці. І тады залежнасць можа развіцца ў вельмі маладым узросце.

А хто хутчэй трапляе ў залежнасць – мужчыны ці жанчыны? Кажуць, што алкагольная залежнасць хутчэй развіваецца ў жанчын. Ці ў выпадку наркотыкаў гэта выглядае аднолькава?

- Цяпер я не бачу, каб сярод нашых маладых пацыентаў было значна больш мужчын, чым жанчын. Я доўга працую тэрапеўтам, і калісьці сапраўды было значна больш пацыентаў мужчынскага полу. Цяпер сярод вельмі маладых пацыентаў шмат як хлопцаў, так і дзеўчын. А ці жанчыны хутчэй трапляюць у залежнасць? Цяжка сказаць. На маю думку, жанчынам цяжэй прызнацца ў тым, што наркотыкі сталі для іх праблемай, тое ж самае датычыць і алкаголю. Грамадства хутчэй асуджае жанчыну. Калі мы бачым падвыпіўшага мужчыну, гэта не выклікае вельмі вострай рэакцыі. А калі ідзе п’яная жанчына, людзі яе жорстка асуджаюць.

Як мяняецца свет наркотыкаў? Як гэта выглядае ў параўнанні з тым, што было 30-40 гадоў таму? Раней не было столькі хімічных нейрастымулятараў, але падлеткі-таксікаманы, напрыклад, нюхалі клей.

- Тое, што змянілася - цяпер значна большая гама сродкаў. Я пачынаў працу звыш 30 гадоў таму, тады наркотыкаў было менш. З пачатку 90-ых гадоў у нас назіраецца рэвалюцыя. Заўсёды мы глядзелі на Захад і хацелі жыць так, як там. Меркавалі, што на Захадзе жыць лягчэй, прыемней. І сапраўды, гэта так, аднак мы прымаем з Захаду не толькі пазітыўныя элементы, але і негатыўныя. Гэта большая даступнасць наркотыкаў, большы іх выбар. Праўда, мне здаецца, што менш стала маладых людзей, якія спажываюць так званыя дызайнерскія наркотыкі. Так сталася дзякуючы закону, прынятаму некалькі гадоў таму. Але больш папулярнымі сталі опіўмныя сродкі. Гэта абязбольваючыя прэпараты, якія можна купіць як у аптэках, так і на чорным рынку. Рынак не пустуе, рэагуе на запатрабаванне. А калі ёсць асобы, якія ўжо трапілі ў залежнасць, заўсёды знойдуцца людзі, якія пастараюцца на гэтым зарабіць.

Тэрапеўт залежнасці Адам Нык раіць бацькам будаваць блізкія адносіны з сынам ці дачкой, тады бацькі хутка заўважаць, што ў яго ці ў яе жыцці адбываецца нешта дрэннае. І, незалежна ад таго, як паводзіць сябе дзіця, захаваць з ім кантакт. Нават калі дзіця нешта спрабуе, тады бацькі хутка гэта заўважаць. Магчыма, нават само дзіця прызнаецца, што ў яго была такая спроба. І тады існуе магчымасць хутка адрэагаваць – пайсці да тэрапеўта, знайсці месца, дзе чалавек атрымае дапамогу.

нг